Рэспубліканская акцыя «Лета з добрай кнігай» працягвае крочыць па краіне. Фінішуе яна 7 верасня, у Дзень беларускага пісьменства ў Заслаўі.
Летнія канікулы – выдатная пара не толькі для забаў. Многія падлеткі робяць свой летні адпачынак карысным і змястоўным, бо бяруць у спадарожнікі добрыя кнігі і яскрава разумеюць, што цікавая кніга ніяк не горшая за камп’ютарныя гульні ці фільмы 3Д. Нават лепшая, бо не толькі прымушае радавацца і суперажываць сваім героям, але і адкрываць неабсяжныя прасторы для фантазіі і глыбокага роздуму.
Сем цудаў свету стварылі людзі ў даўніну. Ёсць і яшчэ адзін цуд свету, не менш цікавы. Ён знаёмы кожнаму з нас, але мы настолькі прывыклі да гэтага тварэння чалавецтва, што рэдка задумваемся над яго каштоўнасцю. А цуд гэты заўсёды ляжыць пад рукой, і як сапраўдны сябар, гатовы ў любы час прыйсці на дапамогу, навучыць, параіць, падбадзёрыць. Гэта – кніга. Кніга! Яна вядзе нас ад пазнання першых ісцін усё далей і далей. Яна расказвае нам і пра казачных волатаў, і пра далёкія краіны. З кнігай кожны з нас падарожнічае і на сотні гадоў уперад, у будучыню, і на сотні гадоў назад, у гісторыю.
З табою, кніга добрая,
Ідзём у новы век.
Ты мудрая, і шчодрая,
Як добры чалавек.
Кнігі нездарма называюць «універсітэтамі жыцця». Мудрая кніга дапамагае знайсці гармонію з самім сабой і навакольным светам, адказвае на самыя надзённыя пытанні, дае магчымасць акунуцца ў свет дзіўных прыгод і неверагодных адкрыццяў.
У рамках акцыі «Лета з добрай кнігай» у нашай школе прайшлі розныя цікавыя мерапрыемствы: міні-віктарына «Кніга – твой сябар», тэматычная эрудыт-азбука «За кожнай старонкай – адкрыццё», кніжная выстава і агляд літаратуры «Вольны час – карысна і цікава», агляд твораў сучасных аўтараў «Чытаем кнігі аб вайне» і іншыя.
Я лічу, што вельмі важна навучыць любіць кнігі з дзяцінства, яшчэ лепей, калі прыклад чытання паказваюць бацькі, настаўнікі. Я ўпэўнена: калі школьнікі з малых гадоў будуць чытаць добрыя кнігі, яны абавязкова вырастуць добрымі, паважанымі, разумнымі людзьмі, сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.
Ванда ДАЎГАПОЛ,бібліятэкар Дзераўнянскай сярэдняй школы