Дэпутат у акрузе: «Моладзь імкнецца да самарэалізацыі»

VI Всебелорусское народное собрание Адукацыя Главное

image_pdfimage_print

Ад хваляванняў за паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы да таго, якім хацелася б бачыць выбарчае заканадаўства краіны, – такі дыяпазон пытанняў узнялі старшакласнікі Нававёскаўскай СШ перад дэпутатам парламента Іванам Мамайкам

Нязмушаная размова вучняў 10 і 11 класаў з парламентарыем праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу і непрыкметна перайшла з аднаго ўрока на другі, што дало глебу для адпаведнага жарту: маўляў, старшакласнікі ўжо прызвычайваюцца да студэнцтва і гатовы працаваць на працягу паўнацэннай студэнцкай пары. Некаторыя з прысутных спраўдзяць свае мары адносна паступлення ў ВНУ ўжо ў бягучым годзе.

Нававёскаўская школа невялікая, у ёй навучаюцца 85 дзяцей, але яе размяшчэнню – у старадаўнім маёнтку Брахоцкіх – можа пазайздросціць і гарадская ўстанова адукацыі. Вучні атрымліваюць тут першае знаёмства з нашай гісторыка-культурнай спадчынай і ў літаральным сэнсе вучацца ашчадна да яе ставіцца. «Сельская моладзь – мэтанакіраваная, з ахвотай вывучае гісторыю і цікавіцца тым, як развіваецца грамадства», – гаворыць кіраўніцтва школы і прыводзіць у якасці прыкладу перамогі сваіх вучняў на алімпіядах па вучэбных прадметах на другім і трэцім этапах.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька, адкрываючы сустрэчу, скіравала дзяўчат і юнакоў на абмеркаванне не толькі тых праблем, якія датычаць іх асабіста, але і тых, якія звязаны з будучым нашай краіны.

Адкрыты дыялог дэпутата парламента Івана Мамайкі з вучнямі Нававёскаўскай школы

Адукацыя плюс веданне замежных моў

– Кожны чалавек павінен рухацца наперад, – адзначае Іван Мамайка ў адказ на пытанне моладзі, чаму ён вырашыў стаць дэпутатам, якімі якасцямі павінен валодаць прадстаўнік заканадаўчай улады. – У свой час я закончыў факультэт гісторыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але трапіў на службу ў міліцыю, дзе праслужыў 23 гады. На працягу некалькіх скліканняў з’яўляўся дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, і гэта дало разуменне таго, што дэпутат можа рэальна вырашаць актуальныя пытанні свайго рэгіёна. Галоўнае – быць прафесійна падрыхтаваным, не губляць сувязі з выбаршчыкамі, апраўдваць іх давер, – падкрэсліў дэпутат.

Іван Мамайка падзяліўся вынікамі сваёй заканадаўчай дзейнасці ў складзе парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы, дзе якраз разглядаліся законапраекты, звязаныя з дзейнасцю міліцыі.

– Немагчыма было б распрацоўваць гэтыя змяненні без ведання спецыфікі і асаблівасцяў функцыянавання органаў правапарадку, – заўважыў дэпутат.

Ён пажадаў маладым людзям імкнуцца атрымаць адукацыю, пастаянна займацца самаадукацыяй. «У Беларусі гэта магчыма, прычым не абавязкова  для гэтага заканчваць універсітэт. У каледжы можна атрымаць запатрабаваную на рынку прафесію і стаць добрым спецыялістам у сваёй сферы. А авалодванне сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі і замежнымі мовамі адкрываюць перад моладдзю проста неабмежаваныя магчымасці», – падкрэсліў Іван Мамайка.

Настаўнік гісторыі Уладзімір Петрушэнка выступіў мадэратарам сустрэчы

Развіццё сельскіх тэрыторый і самарэалізацыя

У пытаннях, якія задавала моладзь, лейтматывам гучаць развіццё сельскіх тэрыторый, перспектыва аграгарадкоў, неабходнасць прэферэнцый для тых, хто жадае самарэалізавацца ў вёсцы.

Кажуць, што вёска старэе і вымірае. На жаль, з гэтым нельга не пагадзіцца, і сёння такая тэндэнцыя носіць сусветны характар. Моладзь імкнецца ў гарады, дзе значна больш магчымасцяў для асобаснага росту, ды і колькасць занятых у сельскай гаспадарцы дзякуючы прагрэсу няўхільна змяншаецца. Тым не менш, за аграгарадкамі – будучае, і іх перспектывы напрамую звязаны з развіццём экатурызму, сферы абслугоўвання і г. д. У любым выпадку сельскай мясцовасці патрэбны кваліфікаваныя кадры.

Невыпадкова, што моладзь узнімала пытанне асобнага конкурсу для выпускнікоў сельскіх школ пры паступленні ў ВНУ, а пасля заканчэння – больш гібкай сістэмы размеркавання.

Свой пункт гледжання Іван Мамайка акрэсліў так:

– Сёння, калі змяняецца само паняцце сельскай мясцовасці, выйсцем можа быць распаўсюджванне сістэмы мэтавых накіраванняў для тых, хто ў далейшым жадае працаваць у вёсцы. Сёння тут адчувальны дэфіцыт медыкаў, педагогаў, работнікаў культуры і г. д. Мэтавае накіраванне дасць не толькі льготны бал пры паступленні, але і бонусы ў выглядзе павышанай стыпендыі і інш.

Калі размова зайшла пра так званыя бонусы, Іван Мамайка не ўтрымаўся, каб не правесці паралелі са службай у міліцыі, не зрабіць ухіл на прафарыентацыйную работу. У свой час ён завочна закончыў міліцэйскую акадэмію і на ўласным прыкладзе ведае, што там даюць трывалыя веды і так званы двайны дыплом (які дае магчымасць працаваць у органах правапарадку або юрыстам на прадпрыемстве), гарантавана поўнае дзяржаўнае забеспячэнне і г. д.

Пытанні былі рознага характару, і іх было шмат

Стаць выбаршчыкам у 18 ці ў 16

Моладзь закранула пытанні зніжэння ўзросту выбаршчыка з 18 да 16 гадоў, а таксама ўвядзення электроннага галасавання.

– З 16-гадовага ўзросту законам прадугледжана крымінальная адказнасць, а выбарчае права ў грамадзяніна яшчэ не наступае. Лічу, што ў 16 ужо можна мець абавязак і права голасу на выбарах, – выказвае сваю пазіцыю Іван Мамайка.

Іншая думка ў дэпутата адносна магчымасці ўвядзення электроннага галасавання. Так, пэўныя законы ў нашай краіне састарэлі, іх трэба змяняць. Вырасла актыўнае пакаленне, якое хацела б уплываць на грамадскія працэсы. Але ўсе змяненні ў дзяржаве павінны быць паступовымі. Цяпер рыхтуюцца змены ў Канстытуцыю рэспублікі. Узнікае пытанне: наколькі грамадзяне будуць давяраць электроннаму галасаванню? Старэйшае пакаленне не гатова да яго, хоць у нас развіваюцца  ІТ-тэхналогіі і шырыцца доступ у інтэрнэт. А як быць з тайным галасаваннем?.. «Тым не менш, у пэўнай перспектыве галасаванне ў нашай рэспубліцы будзе электронным», – упэўнены дэпутат.

Урокі адкрытага дыялогу

Падводзячы вынікі, дэпутат парламента Іван Мамайка заўважыў:

– Да моладзі стаўлюся з вялікай павагай. У вас ёсць такія магчымасці, якіх не было ў нашага пакалення. Развівайцеся і будзьце карыснымі грамадству!

Іван Мамайка ўдакладніў, што гатовы дыскутаваць і абмяркоўваць пытанні сваіх выбаршчыкаў праз электронную пошту, падчас прамых тэлефонных ліній і прыёмаў у акрузе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *