Многія тэлегледачы з цікавасцю сочаць за музычным праектам сталічнага тэлебачання «Поющие города». Конкурс закліканы адкрыць новыя імёны і запаліць яркія зорачкі на музычнай прасторы Беларусі. У 42 гарады выедуць лепшыя артысты Беларусі, каб паслухаць вакалістаў, паглядзець на танцораў – не толькі тых, хто займаецца гэтым мастацтвам прафесіянальна, але і аматараў.
У мінулую суботу ў раённым Цэнтры культуры СТВ правяло папярэдняе праслухоўванне з мэтай выбару лепшых кандыдатаў для наступнага ўдзелу ў кастынгах, якія пройдуць у абласных цэнтрах. Адбор праводзіла экспертная група ў складзе прадзюсара і рэжысёра праекта.
Як расказвае мастацкі кіраўнік раённага Цэнтра культуры Наталля Грынкевіч, гэты запіс выклікаў інтарэс як работнікаў культуры, так і саміх удзельнікаў. Паўдзельнічаць у народным праекце пажадалі каля 20 чалавек. Сваіх прадстаўнікоў прыслалі Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў, Коласаўская сярэдняя школа, народная студыя «Арыенцір» раённага Цэнтра культуры. У газеце «Прамень» была абвестка аб праслухоўванні, і ўсе жадаючыя маглі прыйсці ў раённы Цэнтр культуры, каб даказаць, што Стоўбцы – горад талентаў.
Удзельнікі, якія пройдуць кастынг, стануць прадстаўнікамі нашага горада на праекце «Поющие города» і прымуць удзел у здымках паўфіналаў праекта. 20 пераможцаў паўфіналу прымуць удзел у здымках фіналу, пераможца якога будзе вызначаны па выніках глядацкага тэлефоннага і SМS-галасаванняў.
Пераможца стане ўладальнікам штогадовай Нацыянальнай музычнай прэміі, што праводзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і тэлеканалам СТВ.
Удзельнікі праслухоўвання ў чаканні абвесткі, хто будзе запрошаны для ўдзелу ў кастынгу.
Лана СВЯТЛІЦКАЯ
Фота Васіля ЗЯНЬКО