Каб не здарылася бяды

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

ПАСЛЯ ПРАВЕРКІ: ЗНОЎ ДАПУСКАЮЦЦА ПАРУШЭННІ

Інспекцыяй нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праведзены  праверкі супрацьпажарнага стану на вытворчых, гандлёвых  і сельскагаспадарчых аб’ектах раёна.

У ААТ «Радзіма Дзяржынскага» большасць раней выяўленых парушэнняў, якія неабходна было выправіць, згодна з выдадзенымі прадпісаннямі, не ўхіляюцца. І нават тыя, якія не патрабуюць значных фінансавых укладанняў. Падчас праверкі зноў выяўлены шэраг парушэнняў рэжымнага характару. Гэта адсутнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння, устаноўка ацяпляльных прыбораў не адпавядае правілам пажарнай бяспекі, персанал не абучаны. Не лепшым чынам ідуць справы і на СТАА «АИС-Бихест», дзе большасць пунктаў прадпісання таксама не выкананы. На тэрыторыі дрэваапрацоўчага прадпрыемства дапускаецца спальванне гаручых адходаў. Тэхналагічнае абсталяванне і камунікацыі не ачышчаюцца ад пылу. Вышэйназваныя вытворчыя аб’екты ацэнены як «не адпавядаючыя патрабаванням». Іх кіраўнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Падчас кантрольнай праверкі ў ААТ «Агранёманскі» выяўлена, што тут не ўдзяляецца належная ўвага прытрымліванню пажарнай бяспекі пры закладцы і захаванні грубых кармоў, уборцы, перапрацоўцы і захоўванні збожжа. А іменна, не вытрымліваецца адлегласць паміж сціртамі грубых кармоў, супрацьпажарныя разрывы захламлены. Выхлапныя трубы рухавікоў трактароў, аўтамашын і збожжаўборачных камбайнаў не абсталяваны спраўнымі іскрагасільнікамі. Забаронена эксплуатацыя на МТФ «Слабодка», «Ператокі», «Дразды», «Стары Свержань» і «Цвіркі»  злучэнняў электраправадоў, выкананых пры дапамозе скрутак, а на апошняй –  і эксплуатацыя адкрытых размеркавальных каробак. Абагравальнік у бытавым памяшканні млына ў Залужжы не мае неабходнай ступені абароны для эксплуатацыі ў памяшканнях данага тыпу.

Такая ж праверка была праведзена ў ААТ «Вішнявецкі-агра». Тут не выконваюцца прадпісанні органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду. Адказы аб іх выкананні пішуцца фармальна, і некаторыя выяўленыя парушэнні застаюцца нявыкананымі і да цяперашняга часу. Парушаецца супрацьпажарны рэжым, дапускаецца курэнне па-за абсталяванымі месцамі, не распрацаваны планы эвакуацыі і расстаноўкі тэхнікі ў гаражах, майстэрнях. У аператарнай збожжасушыльнага комплексу прымяняўся самаробны падаўжальнік з няспраўнай штэпсельнай вілкай. Варта адзначыць, што 4 ліпеня ў гаспадарцы здарыўся пажар, у выніку якога пашкоджаны франтальны пагрузчык. А 31 ліпеня, з-за невыканання патрабаванняў рашэння мясцовага органа ўлады – не было праведзена побач з ляснымі масівамі і аўтадарогамі абворванне палёў, на якіх вядзецца жніво, – адбылося загаранне ляснога масіву на плошчы 0,5 гектара.

Праверкай устаноўлена, што ўсе супрацьпажарныя мерапрыемствы выконваюцца толькі на ТАА «Вытворча-гандлёвая кампанія «САНАКОМ».

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

ВАЖНА ЗАХАВАЦЬ УРАДЖАЙ

Звяртаем увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый на неабходнасць прытрымлівання правілаў пажарнай бяспекі. Сёння гэтая праблема асабліва важная для працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці. Неабходна не толькі своечасова сабраць ураджай, а і здолець яго захаваць. У Вілейскім раёне напрыканцы ліпеня адбыўся пажар на збожжасушыльным комплексе, дзе пашкоджана восем тон ячменю. Прычына загарання – кароткае замыканне праводкі. У гаспадарках Брэсцкай вобласці зарэгістраваны пажары ў сенасховішчах – агнём знішчана 90 тон сена. У Гродзенскай – на корані згарэў гектар ячменю. У Слуцкім і Любанскім раёнах адбылося загаранне жывёлагадоўчых памяшканняў на малочнатаварных фермах. Папярэднія прычыны пажараў – парушэнні правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прыстасаванняў.

У сувязі з вышэйсказаным, звяртаем увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў на неабходнасць утрымання ў спраўным стане цеплагенерыруючых агрэгатаў. Нагадваем: да эксплуатацыі ў будынках (збудаваннях) дапускаюцца цеплагенерыруючыя апараты (уключаючы печы) і ацяпляльныя прыборы толькі прамысловай (завадской) вытворчасці (за выключэннем печаў са штучных матэрыялаў). Да абслугоўвання і эксплуатацыі цеплагенерыруючых апаратаў і кацельных установак дапускаюцца асобы, якія прайшлі падрыхтоўку па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму, супрацьпажарны інструктаж і маюць пасведчанне аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду на права работы на даных марках абсталявання. Перад пачаткам ацяпляльнага сезона  кацельныя ўстаноўкі, цеплагенерыруючыя апараты і ацяпляльныя прыборы павінны быць правераны і адрамантаваны. Не дапускаецца эксплуатацыя нецеплаёмістых печаў: усіх тыпаў – у інтэрнатах, гаражах і памяшканнях аховы гаражоў і адкрытых стаянак; на вадкім паліве – у жылых будынках.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *