Напярэдадні прафесійнага свята выратавальнікаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Герасіменка выказаў удзячнасць за службу і перадаў самыя цёплыя віншаванні калектыву райаддзела, ветэранам пажарнай службы і членам іх сем’яў.
Карыстаючыся магчымасцю, мы папрасілі пазнаёміць з напрамкамі і перспектывамі развіцця службы выратавання раёна ў 2021 годзе.
– Першачарговая задача нашых падраздзяленняў – мінімізацыя наступстваў надзвычайных сітуацый і выратаванне жыццяў людзей, і гэта патрабуе ад нас удасканалення тэхнічнага парку і далейшага навучання работнікаў аказанню шматвектарнай дапамогі, – зазначае Андрэй Герасіменка. – Пад шматвектарнай дапамогай маецца на ўвазе не толькі тушэнне пажараў у жылым фондзе, але і ліквідацыя загаранняў у лясах і на тарфяніках, прамысловы альпінізм, выратаванне на водах, пры падзенні і інш.
Вялікая ўвага нададзена рабоце з падрастаючым пакаленнем. Праз клубы юных выратавальнікаў-пажарных, якія ёсць у кожнай школе раёна і якія папаўняюцца новымі членамі, будзем прыцягваць моладзь да здаровага ладу жыцця, прывіваць ёй культуру бяспечнай жыццядзейнасці. На гэта нацэлена і работа міні-цэнтра бяспекі, адкрытага на базе РАНС у 2020 годзе. Навучанне тут праходзяць як школьнікі, так і кіраўнікі, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
У рамках падрыхтоўкі да абласных дажынак, якія пройдуць у Стоўбцах у 2022 годзе, вядзецца мадэрнізацыя будынкаў нашых падраздзяленняў. У Дзераўной і Любкаўшчыне гэтыя работы будуць завершаны ў бягучым годзе.
Варта адзначыць эфектыўную работу інспекцыі па прафілактыцы пажараў на аб’ектах і ў жылым фондзе раёна, што дазволіла знізіць колькасць пажараў. У плане папярэджвання гібелі людзей мы бачым рэзервы, якія крыюцца ў арганізацыі работы ў працоўных калектывах, па месцы жыхарства і да т. п. Яе галоўны пасыл – выкананне грамадзянамі тэхнікі бяспекі ў быце, а менавіта пры правядзенні рознага віду работ.
Што тычыцца прафілактыкі пажараў, добра спрацавалі летась аглядавыя камісіі, якія забяспечылі шырокі ахоп насельніцтва. Членамі гэтых камісій былі наведаны ўсе адзінокія састарэлыя, інваліды і інш.
Калектыў РАНС абнаўляецца маладымі людзьмі, якія па стане свайго здароўя могуць выконваць абавязкі выратавальніка. У кожнага ёсць магчымасць развівацца не толькі прафесійна, але і фізічна, маральна. Выратавальнікам гарантуюцца поўнае дзяржаўнае забеспячэнне, ільготная пенсія, медыцынскае абслугоўванне ў ведамаснай паліклініцы, якое, дарэчы, распаўсюджваецца і на членаў сям’і.
Прафарыентацыйная работа праводзіцца сярод выпускнікоў школ раёна. У 2020 годзе ў профільныя ВНУ паступілі два чалавекі. Сёлета прыйдзе на работу ў райаддзел выпускнік Універсітэта грамадзянскай абароны. Сярод тых, хто жадае стаць выратавальнікам, праводзіцца прафесійны адбор, але яго не трэба баяцца і варта ўжо цяпер звяртацца ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара