У дзяржаўных сімвалах – наша гісторыя і будучыня

Ахова правапарадку Важное

image_pdfimage_print

Кожная сучасная дзяржава мае свае сімвалы, якія адлюстроўваюць яе палітычную самастойнасць і незалежнасць, гісторыю станаўлення і развіцця, нацыянальную самабытнасць.

З 4 студзеня 2021 года пачаў дзейнічаць Закон «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь» у новай рэдакцыі (№ 83-З, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале), якім зацверджана абноўленая выява дзяржаўнага герба. Гэтыя і іншыя новаўвядзенні падштурхнулі да размовы з в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святланай Жыбуль.

– Святлана Анатольеўна, папраўкі ў закон аб дзяржсімвалах яшчэ на этапе падрыхтоўкі законапраекта выклікалі шмат каментарыяў. Чаму такая вялікая ўвага нададзена дзяржаўным сімвалам?

– Гэта зразумела, таму што краіна, якая не беражэ свае святыні – дзяржаўныя герб і сцяг, не вучыць падрастаючае  пакаленне разумець, цаніць і паважаць дзяржаўныя сімвалы, рызыкуе будучыняй свайго народа.

Артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана, што дзяржаўны сцяг, дзяржаўны герб і дзяржаўны гімн з’яўляюцца сімваламі дзяржаўнага суверэнітэту рэспублікі. Пройдзены доўгі шлях іх станаўлення, развіцця і зацвярджэння. У гэтых сімвалах захавана тое, што яскрава адлюстроўвае мірныя і стваральныя мэты Беларусі, гісторыка-культурную спадчыну, нацыянальны дух і годнасць беларусаў.

– Закон прадугледжвае замену гербаў у адпаведнасці з абноўленым эталонам у найбліжэйшы час?

– Не, масавай аднамомантавай замены гербаў закон не прадугледжвае. Дзяржаўны герб, які ўжо выкарыстоўваецца, можа служыць і далей да яго прыходу ў непрыдатнасць. А ўжо замена павінна праводзіцца ў адпаведнасці з абноўленым эталонам.

– Усім арганізацыям і ўстановам неабходна выкарыстоўваць дзяржаўны герб? І што новага ў законе адносна дзяржаўнага сцяга?

– У законе прапісана, што дзяржаўны герб у якасці асновы геральдычных сімвалаў-эмблем цяпер забаронена выкарыстоўваць не толькі грамадскім аб’яднанням, іх саюзам (асацыяцыям), рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскiм аб’яднанням, але і палітычным партыям, прафсаюзам, фондам, Беларускай натарыяльнай палаце, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, палаце падатковых кансультантаў, пастаянна дзеючым трацейскім судам, створаным у якасці некамерцыйных арганізацый, прыватным установам адукацыі.

Таксама законам зацверджаны эталон дзяржаўнага сцяга.  Пашыраны пералік выпадкаў яго прымянення. Да прыкладу, выява дзяржаўнага сцяга можа быць выкарыстана ў таварным знаку, знаку абслугоўвання ў адпаведнасці з заканадаўствам аб таварных знаках і знаках абслугоўвання.

Аднак размяшчэнне на вокнах кватэр, балконаў афіцыйна не зацверджаных бел-чырвона-белых сцягоў для публічнай дэманстрацыі грамадзянам у адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, у прыватнасці з артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах», вядзе да адміністрацыйнага парушэння.

З гісторыі БЧБ-сцяга

Лічыцца, што аўтарам бел-чырвона-белага сцяга быў архітэктар Клаўдзій Дуж-Душэўскі, хоць некаторыя гісторыкі мяркуюць, што яго карані сягаюць  яшчэ ў Вялікае княства Літоўскае (адтуль жа пайшоў і герб «Пагоня»). У 1918 годзе гэты сцяг стаў дзяржаўным сімвалам Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), якая праіснавала ўсяго некалькі месяцаў.

Падчас Другой сусветнай вайны бел-чырвона-белыя сцягі выкарыстоўвалі беларускія калабарацыяністы, якія супрацоўнічалі з нямецкімі акупантамі. Пэўная частка беларускай інтэлігенцыі, якая жыла ў эміграцыі і знаходзілася ў апазіцыі да савецкай улады, пасля прыходу нацыстаў распачала спробу ўстанаўлення супрацоўніцтва з мэтай стварэння беларускай дзяржавы пад пратэктаратам Германіі. З першых дзён акупацыі тэрыторыі Беларусі гэтыя людзі спрабавалі на практыцы ажыццявіць задуманае, прыступіўшы да стварэння беларускай дапаможнай адміністрацыі.

Неафіцыйна бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся да 1944 года, у тым ліку нацыянальнымі дывізіямі СС, з-за чаго стаўленне да гістарычнага сімвала ў сучаснай Беларусі неадназначнае. Цяпер гэта сімволіка беларускай апазіцыі.

Пасля распаду СССР бел-чырвона-белы сцяг быў у Беларусі дзяржаўным. Але менш чым за чатыры гады дзяржаўная сімволіка рэспублікі з гістарычным падтэкстам страціла высокі статус. У 1995 годзе ў Беларусі прайшоў рэферэндум, на якім больш за 70 працэнтаў беларусаў прагаласавалі за новую сімволіку краіны – чырвона-зялёны сцяг з нацыянальным беларускім арнаментам.

Не проста арнамент

– Святлана Анатольеўна, працягваючы тэму дзяржаўнага сцяга, варта закрануць яго ўплыў на нацыянальную свядомасць і патрыятычныя пачуцці людзей.

– Дзяржаўны сцяг узнімаецца ўнутры краіны і за яе межамі, на зямлі і ў космасе, на міжнародных навуковых форумах і спартыўных турнірах. Ён служыць эмблемай Беларусі, падмацоўваючы пачуццё патрыятызму ў грамадзян краіны і павагу да яе з боку іншаземцаў.

Змены ў выяву дзяржаўнага сцяга ўносіліся толькі аднойчы – у 2012 годзе, калі было прынята рашэнне зрабіць больш прыкметным нацыянальны арнамент на палотнішчы. Хтосьці скажа: а ці так гэта важна? Маўляў, дэталі ніяк не ўплываюць на сутнасць, укладзеную ў самі сімвалы.

Насамрэч дызайн важней, чым здаецца на першы погляд, і Беларусь – далёка не адзіная краіна, якая ўносіць змены, кіруючыся імкненнем не адставаць ад сучасных уяўленняў аб эстэтыцы дзяржаўнай сімволікі. А яе значэнне, сапраўды, застаецца нязменным.

– У якасці аргумента некаторыя сцвярджаюць пра бел-чырвона-белы сцяг як пра спрадвечны беларускі сімвал, у той час як дзяржаўны сцяг з’явіўся ў перыяд новай гісторыі.

– Бел-чырвона-белы сцяг не з’яўляецца спрадвечным беларускім сімвалам па той прычыне, што раней нацыянальных сцягоў не было, як і не існавала нацый. Распаўсюджванне атрымалі дынастычныя сцягі.

Выбіраючы сімвал, узнімаючы той ці іншы сцяг, дэкларуючы яму вернасць, важна разумець, што за гэтым сімвалам стаіць. Рэзонна задаць пытанне: чаго дасягнуў беларускі народ пад БЧБ-сцягам, прыдуманым у 1917 годзе дзеячамі беларускага нацыянальнага руху? Фактычна нічога пазітыўнага, але ёсць велізарны негатыў, звязаны з Вялікай Айчыннай вайной.

І, наадварот, у дзяржаўнай сімволіцы няма адмоўных рэчаў. Афіцыйна яна была зацверджана ў 1951 годзе, і з ёй БССР паспяхова развівалася. Быў закладзены сацыяльна-эканамічны і духоўна-культурны патэнцыял, грамадска-палітычны падмурак, на якім і вырасла незалежная Беларусь.

Дзяржаўныя сімвалы – герб і сцяг Беларусі – гэта гісторыя і будучыня нашай дзяржавы, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, найважнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны. 2021 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам народнага адзінства.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *