Дзень поля ў СФГ «Сула»

Нумары Прадпрымальніцтва

На мінулым тыдні на Стаўбцоўшчыне праходзіў Дзень поля, які штогод збірае  людзей, зацікаўленых у павелічэнні вытворчасці бульбы ў сваіх гаспадарках і на прысядзібных участках. Сёмы раз праводзіць яго кіраўнік СФГ «Сула» Уладзімір Радзевіч. Масавасць мерапрыемства – сведчанне таго, што вопыту вырошчвання бульбы ў фермерскай гаспадарцы ўдзяляецца ўсё больш увагі.

Як падкрэсліў намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Анатоль Ліс, праведзенае сёлета мерапрыемства даволі сур’ёзнае і не толькі ў маштабе Стаўбцоўскага раёна, але і ўсёй краіны. Менавіта таму, што бульба ў Беларусі заўжды лічылася другім хлебам. Але, на жаль, за апошнія дзесяцігоддзі адносіны да гэтай культуры змяніліся не ў лепшы бок. Бульбу вырошчвала ў асноўным насельніцтва, і лічылася, што гэтага прадукту дастаткова. Але сітуацыя змянілася. Навука не стаіць на месцы, укараняюцца новыя тэхналогіі,  у рэспубліку пачала паступаць прадукцыя раслінаводства з Еўропы.

 – Сёння на прылаўках можна ўбачыць бульбу і з тых краін, дзе мы нават не маглі і падумаць, што яна  вырошчваецца, – сказаў Анатоль Васільевіч. –  Таму  патрэбна вярнуцца да гэтай культуры і на новай аснове яе вырошчваць.  І палеткі фермера – гэта вопыт, варты пераймання. Імпануе, што сёння нам прадстаўлены і новыя сарты беларускай селекцыі, якія на выгляд  і па смакавых якасцях не ўступаюць некаторым еўрапейскім. Усім, хто працуе на зямлі, заўжды складана. Таму вялікі дзякуй  гаспадару гэтага мерапрыемства за тое, што ён займаецца такой добрай справай, і жадаем яму  поспехаў.

У сваім выступленні старшыня райвыканкама Юрый Горлаў адзначыў:

– Прыемна, што такое важнае і патрэбнае мерапрыемства праходзіць на  стаўбцоўскай зямлі. Вытворчасць бульбы нашым сельгаставарыствам неабходна пашыраць, таму  ў гэтым накірунку трэба  яшчэ многа   працаваць. Сёння ў працэсе абмеркавання і абмену вопытам з кіраўнікамі сельгасарганізацый і фермерамі, якія на працягу многіх гадоў вырошчваюць бульбу, можна выпрацаваць тэхналогіі і выкарыстаць ідэі, якія дазволяць і нашым гаспадаркам працаваць на дастойным ўзроўні. А іменна, вырошчваць якасную прадукцыю, якая будзе запатрабавана на рынках іншых дзяржаў. І трэба старацца гэта рабіць. Тым больш, што сёлета адкрываецца ўнікальная магчымасць рэалізацыі нашых прадуктаў на рынку Расіі. І тыя выйграюць, хто зрабіў у гэтым годзе стаўку на расшырэнне пасадачных плошчаў пад бульбу.

 Браў слова і Уладзімір Піліпавіч Радзевіч, які заснаваў фермерскую гаспадарку, а затым перадаў кіраўніцтва сыну. Ён адзначыў, што вырошчваннем бульбы можна і трэба займацца, бо яна заўжды была і будзе запатрабавана як экспартная культура.

Пасляўрачыстага адкрыцця мерап-рыемства ўсіх запрасілі ў палявы павільён, дзе правялі мультымедыйную прэзентацыю сваіх тавараў прадстаўнікі вядучых кампаній і фірмаў у галіне селекцыі і насенняводства бульбы, прымянення для яе вырошчвання сродкаў аховы  раслін і мікраўгнаенняў, а таксама вытворчасці тэхнікі для пасадкі, уборкі і апрацоўкі бульбы. Уладзіслаў Кушаль, які працуе ў філіяле кампаніі ЕUROPLANT  у Польшчы з самага пачатку яе заснавання, а гэта дваццаць гадоў,  не першы раз прымае ўдзел у даным мерапрыемстве. Ён адзначыў, што супрацоўніцтва па пастаўцы насення бульбы гэтай кампаніі з СФГ «Сула» вядзецца на працягу дзесяці гадоў.  Фермер Уладзімір Радзевіч добра ведае тэхналогію і атрымлівае высокія ўраджаі як таварнай бульбы, так і насення. 

Усе  фірмы мелі на дэманстрацыйным полі ўласныя палаткі, дзе кожны мог атрымаць неабходную кансультацыю аб той ці іншай прадукцыі і дадатковую інфармацыю, якая была выкладзена ў прайс-лістах і спецыяльных праспектах.

Гэта традыцыйныя ўдзельнікі – кампаніі «БАСФ» і  «Сінгента», якія выпускаюць сродкі аховы  раслін;  СТАА «Аграстэп» – асноўны пастаўшчык гароднінных сетак рознага колеру, віду і памеру; ТАА «Новыя тэхналогіі і прадукты», дзе выпускаюцца комплексныя хелатныя ўгнаенні, аналагаў якім няма ў Беларусі. Больш чым у мінулыя гады было прадстаўлена сучаснай тэхнікі. Шырокі спектр ад ТАА «Полымя»,  для апрацоўкі глебы вытворчасці ВТАА «Тэхмаш» г. Ліда, для ўнясення мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы раслін – ТАА «Пегас-Агра». Магутны энерганасычаны трактар «К-744» рэкламавала расійская кампанія «Кіравец», а афіцыйны дылер кампаніі «Мега-корп»  – «Джон-Дзіры»  розных мадыфікацый. ПП «Профі-Аграпарк» паказаў колавы і гусенічны трактары «Чэленджар»  і іншую новую імпартную тэхніку.  Абсталяванне «клімат-кантроль» прапанавала УП «АграМайстар».

Асабліва зацікавіла ўсіх тэхніка па падрыхтоўцы і фасоўцы бульбы да продажу вытворчасці ДУ «Эксперыментальны завод» РУП «НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі». Была паказана і навінка – машына УСБ-2 для запаўнення «біг-бэгаў». Як падкрэсліў Уладзімір Радзевіч, такія лініі актуальна набываць усім, хто займаецца вытворчасцю бульбы, бо рынак не стаіць на месцы і патрэбна пастаўляць спажыўцам прадукцыю таварнага выгляду і належным чынам запакаваную. Ён выказаў  удзячнасць дырэктару завода Аляксандру Блізнюку  за   магчымасць  не толькі яе ўбачыць, а і прадэманстраваць работу. І дадаў, што  будзе набываць у гэтага вытворцы абсталяванне для сховішча, якое будуецца, а асобныя машыны  – на заказ па ўласных чарцяжах. Працягваючы размову, Уладзімір Уладзіміравіч падзяліўся далейшымі планамі работы абодвух прадпрыемстваў: «СФГ «Сула» будзе спецыялізавацца на вытворчасці элітнага і суперэлітнага насення бульбы айчыннай, нямецкай і галандскай селекцый, а ТАА «Аграцэнтр-Сула» – таварнай бульбы. Пасля ўвядзення ў строй  бульбасховішча ўмяшчальнасцю пяць тысяч тон насення, зразумела, будзе запатрабавана зямля, каб праводзіць севазварот культур, – прыкладна 250 гектараў. Пакуль што мы дамовіліся з дырэктарам ААТ «Каганец» аб абмене землямі. У далейшым спадзяёмся, што нам выдзяляць дадатковыя гектары. Збожжавыя сеяць не будзем – толькі бульбу і рапс».

На доследным полі кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў і фермерам было прэзентавана дваццаць сартоў бульбы нямецкай селекцыі кампаніі ЕUROPLANT, афіцыйным дылерам якой з’яўляецца СФГ «Сула», і РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і агароднінаводстве». Бульба вырошчваецца на палетках фермерскай гаспадаркі. Усе сарты зарэгістраваны і прайшлі выпрабаванне, а таксама (па прапанове беларускіх навукоўцаў) тыя сарты, што карыстаюцца попытам, і новыя перспектыўныя.  Улічваючы незвычайныя ўмовы надвор’я, а выпала на бульбяныя палеткі фермера з першага чэрвеня 101 міліметр ападкаў, было добра бачна, як развівалася бульба сёлета, што з ёю адбывалася. Ранняя бульба хутка набрала масу, ураджайнасць  склала каля 500 цэнтнераў з гектара. А больш  позднія сарты адсталі ў росце, бо ім не хапіла вільгаці. Сёлета на сарака гектарах упершыню палівалі бульбу з дапамогаю спецыяльнай устаноўкі.  Дадаткова ўнесена ў глебу 140 міліметраў вады. І вынік відавочны. У гэтым упэўніліся госці, калі бульбаўборачны камбайн пачаў капаць бульбу – таварны выгляд клубняў проста выдатны. І ўраджайнасць таксама высокая, не менш за 50 тон бульбы з гектара.Такім чынам стала ясна, што для таго, каб атрымліваць належны ўраджай, неабходна ўкараняць новыя тэхналогіі і менш залежаць ад «нябеснай канцылярыі». Тады бульба будзе рэнтабельнай, і многія змогуць яе вырошчваць.

Каб ацаніць смакавыя якасці бульбы, па традыцыі была арганізавана дэгустацыя. Бульбу зварылі на палявой кухні, зашыфравалі пад нумарамі і падалі на стол. З дваццаці сартоў неабходна было выбраць той, што найбольш спадабаўся. Пасля падвядзення  выніку былі агучаны сарты  бульбы, якія  перамаглі: айчынны сорт  «Брыз» і замежны «Белароса» нямецкай кампаніі EURОPLANT.

Як падкрэсліў генеральны дырэк-тар рэспубліканскай асацыяцыі «Бульбасадавінаагародніна» Аляксандр Яраховіч, далейшаму ўдасканаленню вырошчвання бульбы ў рэспубліцы ўдзяляецца вялікая ўвага. І выказаў удзячнасць Уладзіміру Радзевічу за прапаганду гэтай культуры менавіта шляхам правядзення вось такіх мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць укараненню новых тэхналогій і павелічэнню вытворчасці другога хлеба. У краіне прынята і актыўна дзейнічае другая Дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства. Тэхнікі для яе вытворчасці дастаткова. А асаблівая ўвага сёлета ўдзяляецца пытанням насенняводства, сертыфікацыі і вытворчасці аздароўленага насення бульбы высокай якасці. І самы важны яе паказчык – таварнасць.

Уражаннямі ад убачанага падзяліліся фермеры з Капыльскага і Уздзенскага раёнаў, якія адзначылі, што папоўнілі свой багаж ведаў не толькі ў тэхналогіі вытворчасці бульбы, а і ў тэхнічным плане. Упершыню прысутнічалі на мерапрыемстве і фермеры з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Шатландыі і ЗША, а таксама пастаянныя  ўдзельнікі – расіяне, французы, немцы і палякі.

ПраведзеныДзень поля яшчэ раз засведчыў, якая вялікая ўвага ў нашай рэспубліцы надаецца бульбе. І як прафесійна вядзе работу па выпрабаванні розных сартоў бульбы кіраўнік СФГ «Сула» Уладзімір Радзевіч.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *