«Усе адзін за аднаго». Як працуе пажарны аварыйна-выратавальны пост

Главное Пожарная безопасность

image_pdfimage_print

Прыкладна два гады таму ўзначаліў пажарны аварыйна-выратавальны пост № 15 у Любкаўшчыне вопытны пажарны Максім Шакаль. Яго гаспадарлівасць дазволіла за кароткі перыяд значна ўмацаваць матэрыяльную базу паста, правесці разам са сваімі калегамі неабходныя рамонты.  Нездарма Максім Вячаслававіч адзначаны медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені.

У калектыве падабраліся людзі адказныя, якія валодаюць некалькімі сумежнымі спецыяльнасцямі.

– У мінулым годзе было 80 выездаў на надзвычайныя сітуацыі, у асноўным на пажары, прычым і ў суседнія раёны. У пажаранебяспечны сезон не абыходзіцца без загаранняў травы, смецця, – робіць аналіз Максім Шакаль.

У начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў Любкаўшчыне Максіма Шакаля каля 20 гадоў выслугі

У зоне абслугоўвання любкаўшчынскага паста знаходзяцца Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат, турбаза, філіялы музея Якуба Коласа і іншыя аб’екты, якія патрабуюць асаблівай увагі. Каб зменшыць колькасць надзвычайных здарэнняў, начальнік паста сумесна са старшынёй Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Аляксандрам Карнічэнкам, членамі аглядавай камісіі праводзяць актыўную пажарна-прафілактычную работу сярод вяскоўцаў. Шмат увагі надаецца адзінокім састарэлым, сем’ям, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, асобам, якія злоўжываюць спіртным. Пры наведванні ім уручаюць памяткі, з імі праводзяць інструктажы.

У баявым разліку любкаўшчынскага паста – дзве аўтацыстэрны на базе ЗІЛ-130 умяшчальнасцю вады 2 тоны 350 літраў, гатовыя ў любую мінуту выехаць на надзвычайную сітуацыю.

Падчас перазменкі на пасту знаёмімся з камандзірам аддзялення Алегам Крэнем.  У 2007 годзе ён свядома выбраў прафесію выратавальніка, хоць яго бацька  служыў у ДАІ, туды пайшоў і брат Алега. Завочна закончыў БДАТУ, а ў мінулым годзе паступіў у Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Універсітэта грамадзянскай абароны. Алег Крэнь, як і Максім Шакаль, адзначаны нагрудным знакам МНС Рэспублікі Беларусь «Выдатнік».

– Маю пасведчанне выратавальніка-плыўца. Выступаў на розных спаборніцтвах. Падтрымліваю форму ў ФАКу, – расказвае пра сябе Алег і дзеліцца планамі: – Набыў зямельны ўчастак, вясной пачну будаўніцтва ўласнага дома.

І Алегу Крэню ёсць у каго з калег пераняць будаўнічыя навыкі. Да прыкладу, у вадзіцеля Пятра Кісуна, які таксама будуе дом. Сваё майстэрства ён паказаў падчас рамонтных работ на пасту. Вадзіцель Андрэй Фамін зарэкамендаваў сябе на абласных спаборніцтвах па плаванні.

На пасту – перазменка: Алег Крэнь, Уладзімір Шыбіцкі, Аляксандр Капейчанка і Руслан Самахвал

Камандзір аддзялення Уладзімір Шыбіцкі прыйшоў на службу пасля заканчэння БНТУ. «Не шкадую, а графік дзяжурстваў дазваляе ў вольны час парыбачыць», – прызнаецца Уладзімір.

Рыбалка, а таксама паляванне, мотатэхніка – гэта захапленні вадзіцеля Руслана Самахвала. Малады чалавек адносна нядаўна вярнуўся з Мінска на малую радзіму. У Мікалаеўшчыне жывуць яго бацькі. Аднойчы Руслан выратаваў аднавяскоўца. Ён аказваў дапамогу міліцыі ў пошуках зніклага чалавека, за што быў адзначаны граматай МУС рэспублікі.

Не так даўно ўліўся ў калектыў любкаўшчынскага паста камандзір аддзялення Антон Курыла. Падчас нашай сустрэчы на дзяжурства замест супрацоўніка, які знаходзіцца на бальнічным, заступіў старшы інструктар па ваджэнні пажарных машын Аляксандр Капейчанка.

Выратавальнікі з ахвотай расказвалі пра свае захапленні і «зварочвалі» з тэмы, калі размова заходзіла пра рызыку прафесіі, пачуцці падчас надзвычайных сітуацый. Яны кажуць: «Хочацца забыць гэтыя пачуцці… Іх «выцягвае» з нас псіхолаг, які перыядычна прыязджае на гутарку з абласнога ўпраўлення МНС».

Цяпер з улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі раніца пачынаецца на пасту з  мыцця падлогі з прымяненнем сродкаў дэзынфекцыі. Кожную пятніцу тут – генеральная ўборка. Дружны калектыў паста – як адна вялікая сям’я. Усе адзін за аднаго.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *