І гаспадар добры, і рыбак удачлівы

Захапленні Нумары

image_pdfimage_print

Сям’ю Дубіцкіх у Целяхах добра ведаюць. Алеся і Валерый людзі маладыя, працавітыя. Алеся Мікалаеўна перадавая даярка, а Валерый Фердынандавіч, у недалёкім мінулым таксама дояр, цяпер шчыруе слесарам на мясцовай малочнатаварнай ферме. А ўвогуле ён майстар, як кажуць, на ўсе рукі.

Дом Дубіцкіх адметна вылучаецца на вясковай вуліцы. Гаспадар абклаў яго белай цэглай. Мужчыну падабаецца выконваць будаўнічыя работы. Можна сказаць, ён апантаны гэтай справай. І ў хаце ад падлогі да столі ўсё яго рукамі зроблена. Ёсць неабходны інструмент і нават зварачны апарат. А галоўнае, эканомія якая – не трэба майстра-будаўніка наймаць.

– Цікава, а дзе вучыўся гэтай справе?

– У мяне дзядзька і швагер будаўнікі, – адказаў Валерый Фердынандавіч, –  паказалі як рабіць, крыху дапамаглі, і цяпер сам усё ўмею. Даводжу да ладу бацькоўскі дом, зрабіў рамонт. Застаецца толькі дзверы замяніць.

А яшчэ гаспадар новую лазню пабудаваў. Парылку вагонкай аздобіў. Так усё акуратна, роўненька паклаў. І печ змайстраваў.

– Родныя з горада прыязджаюць папарыцца і вельмі задаволены, – працягвае гаворку Дубіцкі. – Але не ўсё яшчэ да канца гатова, абсталёўваю паціху пакой для адпачынку. Будзе тут яшчэ прыгажэй і ўтульней.

І вакол дома стараннямі гаспадара прыгажосць наводзіцца. З дрэва грыбы выразаў і пафарбаваў. Лаўку паставіў і побач мангал для шашлыкоў. І сястра яго  Валянціна, якая працуе ў аграбудфірме, таксама прымае ўдзел у дызайне. Залоўка дапамагае гаспадыні і клумбы даглядаць. Крышку здзівіліся, калі пачулі, што пальму з пластыкавых бутэлек змайстраваў Валерый.

– Суседка параіла нам такім чынам упрыгожыць двор, –  уступіла ў размову Алеся Мікалаеўна. –  Мужу такая задумка прыйшлася даспадобы. Вы не здзіўляйцеся, ён як загарыцца што зрабіць, то не адступіць. Мы толькі каляровыя бутэлькі ўсёй сям’ёй збіралі, нават у горад на звалку ездзілі. Так нам цікава было, што з гэтага атрымаецца.

І галава сям’і не падкачаў, мастацкую задумку ўвасобіў. Атрымалася ўсё выдатна.

А яшчэ Валерый Фердынандавіч захапляецца рыбалкай. Як жартам гаворыць жонка, любіць   гэтае  сваё хобі. Як выдаецца свабодная хвілінка, то едзе на мясцовае возера або Нёман. І на Кромань выязджае. З сябрамі і адзін.   Лодку гумавую купіў. Рыбалоўных прылад поўны гараж. Алеся Мікалаеўна адносіцца да захаплення мужа з разуменнем:

–  Карысць ад яго занятку відавочная – рыбу ў магазіне не купляю. Два гады назад Валера вялікага шчупака  злавіў. Мы яго  ўзважылі. Вагі паказалі чатыры кілаграмы 650 грамаў. Фаршу з яго накруціла. Катлеткі смачныя атрымаліся. З усіх відаў рыбы  мне больш даспадобы шчупакі. А вось акунёў аддаю кату – чысціць іх проста невыносна.

– А якую рыбу любіць сам рыбак?

–  Усю, якая ідзе на кручок, – адказаў  Валерый Фердынандавіч. – А адмыслова прыгатаваная Алесяй страва з яе адразу знікае з талеркі. Хачу сказаць, што для мяне рыбалка не столькі магчымасць злавіць рыбу, колькі адпачыць на ўлонні прыроды. І не толькі ў цёплую пару года, а і зімою.

Нельга было не заўважыць і парнікі на агародзе. Раней на абедзенным стале свежыя агуркі і памідоры  з’яўляюцца. Прычым вырашчаныя без пестыцыдаў. І тут  таксама эканомія для сям’і, дзе выхоўваюцца двое дзяцей.

І ўсё гэта дзякуючы ўмелым гаспадару і гаспадыні.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *