«Светлы анёл» Дар’і Гамза

Важное Культура

image_pdfimage_print

У IV Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка «Мы – дзеці Космасу», які праводзіўся ў Маскве пад эгідай Расійскай акадэміі мастацтваў, вышэйшай узнагароды, Гран-пры, удастоена работа Дар’і Гамза «Светлы анёл».

Такую добрую навіну мы атрымалі напярэдадні Ражджаства. Тэма конкурсу – «Сімфонія Космасу». З дасланых з дзевяці краін свету некалькіх тысяч работ журы адабрала пяцьдзясят дзевяць. І ў лік фіналістаў увайшлі чатырнаццаць нашых студыйцаў!

Дар’я зноў пацвердзіла, што вельмі таленавітая дзяўчына. Яе работам уласціва своеасаблівая тэхніка выканання: яна піша мастыхінам, выкарыстоўвае авангардны напрамак у жывапісе – кубафутурызм. Займаецца маляваннем з пяці гадоў. Даволі актыўная, пастаянна дапамагае ў арганізацыі розных мерапрыемстваў, якія праводзім. Мы ганарымся дасягненнямі нашай вучаніцы: кожны год яна становіцца пераможцай і лаўрэатам прэстыжных міжнародных конкурсаў. Аргкамітэт пажадаў Дар’і, каб гэтае дасягненне стала своеасаблівай пуцяводнай зоркай на яе далейшым творчым шляху. Варта дадаць, што ў сераду Дар’я адзначыла свой дзень нараджэння. І перамога стала для яе самым прыемным падарункам.

Дыпломамі другой і трэцяй ступеняў узнагароджана Мілана Каласоўская за работы «Анёл Натхнення» і «Вясёлкавая песенька». Дыпломы другой ступені прысуджаны Авігеі Сергіевіч за работу «Я іграю на гармоніку» і Кацярыне Ігнацюк «Саната для сузор’я».

Заахвочвальныя  дыпломы атрымаюць Дар’я Гамза («Мелодыя душы»), Софія Грыгаровіч («Мая зорачка»), Арына Гушч («Танец на касмічнай жырафе»), Марына Клімовіч («Элегія»), Валерыя Маліноўская («Музыка анёлаў»), Руфіна Сергіевіч («Звіняць цымбалы»), Мілана Ус («Планета Скрыпічнага Ключа»).

Юныя мастачкі, чые работы прайшлі ў фінал, таксама будуць узнагароджаны дыпломамі. Гэта Альбіна Клімовіч, Ганна Турчыновіч, Дзіяна Нічыпарэнка, Аліна Паўлоўская і Дар’я Гамза (прадставіла на конкурс некалькі работ).

Як адзначыла член Расійскай акадэміі мастацтваў, пасол добрай волі Юнеска Аляксандра Ачырава, конкурс незвычайны тым, што з’яўляецца вялікім стымулам для саміх дзяцей.  Практычна ў кожным малюнку прысутнічае чалавек як частка космасу. Вельмі добра, што ёсць дзеці, якія думаюць глабальна, і гэта залог упэўненасці ў тым, што наша цывілізацыя працягне існаваць і ў цэнтры будзе чалавек з яго думкамі і разуменнем свету, у якім мы жывём.

Святлана КАЛКОЎСКАЯ,

настаўніца мастацкага аддзялення

Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *