Для падтрымання законнасці і правапарадку

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

Які стан падтрымання законнасці і правапарадку ў раёне? На гэтае пытанне адказвае пракурор Стаўбцоўскага раёна Сяргей Валер’евіч ГРЫЦУК.

У першым паўгоддзі 2014 года пракуратурай рэалізаваны комплекс наглядных і правапрымальных мер, накіраваных на замацаванне станоўчых тэндэнцый у паляпшэнні крымінагеннай сітуацыі, стану законнасці і правапарадку, павышэнні ўзроўню прафілактычнай дзейнасці. Сведчаннем таму з’яўляецца скарачэнне агульнай колькасці злачынстваў, зарэгістраваных у першым паўгоддзі ў параўнанні з аналагічным перыядам летась – на 2,5 працэнта (з 238 да 232). З 16 да 6 скарацілася колькасць цяжкіх злачынстваў, з 87 да 71 – у стане алкагольнага ап’янення, са 130 да 121 – асобамі, якія маюць судзімасць. Крыху знізілася раскрывальнасць злачынстваў – 62,5 працэнта (у 2013 г. – 66,1 працэнта).

– Вядома, добра калі ёсць працэнтнае зніжэнне, але ж неабходна як мага больш поўнае выкараненне негатыўных з’яў. Якія пытанні тут асабліва непакояць?

–  Па-ранейшаму асноўнай доляй зарэгістраваных злачынстваў з’яўляюцца крадзяжы маёмасці, колькасць якіх за паўгоддзе склала 89. Найбольшая колькасць крадзяжоў маёмасці ўчынена на тэрыторыі горада Стоўбцы –  31, Шашкоўскага сельсавета – 15, Рубяжэвіцкага – 8, Старасвержанскага і Мікалаеўшчынскага –  па чатыры.

Кожны трэці крадзеж учынены з жылля грамадзян. У сёлетнім годзе здарылася 23 такія злачынствы. У немалой ступені ўчыненню крадзяжоў з жылля садзейнічае тое, што ахоўнымі сістэмамі абсталявана невялікая колькасць памяшканняў. Так, 36 крадзяжоў, ці 42,4 працэнта, учынена шляхам свабоднага доступу, 17 – пры ўздзеянні на запорныя прыстасаванні, у 19  выпадках зладзеі залазілі праз акно.

Асноўнай крымінагеннай умовай крадзяжоў таксама з’яўляецца недастатковасць прынятых кіраўнікамі суб’ектаў гаспадарання ўсіх формаў уласнасці мер па ўліку, зберажэнні, ахове маёмасці, своечасовым і аператыўным спыненні, папярэджанні фактаў безгаспадарчасці. Сёлета зарэгістравана чатыры выпадкі крадзяжоў маёмасці суб’ектаў гаспадарання.

У першым паўгоддзі 2014 года адзначана 12 злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Столькі ж учынена і злачынстваў карупцыйнай накіраванасці.

Вялікае зло – распаўсюджанне, ужыванне наркотыкаў. Толькі сёлета з незаконнага абароту выключана 0,52 г  каноплі, 0,005 г марыхуаны, 24,4 г  гераіну, 12,1 г метадону, 22,05 г  іншых псіхатропных рэчываў.

Нягледзячы на меры, што прымаюцца, арганізацыя работы ў даным накірунку не адпавядае аператыўнай абстаноўцы. Мерапрыемствы РАУС недастаткова эфектыўныя з-за адсутнасці дзейснай сістэмы выяўлення і ўліку асоб, схільных да ўжывання наркотыкаў.

–       Значыць, неабходна больш дзейсная сістэма мер прафілактыкі?

– Безумоўна. Спыняюся на самым важным пытанні — аб выкананні заканадаўства па барацьбе са злачынствамі супраць жыцця і здароўя грамадзян. Так, сёлета ў Стаўбцоўскім раёне ўчынены два забойствы і чатыры наўмысныя прычыненні  цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у тым ліку два з іх выклікалі смерць. Арганізацыйна-практычныя меры па папярэджанні злачынстваў мясцовымі органамі ўлады і РАУС забяспечваюць неабходны ўзровень уплыву на сітуацыю. Аднак мерапрыемствы, якія праводзяцца, не носяць сістэмнага і папераджальнага характару, адсутнічае   дакладная сістэма абмену інфармацыяй па гэтым пытанні. Пры даследаванні крымінальных спраў не заўсёды ўскрываюцца прычыны і ўмовы, што спрыяюць учыненню злачынстваў.

Учыненне вялікай колькасці злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення сведчыць аб актуальнасці вырашэння праблемы алкагалізацыі насельніцтва. Недахопы ў правядзенні прафілактычнай работы аказваюць свой негатыўны ўплыў і ў некаторай ступені садзейнічаюць учыненню злачынстваў супраць грамадскага парадку і маральнасці.

У першым паўгоддзі 2014 года на прадпрыемствах раёна адбылося 11 няшчасных выпадкаў, у тым ліку адзін са смяротным  і тры – з цяжкім зыходам. З мэтай прафілактыкі вытворчага траўматызму пракуратурай раёна сёлета праведзены праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства па ахове працы ў РУП «Стаўбцоўскае АКС» і на філіяле «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат». Па выніках даных праверак унесены два прадстаўленні, шэсць службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Праведзены тры маніторынгі па пытаннях аховы працы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу. Парушэнні заканадаўства выяўлены ў ААТ «Аталезь-агра», «Дзераўное», «Радзіма Якуба  Коласа», «Радзіма Дзяржынскага», «Рубяжэвічы», «Рочавічы». Кіраўнікам указаных гаспадарак унесена сем прадстаўленняў і чатыры прадпісанні, 19 работнікаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

За першае паўгоддзе 2014 года на тэрыторыі раёна адбылося 25 пажараў, у выніку якіх загінула шэсць чалавек. Асноўнымі прычынамі загаранняў сталі парушэнні правілаў бяспекі пры эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, кароткія замыканні. З мэтай папярэджання пажараў і гібелі на іх людзей пракуратурай праведзена пяць праверак захавання заканадаўства па пажарнай бяспецы. Па іх выніках унесена шэсць прадстаўленняў і вынесена пяць прадпісанняў. Па разглядзе актаў пракурорскага рэагавання шэсць асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 14 – да матэрыяльнай, памер кампенсаваных страт склаў 4 500 тысяч рублёў, па даручэнні пракурора тры службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Пракуратурай праведзены праверкі выканання заканадаўства бяспекі дарожнага руху  ў РУП «Стаўбцоўскае АКС» і ў ДРБУ № 135. На пастаяннай аснове аналізуецца інфармацыя ДАІ аб фактах кіравання вадзіцелямі транспартных сродкаў у стане алкагольнага ап’янення, парушальнікі афіцыйна папярэджваюцца аб крымінальнай адказнасці.

Актывізацыя прафілактычнай работы дазволіла зменшыць колькасць парушэнняў заканадаўства ў сферах аховы грамадскага парадку і бяспекі жыццядзейнасці, землекарыстання і сацыяльнай абароны насельніцтва. Праведзены значны аб’ём работы па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.

–       Пракуратура выконвае наглядныя функцыі дзейнасці праваахоўных структур.

–       Так, у гэтым плане актуальным застаецца пытанне якасці вырашэння супрацоўнікамі РАУС заяў і паведамленняў аб злачынствах. У бягучым годзе  па прычыне непаўнаты праведзеных супрацоўнікамі райаддзела міліцыі праверак пракуратурай раёна адменена 81 пастанова. У выніку дадатковых праверак па 13 матэрыялах узбуджаны крымінальныя справы.

Пры ажыццяўленні нагляду за выкананнем закона наконт вытворчасці папярэдняга следства адзначаецца тэндэнцыя большай удзельнай вагі спыненых спраў, колькасці спраў з парушэннем тэрміну разгляду. У той жа час палепшылася работа па кампенсацыі страт, прычыненых злачынствамі.

Па выніках вывучэння законнасці прынятых пракуратурай раёна рашэнняў адменена 19 пастаноў аб прыпыненні і шэсць – аб спыненні папярэдняга расследавання. Часам тэрміны расследавання падаўжаюцца, а некаторыя крымінальныя справы прыпыняюцца з мэтай укрыцця валакіты, што з’яўляецца вынікам неналежнага ведамаснага кантролю, бессістэмнасці ў рабоце па папярэджванні парушэнняў закона. З улікам патрабаванняў кіраўніка дзяржавы аб больш жорсткім пракурорскім наглядзе за якасцю папярэдняга следства належыць удзяляць асаблівую ўвагу выяўленню і ўхіленню ўказаных парушэнняў пры накіраванні крымінальных спраў у суд.

Па выніках праверак выканання заканадаўства і законнасці прававых актаў пракуратурай унесена 27 прадстаўленняў, вынесена 30 прадпісанняў, прынесены 21 пратэст, 35 асоб афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Па патрабаванні пракурора 31 асоба прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці, 14 – да адміністрацыйнай, 69 асоб, сярод якіх чатыры юрыдычныя, прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці.

Належыць і далей актыўна выкарыстоўваць грамадзянска-прававыя меры барацьбы з парушэннямі заканадаўства, паляпшаць аналітычную работу, аператыўна рэагаваць на негатыўныя тэндэнцыі і планаваць мерапрыемствы, накіраваныя на супрацьдзеянне злачыннасці і правапарушэнняў, абарону жыцця і здароўя грамадзян, іх правоў і законных інтарэсаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *