Няма прайграўшых там, дзе жыве турысцкі дух

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

Турзлётстаўбцоўскай мо-ладзі на паляне ва ўрочышчы «Бервянец»  арганізаваны  сёмы раз пад эгідай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама раённага камітэта БРСМ, ужо пераўтварыўся ў моцную традыцыю, стаў маладзёжным стылем і, адначасова, яркім фінішам адыходзячага лета. Свой уклад у сёлетнюю  «вясёлку» турысцка-спартыўнага свята ўнеслі дзевяць камандаў. Сярод іх – энергетыкі, медыкі, маторнікі, бытавікі, газавікі, перапрацоўшчыкі, камунальнікі, будаўнікі… Кожная  каманда адрознівалася як арыгінальнай назвай (напрыклад, «Дзеці святла» – у моладзі Стаўбцоўскіх электрасетак, «Мотарлэнд» – філіяла холдынгу «Мінскі маторны завод у г. Стоўбцы, «ПарадОКСа» – аб’яднання камунальных службаў, «Сектар газу» – райгаза, «Для друзей»– філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», які пачаў выпуск прадукцыі з падобнай гандлёвай маркай, і інш.), так і стракатымі адценнямі сваёй спартыўнай формы.

Сярод лясной зеляніны, дзе былі абсталяваны этапы турысцкай паласы,  мільгалі жоўтыя, аранжавыя, чырвоныя, беласнежныя майкі членаў камандаў. Сёлета, дарэчы, удзельнікі выйшлі на старт і ў двух новых відах спаборніцтваў –  у фігурным ваджэнні веласіпеда і скачках на скакалцы. Пад трэск распаленых вогнішчаў другая частка членаў камандаў шчыравала над добраўпарадкаваннем сваіх турысцкіх сядзібаў. Настрой ва ўсіх быў багаты на эмоцыі, жартаўлівы, непераможны. Спрыяла яму і аптымальнае надвор’е – пасля нядаўняй спякоты было не горача і не холадна, а нечаканы дожджык толькі пацешыў удзельнікаў злёту.                   

Прывітаць моладзь на беразе Нёмана прыехаў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.  У сваім выступленні старшыня падкрэсліў, што турзлёт – гэта здорава, гэта акурат тое, што аб’ядноўвае і што варта ўвагі, што помніцца кожнаму з нас з дзяцінства і юнацтва. Таму прагучала і слушнае пажаданне арганізатарам на год наступны –  каб турыстычны злёт працоўнай моладзі Стаўбцоўшчыны стаў яшчэ больш папулярным, масавым. Сапраўды, колькасць яго патэнцыйных удзельнікаў, мяркуючы па спісе прадпрыемстваў, можа вырасці як мінімум у паўтара раза. Юрый Горлаў, прыняўшы даклад галоўнага суддзі спаборніцтваў Мікалая Мазура, даў VII раённаму турзлёту «зялёнае святло». Пад гукі Дзяржаўнага гімна ўзнімаецца сцяг злёту – гэтае ганаровае права заслужылі члены каманды філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, сярэбранага прызёра мінулагодняга турзлёту. Са сцэны прагучаў і адмысловы гімн турзлёту – «Нёман», які выканаў Дзмітрый Клочка.

Два дні, праведзеныя з  калегамі і новымі знаёмымі на ўлонні Нёмана, ва ўсеагульным паходным парыве, у цесным сяброўскім коле, дапамаглі адчуць сябе часцінкай каманды, яскрава праявіць свае здольнасці, пра якія, магчыма, калегі і не здагадваліся, ды проста выдатна адпачыць. Некаторых членаў камандаў прыехалі падтрымаць маральна іх блізкія, і літаральна ўсе каманды не пакінула без апекі кіраўніцтва прадпрыемстваў. А намеснік дырэктара Стаўбцоўскіх электрасетак Віктар Крупа і кіраўнік службы райгаза Іван Хамічонак, абодва – дасведчаныя ў спорце, розных конкурсах прафесійнага майстэрства, людзі, фактычна і знаходзіліся ў складзе сваіх камандаў. Невыпадкова, што каманда электрасетак «Дзеці святла», натхнёная падобным клопатам, па выніках пераважнай большасці этапаў спаборніцтваў (на турпаласе, у афармленні сядзібы турыстаў, фігурным ваджэнні веласіпеда, валейболе) паказала найлепшыя вынікі.

Фінішавалі энергетыкі вельмі дастойна – абсалютнымі пераможцамі VII раённага турзлёту-2014. Другое і трэцяе месцы (адпаведна) – у камандаў цэнтральнай раённай бальніцы і філіяла холдынгу «Мінскі маторны завод». Медыкі пакарылі судзейскую калегію і балельшчыкаў сваёй дасканалай, па-медыцынску выверанай стратэгіяй дзеянняў і зладжаным камандным духам. Маторнікі  на працягу ўсяго злёту трымалі свой фірменны, стабільна высокі, узровень. Каманда райгаза «Сектар газу» аказалася самай моцнай у дартсе. Камандзе раённага камбіната бытавога абслугоўвання не было роўных у турысцкай песні.

У асабістым першынстве вызначыліся: Алена Трыкола (Стаўбцоўскія электрасеткі, фігурнае ваджэнне веласіпеда), Алена Ілюшына (райгаз, дартс), Дзмітрый Бургун (філіял холдынгу «Мінскі маторны завод», дартс), Дзмітрый Панамароў (цэнтральная раённая бальніца, скачкі на скакалцы), Таццяна Бурновіч (філіял Гарадзейскага цукровага камбіната, скачкі на скакалцы).

Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Віслаўская, каманды-пераможцы, а таксама пераможцы ў кожным  відзе спаборніцтваў, у асабістым першынстве былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі –  турысцкім рыштункам.

У тым, што злёт прайшоў паспяхова, арганізатары бачаць вынік напружанай і граматнай работы судзейскай калегіі ў складзе настаўнікаў фізкультуры школ раёна – Мікалая Мазура, Анатоля Галаўко, Юрыя Кручка, Мікалая Кухарчыка, а таксама Генадзя Шкварчанкі і Аляксандра Грыба. Дзякуй кіраўніцтву турбазы, якое пайшло насустрач і, нягледзячы на вялікі попыт на паляну ў Бервянцы сярод турыстаў з усёй нашай рэспублікі, прадаставіла яе ўдзельнікам  раённага маладзёжнага турзлёту, прычым на бясплатнай аснове. У арганізацыі злёту аказалі дапамогу кіраўнікі райаграпрамэнерга і ПМК-233 – Віктар Качановіч і Яўген Корсак.      

Пазыўныя раённага ма-ладзёжнага турзлёту не змаўкаюць – яны звіняць у сэрцах, каб паўтарыцца і на год наступны.      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

На здымках: удзельнікаў злёту вітае кіраўнік раёна; энергетыкі – каманда-пераможца; палатка ад маторнікаў; спрабуе сваю меткасць каманда ПМК-233; на этапе «Перанос пацярпелага» –  перапрацоўшчыкі філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната; пераадольваюць перашкоду газавікі; на турысцкай сядзібе – «племя» маторнікаў; мосцяць «гаць» камунальнікі.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *