Дастаўляюць кісларод для пацыентаў

Главное Медыцына Эканомiка

image_pdfimage_print

Ва ўсе дні тыдня, уключаючы суботу і нядзелювадзіцелі ААТ «Стаўбцоўская ПМК», якіх вы бачыце на здымку, адпраўляюцца ў рэйс. Яны дастаўляюць асабліва запатрабаваны падчас пандэміі груз – медыцынскі кісларод. Іх чакаюць у стаўбцоўскай бальніцы і не толькі.

Інструктаж ад механіка Мікалая Паўловіча перад выездам на лінію атрымліваюць вадзіцелі па перавозцы кіслароду Уладзімір Вальчэўскі і Аляксандр Славінскі

– Раней, да пандэміі, на перавозцы медыцынскага кіслароду для ўстаноў аховы здароўя былі задзейнічаны вадзіцелі Уладзімір Вальчэўскі і Аляксандр Самахвал, а з павелічэннем аб’ёмаў узялі яшчэ аднаго – Аляксандра Славінскага, – тлумачыць дырэктар Стаўбцоўскай ПМК Аляксандр Пашкевіч.

Вядома, што на прадпрыемстве працуе ўласная кіслародна-напаўняльная станцыя, але для медыцынскага кіслароду (да яго прад’яўляюцца значна больш жорсткія патрабаванні ў параўнанні з любым іншым тэхнічным газам) яна не падыходзіць. У сувязі з гэтым набыццё медыцынскага кіслароду ажыццяўляецца Стаўбцоўскай ПМК непасрэдна ў вытворцы – ААТ «Крыон».

Чаму менавіта ПМК задзейнічана ў так званых медыцынскіх рэйсах? Таму што аўтамабілі прадпрыемства зарэгістраваны для перавозкі небяспечных грузаў, а да іх ліку адносіцца і медыцынскі кісларод пры ўмове яго перавозкі ў колькасці 24 і больш балонаў.

За дзень вадзіцелі ПМК дастаўляюць у бальніцы (у залежнасці ад заяўкі) да 120 балонаў, напампаваных медыцынскім кіслародам. Усе яны блакітнага колеру і пазначаны адпаведным надпісам.

– На медыцынскі кісларод паўсюдна ў рэспубліцы захоўваецца вялікі попыт, таму на «Крыоне» (гэтае спецыялізаванае прадпрыемства знаходзіцца ў Мінску. – Заўвага рэдакцыі) прыходзіцца і ў чарзе пастаяць, – расказваюць вадзіцелі. Звычайна іх маршрут пачынаецца з заезду ў бальніцу па абменныя балоны.

За выпуск аўтамабіляў на лінію адказвае механік Мікалай Паўловіч. Ён зазначае: «На нашым прадпрыемстве 26 адзінак тэхнікі, і парк яе паступова абнаўляецца. Падабраны кваліфікаваны састаў вадзіцеляў. Перад выездам транспартных сродкаў асноўную ўвагу надаём спраўнасці светлавых прыбораў і рознага абсталявання, ад якога залежыць бяспека дарожнага руху».

Ці трэба казаць, што вадзіцелі, якія ва ўсе дні тыдня дастаўляюць медыцынскі кісларод для пацыентаў, – гэта людзі выключнай адказнасці, яны не баяцца цяжкасцяў?! Ім у такой клапатлівай і бесперапыннай рабоце нельга без пачуцця чалавечнасці, спагады да тых, каму іх груз дапаможа хутчэй паправіцца.

Вадзіцелі і ўсе іншыя работнікі ПМК дасылаюць сваё пажаданне: «Дыхайце, пацыенты, на здароўе!»

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *