Маладзёжнае кафэ прываблівае мегабургерам

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

Напрыканцы 2020 года ў Стоўбцах (вуліца Ленінская, 85) адкрыўся аб’ект хуткага харчавання TASTYBURGER, які ў першую чаргу прывабіў да сябе моладзь. Наведвальнікам падабаецца як асартымент, так і сучасны дызайн, якія ў сваёй сукупнасці даюць магчымасць для камфортнага і зручнага адпачынку.

Арыгінальны дызайн маладзёжнага кафэ ствараюць і яркія вітрыны

Сярод тых, хто першым прадэгуставаў меню новага аб’екта, была і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч.

– Аб’екта такога фармату ў нашым горадзе не было, ён надзвычай запатрабаваны, – падкрэслівае Ірына Пашкевіч і выказвае ўдзячнасць Стаўбцоўскаму філіялу Мінскага абласнога спажывецкага таварыства, які адгукнуўся на ініцыятыву раённага выканаўчага камітэта і стварыў аб’ект на сапраўды дастойным, не горшым, чым у сталіцы, узроўні. «Нельга не ганарыцца такім аб’ектам», – выказвае задаволенасць Ірына Баніфацыеўна.

Асаблівасць стаўбцоўскай бургернай у тым, што акрамя традыцыйнага фастфуду, напіткаў, марожанага тут шырока прадстаўлена кандытарская прадукцыя – пірожныя, торты і інш. Фактычна ўся прадукцыя – вытворчасці Стаўбцоўскага філіяла Мінскага абласнога спажывецкага таварыства.

У студзені – тэставы рэжым

Дырэктар Стаўбцоўскага філіяла Мінскага абласнога спажывецкага таварыства Андрэй Халюта адзначае, што на працягу студзеня бургерная працуе ў тэставым рэжыме.

Аб планах Стаўбцоўскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства расказвае Андрэй Халюта

– Вывучаем попыт, дапрацоўваем некаторыя пытанні ў плане тэхналагічнага абсталявання. У найбліжэйшы час плануем аснасціць кафэ камп’ютарнай сістэмай, якая забяспечыць электронную чаргу і іншыя сучасныя падыходы ў абслугоўванні наведвальнікаў, – звяртае ўвагу Андрэй Халюта.

– Андрэй Аляксандравіч, першыя тыдні работы бургернай паказалі, што аб’ект такога фармату запатрабаваны не толькі моладдзю. З ахвотай прыходзяць сюды маладыя сем’і з дзецьмі. Для іх тут ёсць дзіцячы куток. Якія яшчэ «фішкі» прапануеце наведвальнікам?

– Прадугледжаны бясплатны Wi-Fi. Пры першым наведванні дастаткова ўвесці код, а потым ён будзе далучаць вас да сеткі аўтаматычна. На маю думку, у гэтым кафэ цікава сустрэцца сябрам, аднакласнікам, каб адзначыць любое свята. З часам эпідэміялагічная абстаноўка стабілізуецца і наведвальнікі выкарыстаюць такую магчымасць.

– На колькі чалавек разлічана бургерная?

– Аб’ект не нацэлены на вялікую колькасць людзей (у ім 35 пасадачных месцаў), але, як бачыце, уладкавацца тут можна не толькі за столікамі. Прыдатная любая кропка, дзе вам зручна. Кожны столік уяўляе сабой асобную зону, камфортную для наведвальнікаў. Для дзяцей падабраны нізкія крэслы, ёсць дошка з крэйдай. Прапануем ім «Комбаkids» з цацкай.

У калектыве кафэ-бургернай працуе пераважна моладзь

Прыгатаванне страў ажыццяўляецца непасрэдна на вачах заказчыка. Ужываць іх можна і па-за сценамі кафэ. Выкарыстоўваем экалагічную папяровую ўпакоўку. У летні перыяд плануем устанавіць парасоны на вуліцы.

– Аб’ект адкрывае для вас перспектыву?

– Так, спадзяёмся, што маладзёжнае кафэ стане своеасаблівай кропкай прыцягнення. З яго панарамных вокнаў адкрываецца жыццё горада, від на касцёл. Са старшынёй райвыканкама мы ўжо вялі размову, каб арганізаваць побач з кафэ аўтастаянку.

У 2021 годзе плануем надаць сучасны выгляд «Мясной лаўцы», якая пераехала і працуе ў фармаце «гастралаўкі». У перспектыве ўдыхнём другое жыццё ў бар «Дыяген».

Цэны даступныя, Wi-Fi – бясплатны

– Задумка з маладзёжным кафэ ўвасобілася, рэалізаваліся ўсе рашэнні, якія круціліся ў маёй галаве, – зазначае начальнік аддзела грамадскага харчавання Стаўбцоўскага філіяла Мінскага абласнога спажывецкага таварыства Жанна Галаўко. Яе яшчэ называюць архітэктарам гэтага праекта.

Начальніка аддзела грамадскага харчавання Жанну Галаўко называюць архітэктарам маладзёжнага кафэ ў Стоўбцах

– Жанна Юр’еўна, кафэ атрымалася ўтульнае, у якое, адчуваецца, вы ўклалі не толькі свой вопыт, але і душу. Наколькі даступнае яно для моладзі? У яе ж, як правіла, даходы невялікія.

– Цэны даступныя, ды і на вялікі прыбытак мы не разлічваем. Прапануем шмат страў, бясплатны Wi-Fi. Дакупім яшчэ пластыкавыя дзіцячыя стульчыкі для кармлення самых маленькіх наведвальнікаў.

– Які калектыў працуе ў кафэ?

– Працуюць два бармены і два повары, тэхработнік, пры неабходнасці будзем павялічваць штат. Стараліся падабраць маладзёжны калектыў. Усе зацікаўлены ў паспяховай рабоце кафэ. Новае абсталяванне. Графік работы – з 10 раніцы да 10 вечара. Раніцай, як правіла, да нас ідуць дзеці, бліжэй да вечара – моладзь.

– Фірменная страва вашага кафэ?

–  Гэта мегабургер вагой 1,2 кг, які складаецца з шасці відаў бургера, у сярэдзіне яго – бульба фры. Разлічаны на сям’ю або кампанію, ён дасць магчымасць кожнаму выбраць свой варыянт. Спадзяюся, што ўвесь асартымент кафэ будзе карыстацца попытам.

Брэнд TASTYBURGER распрацаваны Белкаапсаюзам для ведамасных аб’ектаў хуткага харчавання. Сёння на Міншчыне адкрыты тры такія аб’екты – у Мінскім раёне, Дзяржынску і Стоўбцах.

Пры аднолькавых тэхналагічных і лагістычных падыходах аб’ект у Стоўбцах адрозніваецца большай колькасцю пасадачных месцаў і арыгінальным інтэр’ерам. У яго стварэнні выкарыстаны метал, натуральныя камень і дрэва.

Уся інжынерна-тэхнічная інфраструктура бургернай створана з прыцягненнем мясцовых прадпрыемстваў: Стаўбцоўскай ПМК, райаграпрамэнерга, ПМК-233. Удзел у аздабленні прынялі і тутэйшыя ўмельцы. Усе стараліся, каб аб’ект атрымаўся дастойным падарункам для жыхароў горада.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *