Дзіцячых лёсаў рулявыя

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

У прыгажосці колераў лета і камфортнай цеплыні апошніх дзён жніўня штогод праходзіць настаўніцкая канферэнцыя. Хто хоць раз пабыў на ёй, мог адчуць незвычайнасць  падзеі, якая з’яўляецца стартам у новы навучальны год. Гэтая нарада настаўнікаў святочная і да слёз кранальная – поўная прызнанняў сваёй высакароднасці прафесіі, нечаканых момантаў адкрыцця сваіх душ, радасці сустрэчы з калегамі.

Пленарнаму пасяджэнню ў раённым Цэнтры культуры папярэднічала работа дыскусійных пляцовак у стаўбцоўскай гімназіі № 1, СШ № 2, СШ № 3, Старасвержанскай, Навасвержанскай сярэдніх школах, яслях-садзе № 5 г. Стоўбцы, Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Тэма раённай педагагічнай канферэнцыі «Адукацыя як фактар інавацыйнага развіцця Стаўбцоўскага раёна» была прадстаўлена ў інавацыйных праектах лепшых педагогаў, якія падзяліліся вопытам работы. Прэзентацыі праектаў былі яркія, насычаныя, прадуманыя, наватарскія, што выклікала інтарэс удзельнікаў канферэнцыі.

З творчым настроем, з атрыманымі добрымі ўражаннямі яны занялі месцы ў святочнай зале Цэнтра культуры. Даклад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Юрыя Ларычэва ў поўным аб’ёме па ўсіх напрамках адзначыў поспехі, адметнасці мінулага навучальнага года, якія дапамаглі Стаўбцоўскаму раёну падняцца на чацвёртае месца ў Мінскай вобласці  ў штогадовым абласным спаборніцтве сярод раённых аддзелаў адукацыі  «Лідар у стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя» (у мінулым годзе ў стаўбчан  было 14-е месца). У скарбонку гэтых дасягненняў пакладзена і лідарства ў Мінскай вобласці ў рэйтынгу поспехаў абітурыентаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, перамога СШ № 3 у абласным спаборніцтве «Лепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі вучэбнага працэсу сярод устаноў, размешчаных у гарадской мясцовасці» і Заямнаўскай сярэдняй школы ў гэтым жа спаборніцтве толькі ў намінацыі «Лепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі вучэбнага працэсу ў сельскай мясцовасці».  У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў педагагічнай канферэнцыі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель адзначыў, што такога высокага выніку работы Стаўбцоўскага аддзела адукацыі, спорту і турызму яшчэ не было, і выказаў словы вялікай удзячнасці  кіраўніцтву аддзела і ўсім педагогам раёна.

У такой танальнасці вельмі прыгожа было назіраць, як падымаліся кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, многія педагогі, каб атрымаць граматы і падзякі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Такое прызнанне асабістага ўкладу настаўнікаў у развіццё адукацыйнай сферы раёна стане для іх стымулам і надалей аддаваць свае творчыя сілы, уменні, прафесіяналізм вялікай справе выхавання і навучання падрастаючага пакалення. Асаблівыя словы ўдзячнасці за вернасць сваёй прафесіі, самаадданую працу на ніве навучання і выхавання атрымала былы намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ядвіга Мазуркевіч, якая прысвяціла любімай справе без малога 40 гадоў жыцця. Ядвіга Іванаўна падзякавала калегам за сумесную плённую працу, за ўзаемаразуменне і наватарства ў рабоце. Зала адказала Ядвізе Іванаўне ўзаемнасцю – працяглымі апладысментамі. Такая ж нагода падняцца на святочную сцэну была і ў былога дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Раісы Янчур, якая таксама прыняла ўдзячнасць кіраўніцтва аддзела і калег за шматгадовую сумленную працу на ніве адукацыі раёна.

Яркім момантам урачыстасці было прывітанне маладых педагогаў. У гэтым годзе ў наш раён прыбылі 16 выпускнікоў навучальных устаноў краіны. Маладыя, прыгожыя, поўныя ідэй, ініцыятыў, яны падняліся на сцэну. Вуснамі дырэктара Налібацкай сярэдняй школы Вікторыі Высоцкай педагогі раёна благаславілі іх на пачатак працоўнай дзейнасці, выказалі гатоўнасць аказаць ім метадычную і таварыскую падтрымку і чакаюць ад іх пастаяннага самаўдасканалення на нялёгкай ніве настаўніцтва. Выступленне Вікторыі Уладзіміраўны было лірычна-прыгожым, прадумана-лагічным, мудрым. Няхай і сапраўды дэвізам для маладых педагогаў у іх рабоце будуць такія словы: «Спачатку зразумей, палюбі, а потым – вучы».

Са словам у адказ ад імя маладых педагогаў выступіла настаўніца Налібацкай сярэдняй школы Святлана Міхно.

Для настаўнікаў пачынаецца новы навучальны год. Ад іх чакаюць пастаяннага ўдасканалення дзейнасці, інавацыйнага развіцця, павышэння якасці адукацыі – такі заклік часу, які дыктуе ўмовы, што дынамічна мяняюцца. Пажадаем педагогам Божага благаславення на іх працу, здароўя і сіл паспяваць за гэтымі патрабаваннямі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: з выставай творчасці начальніка аддзела Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Алену Труш знаёміць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька;.ветэраны педагагічнай працы Надзея Бачаноўская, Святлана Суднік, Леанарда Карпуць радуюцца сустрэчы з былым дырэктарам Рубяжэвіцкай СШ Мечыславам Лысым; ёсць што абмеркаваць дырэктару Шашкоўскай СШ Ірыне Колесень, былому намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ядвізе Мазуркевіч і дырэктару вучэбна-педагагічнага комплексу «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» Марыне Кандрацінай.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *