Юрый Ларычэў: «Працаваць дзеля дабрабыту краіны»

VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11–12 лютага. Напярэдадні гэтай падзеі дэлегаты і вядомыя людзі Стаўбцоўшчыны дзеляцца сваімі думкамі аб форуме.

Юрый Ларычэў нарадзіўся ў вёсцы Моўчадзь Баранавіцкага раёна. У 1993 годзе закончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага. Па размеркаванні прыехаў на Стаўбцоўшчыну. Працаваў настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі ў Аталезскай сярэдняй школе, намеснікам дырэктара і дырэктарам у розных школах раёна, начальнікам раённага аддзела адукацыі, намеснікам начальніка ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама. З лістапада 2016 года займае пасаду старшыні Стаўбцоўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. Юрый Іванавіч з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Жанаты, мае дарослага сына. Узнагароджаны граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, медалём Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».

Юрый Ларычэў, старшыня Стаўбцоўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў:

– VI Усебеларускі народны сход – важная падзея ў жыцці нашай краіны і кожнага жыхара. Паўсюдна арганізаваны дыялогавыя пляцоўкі, на якіх абмяркоўваюцца пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, удасканалення мясцовага кіравання і самакіравання, змянення выбарчай сістэмы. У нас у раёне прафсаюзамі была арганізавана такая пляцоўка, на якой кожны член прафсаюза мае магчымасць выказаць свае прапановы па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і перадаць свае пытанні на VI Усебеларускі народны сход.

Прапановы накіраваны ў першую чаргу на развіццё прадпрыемстваў і працоўных калектываў, стварэнне неабходных умоў для росту даходаў грамадзян і павышэння ўзроўню іх жыцця.

Як прафсаюзны лідар раёна, чакаю ад маштабнага форуму вызначэння правільных накірункаў для развіцця эканомікі нашай краіны, сістэм адукацыі і аховы здароўя, стварэння новых працоўных месцаў. Каб краіна паспяхова развівалася, неабходна рухацца наперад і працаваць так, каб за Беларуссю і надалей заставаўся імідж моцнай і квітнеючай дзяржавы.

Ксенія РУБІН