Аптымізацыя

Нумары

image_pdfimage_print

РЭАРГАНІЗАЦЫЯ РАДЫЁВЯШЧАННЯ

У раёне праводзіцца планавая паэтапная аптымізацыя сеткі праваднога вяшчання.

З 1 па 27 жніўня спецыялісты раёнага вузла электрычнай сувязі праводзяць работы  ў Гнецьках, Падзерным, Ціханавай Слабадзе,  Вялікіх Навіках,  Малых  Навіках, Даўнарах, Тонаве, Сімкавічах,  Зуях,  Новых Рубяжэвічах, Рубяжэвічах,  Вараксах,  Ручыне, Марозавічах,  Запольцах,  Дзяўгах, Літве,  Сапуцевічах,  Буцькавічах,  Кондратавічах,  Беланоўшчыне, Рочавічах. З 28 жніўня ў гэтых населеных пунктах будзе спынена правадное вяшчанне.

Эфірны прыём з гэтага часу будзе магчымы з выкарыстаннем радыёпрыёмнікаў, якія можна набыць як у сэрвісным цэнтры Белтэлекама, так і  ў рознічнай гандлёвай сетцы.

 

ПУНКТЫ СТАЦЫЯНАРНЫ І ПЕРАСОЎНЫ

Да стацыянарнага пункта па  зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў, размешчанага на тэрыторыі былой воінскай часці, аб’яднанне камунальных службаў арганізавала работу і перасоўнага. Апошні рухаецца па сельсаветах па графіку. Вяскоўцы і гараджане нясуць здаваць розныя адходы – паперу, рыззё, пэт-бутэлькі, але найбольш хадавое – шкло. Са здатчыкамі разлічваюцца на месцы.

З улікам актуальнасці гэтай дзейнасці, аб’яднанне камунальных службаў набыло нядаўна яшчэ адзін, другі па ліку, прэс для ўціскання кардону. І, напэўна, менавіта камунальнікі, якія непасрэдна зацікаўлены ў павелічэнні аб’ёмаў збору другасных рэсурсаў, сталі першым калектывам раёна, дзе паміж сваіх больш чым двух дзясяткаў вытворчых участкаў аб’яўлена своеасаблівае спаборніцтва, кожнаму даведзены план па іх зборы. Як плануе дырэктар АКС Дзмітрый Шкляр, першыя вынікі будуць падведзены пасля дзевяці месяцаў работы ў бягучым годзе.

 

ЗАЯЎНІК ЗВЯРНУЎСЯ З  НАДЗЕЯЙ

За сем месяцаў бягучага года для прадастаўлення розных відаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў раёне выкарыстана больш за 830 мільёнаў рублёў. 

Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ганна Яўсейчык, штомесячную сацыяльную дапамогу ўжо атрымалі сёлета 59 заяўнікаў на агульную суму амаль 115 мільёнаў рублёў, 26 чалавек – аднаразовую сацыяльную дапамогу (19,5 мільёна рублёў), 43 чалавекі –  дапамогу на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі (59,4 мільёна рублёў). Сацыяльную дапамогу для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў скарысталі 117 інвалідаў І групы (283,6 мільёна рублёў) і 29 дзяцей-інвалідаў з чацвёртай ступенню страты здароўя (45,8 мільёна рублёў). Для забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця было накіравана больш за 249 мільёнаў рублёў. Гэтым відам сацыяльнай дапамогі  ахоплена 59 малышоў.

Пры афармленні дакументаў на прадастаўленне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў жыхароў раёна нярэдка ўзнікаюць пытанні. Найбольш частае з іх: «Зыходзячы з якога бюджэту пражытачнага мінімуму – дзеючага на дату звароту або на дату прыняцця рашэння аб прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі – вызначаецца яе памер?»

– Памер штомесячнай сацыяльнай дапамогі вызначаецца, зыходзячы з велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму, дзеючага  на дату звароту па дапамогу. На  даны  момант   яна   складае 1 343 420 рублёў, – патлумачыла Ганна Яўсейчык. Карыстаючыся выпадкам, мы задалі і іншыя пытанні.    

– Ганна Іванаўна, ці прызначаецца штомесячная сацыяльная дапамога на члена сям’і, які абавязаны кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, але ён часова не ажыццяўляе даную кампенсацыю па тых ці іншых прычынах?

– У гэтым выпадку штомесячная сацыяльная дапамога не прызначаецца.

– Хто мае права на дапамогу для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў?

– Такое права прадастаўлена інвалідам І групы і дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18-ці гадоў з чацвёртай ступенню страты здароўя на аснове індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інвалідаў або заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі.

Памер сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў устанаўліваецца, зыходзячы з дакументальна пацверджаных фактычных затрат на суму, якая не перасягае 1,5-кратнага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму, дзеючага на дату прыняцця рашэння аб выдзяленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Дапамога на падгузнікі выдзяляецца чатыры разы на працягу каляндарнага года (пад каляндарным годам трэба разумець перыяд часу з 1-га студзеня па 31-га снежня). Вынікае, што грамадзянін пры наяўнасці ўсіх неабходных дакументаў мае права звярнуцца чатыры разы на працягу года, але не больш за адзін раз у месяц. Нагадаю і тое, што паўтара бюджэту пражытачнага мінімуму складае сёння суму  2 015 130 рублёў.     

Пры ўзнікненні пытанняў наконт прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі можна атрымаць кансультацыю па тэлефоне 5-32-84. Паведамляем таксама, што з 1-га верасня 2014 года ў сувязі з вытворчай неабходнасцю выдача прадуктаў бясплатнага харчавання для дзяцей першых двух гадоў жыцця будзе ажыццяўляцца ў кафетэрыі «Забава», размешчаным па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Ленінская, 85 (замест павільёна «Мама і я»).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *