Абласная дыялогавая пляцоўка: «Актуальныя пытанні развіцця краіны і рэгіёнаў»

VI Всебелорусское народное собрание Главное

image_pdfimage_print

Абласная дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў (сацыяльная сфера) прайшла ў горадзе Чэрвені.

Удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі павітаў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч.

Іван Станіслававіч высока ацаніў падрыхтоўку горада да абласных дажынак і запрасіў наведаць аб’екты сацыяльнай сферы Чэрвеньскага раёна.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі пазнаёміліся з работай Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў, наведалі мясцовы краязнаўчы музей, прафесійны будаўнічы ліцэй. У Чэрвеньскай СДЮШАР працавалі выставы «Міншчына спартыўная», «Міншчына турыстычная», адбылася прэзентацыя музычнай гасцёўні «Станіслаў Манюшка – дзеяч беларускай музычнай культуры».

У другой палове дня пачалося абмеркаванне актуальных тэм развіцця краіны і рэгіёна ў рамках абласной дыялогавай пляцоўкі.

У  рабоце пляцоўкі прымалі ўдзел памочнік Прэзідэнта – інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч, старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Віталій Казлоў. Мадэратарам сустрэчы выступіў Вадзім Гігін, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

Падчас работы дыялогавай пляцоўкі абмяркоўваліся такія пытанні, як роля моладзі ў грамадстве, маладыя кадры і іх забяспечанасць жыллём, замацаванасць на рабочых месцах. Было адзначана, што большасць нашай моладзі трапляе пад уплыў дэструктыўных каналаў. З ёю трэба працаваць і прыдумаць такія формы ўзаемадзеяння, каб гэтая работа не была руціннай. Падымалася тэма раз’яднання ўпраўленняў па адукацыі, спорце і турызме. Як зазначыў Іван Маркевіч, кожны спецыяліст павінен займацца сваёй работай: педагог — выхаваннем і навучаннем, спецыяліст па спорце – спартыўнымі пытаннямі.

Асобая ўвага была звернута на дыстанцыйнае навучанне і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Быў вынесены на абмеркаванне блок пытанняў, якія тычыліся сферы аховы здароўя. Гаварылі аб абавязках урача агульнай практыкі, аб падрыхтоўцы малодшага медыцынскага персаналу, аб магчымасці паступлення ў медвучылішчы пасля базавай школы, аб будаўніцтве арэнднага жылля для медыкаў і ўвогуле для моладзі. Намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч выказаў прапанову: «Патрэбна падымаць на ўсіх узроўнях пытанне крэдытавання банкамі маладых спецыялістаў, напрыклад пад 5 % гадавых на 20-30 гадоў, бо арэнднае жыллё ў вялікіх гарадах дарагое».

На сустрэчы значная ўвага была ўдзелена пытанням, якія тычацца дабрабыту сем’яў, здароўя і выхавання дзяцей. Абмяркоўвалі пашырэнне магчымасцяў выкарыстання сямейнага капіталу і аказанне падтрымкі шматдзетным сем’ям. Было паднята пытанне дэмаграфіі, падтрымкі маладых сем’яў.

У дыялогу былі закрануты тэмы захавання культурнай спадчыны Беларусі, развіцця сродкаў масавай інфармацыі.

Удзел у мерапрыемстве прынялі эксперты, якія дапамагалі разабрацца ў пытаннях, што абмяркоўваліся падчас дыялогу. Сярод іх начальнікі ўпраўленняў Мінаблвыканкама, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

«Усе пытанні, якія мы сёння тут пачулі, будуць прапрацаваны і вынесены на VI Усебеларускі народны сход», – адзначыў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў.

Абласная дыялогавая пляцоўка ў Чэрвені закончыла сваю работу флэшмобам з удзелам спартсменаў мясцовай СДЮШАР.

Дыялог адкрыты для ўсіх. Гэта гаворыць аб тым, што наша палітычная сістэма развіваецца. У Мінскай вобласці такую мадэль размовы паміж дзяржаўнымі структурамі, палітычнымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі і грамадзянамі плануюць прадоўжыць і пасля Усебеларускага народнага сходу.

Нэлі Астрэйка

Фота В. Цуранаў



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *