Актывісты раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» адзначаны падзякамі

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

Работа праўлення раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» прызнана здавальняючай, а яе актывісты адзначаны падзякамі.

У анлайн-фармаце прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі, на якой падведзены вынікі работы за апошнія два гады.

Раённая арганізацыя жанчын, зарэгістраваная ў красавіку 2007 года, сёння аб’ядноўвае ў сваіх радах больш за 300 членаў.

– Жаночы рух набірае абароты, а яго ініцыятывы маюць патрыятычнае і духоўна-маральнае значэнне, накіраваны на ўмацаванне сямейных традыцый і развіццё творчага патэнцыялу сем’яў, – зазначыла старшыня раённай арганізацыі жанчын, дырэктар ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Святлана Блашко.

Так, на Стаўбцоўшчыне арганізавана работа грамадскай прыёмнай старшыні раённай арганізацыі БСЖ. Жанчыны раёна падтрымалі акцыю памяці, прысвечаную 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і рэалізавалі ўласны праект «Синенький скромный платочек…».

Раённая арганізацыя жанчын падтрымлівае шматлікія праекты грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і раённага аб’яднання прафсаюзаў, а ў ліпені 2019 года была падхоплена ініцыятыва піянерыі ў правядзенні марафону памяці. Жанчыны Стаўбцоўшчыны далучыліся да акцыі «За Беларусь!», каб захаваць у нашай краіне мір і адзінства.

Раённая арганізацыя жанчын не засталася ўбаку ад аказання дабрачыннай дапамогі ўрачам і медыцынскаму персаналу, якія вядуць барацьбу з пандэміяй.

Ушанаванне жанчын, якія сталі маці, у радзільным аддзяленні, збор канцылярскіх прылад для школьнікаў са шматдзетных сем’яў, сем’яў з дзецьмі-інвалідамі, арганізацыя прыёмаў у гонар матуль, узнагароджаных ордэнам Маці, удзел у дабрачыннай навагодняй акцыі «Нашы дзеці» і інш. – гэта далёка не ўсе праекты, удзелам у якіх можа пахваліцца раённая арганізацыя жанчын.

Адметнасцю ў яе дзейнасці стаў конкурс «Жанчына года», накіраваны на выяўленне і заахвочванне жанчын, якія дасягнулі значных поспехаў. «Жанчынай года Міншчыны – 2018» была названа галоўны ўрач Стаўбцоўскай ЦРБ Святлана Глебка. У конкурсе «Жанчына года Міншчыны – 2019» вылучаны старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская (намінацыя «Гаспадыня вёскі») і  рэдактар газеты «Прамень» Нэлі Астрэйка (спецыяльны прыз «Лепшы СМІ»), а заснавальніца ПГУП «Новостройторг» Іна Пяткевіч названа пераможцай абласнога, а таксама рэспубліканскага этапу конкурсу ў намінацыі «Паспяховы кіраўнік».

– Грамадская дзейнасць лідараў жаночага руху не зводзіцца толькі да разавых акцый, – падкрэслівае Святлана Блашко, – гэта штодзённая работа ў сваіх працоўных калектывах па вывучэнні настрою людзей і іх праблем, уцягванні жанчын у сацыяльна-культурны рух.

Сярод старшыняў пярвічных арганізацый жанчын найбольшай актыўнасцю вылучаюцца Людміла Навіцкая (ДУ «Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў»), Ганна Пяшкова (ДУ «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў»), Вольга Каспяровіч (ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»), Дар’я Доўнар (ААТ «Каганец»), Іна Маскаленчык (ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі») і інш. Заслугоўваюць удзячнасці члены жансавета з тэрытарыяльнага цэнтра, якія каардынуюць работу па прафілактыцы насілля ў сям’і.

На канферэнцыі старшынёй раённай арганізацыі жанчын пераабрана Святлана Блашко, намеснікам выбрана Таццяна Роман, метадыст ДУА «Вучэбна-метадычны кабінет Стаўбцоўскага раёна». Вылучаны дэлегаты на Мінскую абласную канферэнцыю ГА «Беларускі саюз жанчын».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *