На лыжнай трасе ў п. Наваколасава прайшоў раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне на прызы прэзідэнцкага спартыўнага клуба «Снежны снайпер». Спартыўныя спаборніцтвы праводзяцца з мэтай далейшага масавага развіцця і папулярызацыі біятлона, умацавання здароўя дзяцей і падлеткаў, прыцягнення іх да здаровага ладу жыцця.
Усяго ў турніры, які быў арганізаваны і праведзены ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама сумесна з ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна», прынялі ўдзел звыш ста юных спартсменаў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Людміла Стонька і яе намеснік Ірына Язвінская. Яны павіншавалі ўсіх з пачаткам біятлонных стартаў і адзначылі, што гэты зімовы від спорту сабраў разам самых актыўных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія любяць біятлон і здаровае саперніцтва. У кожнага ўдзельніка ёсць магчымасць прадэманстраваць сваю лыжную падрыхтоўку і трапную стральбу і стаць лепшымі. Усім пажадалі ўдачы, выдатнага настрою і каб кожны атрымаў зарад бадзёрасці. А лыжная траса пакажа, хто стане наймацнейшым.
У чаканні старту ўдзельнікі спаборніцтваў сабраліся на стадыёне. Кожнаму з іх неабходна было пераадолець не адзін кіламетр лыжнай трасы і пры гэтым двойчы зайсці на стрэльбішча. Аднак не ўсім удалося пазбегнуць падзенняў і закрыць мішэні. Некаторыя зрабілі па некалькі штрафных кругоў, але хлопчыкі і дзяўчынкі прыкладалі максімум старанняў і змагаліся да апошняга. Фініш вызначыў самых хуткіх і трапных.
Спаборніцтвы праводзіліся па чатырох узроставых групах. У малодшай групе сярод дзяўчынак першае і другое месцы занялі Марыя Маркачэўская і Віялета Паскробка (Коласаўская СШ), трэцяе – Марыніка Маскевіч (Заямнаўская СШ), а сярод хлопчыкаў першынстваваў Багдан Шылін (Коласаўская СШ), другое і трэцяе месцы падзялілі Арцём Іголкін (ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа») і Ілья Маляўка (Мікалаеўшчынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Якуба Коласа).
У сярэдняй узроставай групе на п’едэстале аказаліся Юліяна Кушаль, Кіра Сафарава (Коласаўская СШ) і Гражына Валадзько (Дзераўнянская СШ), а сярод хлопчыкаў – Андрэй Сівец (Коласаўская СШ), Павел Курдун (Заямнаўская СШ), Глеб Клімовіч (СШ № 3 г. Стоўбцы).
У першай старэйшай групе вызначыліся сярод дзяўчынак Анастасія Лабушава (СШ № 3 г. Стоўбцы), Юлія Панамарова і Ганна Сіняўская (Дзераўнянская СШ), у другой – Паліна Гацура (гімназія № 1 г. Стоўбцы) і Аляксандра Марчанка (Коласаўская СШ), якія падзялілі першае месца, на другой і трэцяй прыступках былі Вікторыя Саўген (Горкаўская СШ) і Настасся Беладзед (ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа»).
Сярод хлопчыкаў першынствавалі Кірыл Пяткевіч (Коласаўская СШ), Андрэй Юшчэня (СШ № 3 г. Стоўбцы) і Павел Янушка (Аталезскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа), а таксама Міхаіл Мішук (Дзераўнянская СШ), Расулжон Раджабаў (Шашкоўская СШ) і Ілья Школьнік (Нававёскаўская СШ).
Надзея БАТАЛКА