Спелы лес патрабуе «ўборачнай»

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

У 2021 годзе Стаўбцоўскі лясгас працуе згодна з новым праектам лесаўпарадкавання, разлічаным да 2030 года. Праектам прадугледжаны, у тым ліку, значныя аб’ёмы штогадовых высечак лесу, які дасягнуў сваёй спеласці, і стварэнне новых лясных культур. Вясной у пасадцы лесу можа паўдзельнічаць кожны жадаючы, да прыкладу, падчас добраахвотнай акцыі «Тыдзень лесу».

На гэтай дзялянцы будучай вясной будуць высаджаны маладыя дрэўцы

Варта зазначыць, што высечкі ў лясным фондзе, прадугледжаныя праектам, будуць весціся паўсюдна на тэрыторыі раёна, але найбольш – у Акінчыцкім лясніцтве, на якое прыходзіцца добрая палова спелых хваёвых лясоў.

Акінчыцкае лясніцтва – гэта прыгарад Стоўбцаў, своеасаблівая турыстычная зона, Коласавы мясціны… Не выпадкова, што суцэльныя, на дзясятак, а то і больш, гектары высечкі выклікалі ў неабыякавых грамадзян пачуццё ўнутранага неспакою: «Як жа так, нішчыцца прырода, а што застанецца нашчадкам?»

Лесаводы, якія вырошчваюць лес і ахоўваюць яго ад пажараў, сцвярджаюць аб адваротным: «Высечка спелага лесу – працэс натуральны і такі ж неабходны, як і збор ураджаю ў сельскай гаспадарцы».

Каб разабрацца ў нарматыўна-прававых дакументах і асаблівасцях вядзення лясной гаспадаркі, мы запрасілі да размовы галоўнага ляснічага Стаўбцоўскага лясгаса Сцяпана Явіда.

Галоўны ляснічы Стаўбцоўскага лясгаса Сцяпан Явід

Асноўны крытэрый – узрост дрэў

– Сцяпан Сцяпанавіч, мы знаходзімся на адной з распрацаваных дзялянак, ля дарогі, якая вядзе на турбазу «Высокі бераг». Нядаўна тут працавала лесанарыхтоўчая тэхніка. Цяпер ідзе вывазка драўніны. Які ўзрост спілаванага лесу?

– Тут знаходзяцца дзве лесасекі галоўнага карыстання, якія прымыкаюць адна да другой. Узрост дрэў на адной з іх, плошчай 10 га, – 95 гадоў, а на другой, плошчай 2,5 га, – 110 гадоў. Гэта спелы лес, з якога можна атрымаць якасную прадукцыю.

У вызначэнні ўзросту лесу, гатовага да высечкі, мы кіруемся Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1765 ад 06.12.2001 (у рэдакцыі № 907 ад 04.11.2016). Да прыкладу, узрост высечкі сасны ў эксплуатацыйных лясах (да іх ліку адносіцца і лясны фонд, дзе прайшлі распрацоўкі) складае 81 год. Такі ж узрост высечкі ўстаноўлены і для елкі. Для дуба ён складае 101 год, для ліпы – 71 год, для бярозы – 61 год і інш.

Узрост высечак у прыродаахоўных і ахоўных лясах крыху іншы: для сасны і елкі – 101 год, для дуба – 121 год, для ліпы – 81 год.

Вядома, бываюць і непрадбачаныя сітуацыі, як здарылася з нашэсцем караеда. Прыйшлося прымяняць надзвычайныя меры, і дзякуючы ім лесаводам рэспублікі ўдалося ўзяць сітуацыю на кантроль.

– Хто распрацоўваў праект лесаўпарадкавання, якім вы будзеце кіравацца ў сваёй дзейнасці на працягу бліжэйшых 10 гадоў?

– Любыя віды высечак у лясгасе праводзяцца паводле «Праекта арганізацыі і вядзення лясной гаспадаркі», які распрацаваны рэспубліканскім лесаўпарадкавальным унітарным прадпрыемствам «Белдзяржлес». Кантроль за вядзеннем лясной гаспадаркі ажыццяўляюць дзяржаўныя наглядныя органы, а таксама прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі паводле сістэмы FSC (лясная сертыфікацыя).

Уборка вядзецца па міжнародных стандартах

– Звяртае на сябе ўвагу спосаб ачысткі лесасек, а менавіта пакінутае пасля высечкі галлё і г. д. Цяпер яно прыпарушана снегам, але вясной выгляд гэтай мясцовасці будзе не вельмі эстэтычны…

– Спосаб ачысткі лесасек уяўляе сабой збор пасечаных рэшткаў у валкі і пакіданне іх для далейшага перагнівання. Такія патрабаванні правілаў высечак у лясах Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнароднай сістэмы лясной сертыфікацыі. Згодна з міжнароднымі стандартамі спальванне пасечаных рэшткаў у лесе катэгарычна забаронена (яно дапускаецца толькі пры распрацоўцы дзялянак, пашкоджаных караедам), і гэта ў першую чаргу накіравана на тое, каб не забруджваць паветра прадуктамі гарэння.

Згодзен з вамі, што пасечаныя рэшткі ў кучах і валках маюць не вельмі прывабны выгляд, але ў лесе павінна быць так званая «мёртвая драўніна». Гэта дадатковая крыніца ўгнаенняў, у якіх лес мае патрэбу. Такім чынам не толькі паляпшаецца ўрадлівасць лясных глебаў, але і захоўваецца біяразнастайнасць флоры і фаўны нашых лясоў.

На кожны гектар дзялянкі таксама пакідаем дзесяць дрэў – яны выступаюць у ролі насеннікаў.

Задзейнічана сучасная шматаперацыйная тэхніка

– Які маштаб «ураджаю» лясных рэсурсаў?

– На разліковых лесасеках, дзе растуць спелыя сасновыя, яловыя і лісцевыя лясы, плануем штогод атрымліваць 134,5 тысячы м3 драўніны. Гэтыя маштабы рэальныя, таму што на дзялянках працуюць сучасныя лесанарыхтоўчыя комплексы (харвэстары і фарвардэры). Мы плануем закупіць яшчэ адзін такі комплекс, а таксама ўмацаваць сваю матэрыяльную базу аўтамабілем-сартыментавозам і дзвюма пагрузачна-разгрузачнымі машынамі на базе МТЗ.

– Уся драўніна складзіравана ўздоўж дарогі. Куды яна вывозіцца?

– З дзвюх дзялянак атрымана 5,5 тысячы м3 круглых лесаматэрыялаў. Частка іх, дыяметрам 18-30 см, адгружаецца ў ВМУ «Акінчыцы» для выпуску піламатэрыялаў. Балансавую і дравяную драўніну, так званую тэхнічную сыравіну адпраўляем спажыўцам згодна з дагаворнымі абавязацельствамі.

Вясной чакае шмат працы

– Колькі плануецца пасадзіць лесу на Стаўбцоўшчыне будучай вясной?

– Вясной лясгас плануе пасадку лясных культур на ўсіх участках, дзе былі высечкі. Плошча пасадак складзе не менш за 200 га. Лясныя культуры ў асноўным будуць змешанымі, а пасадачны матэрыял – з закрытай каранёвай сістэмай, што забяспечыць яго прыжывальнасць на 100 працэнтаў.

Будзем рады ўсім, хто з’явіць жаданне прыняць удзел у рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу – 2021», каб пасадзіць «свой» лес і адчуць уласную  адказнасць за зялёнае ўбранне нашай агульнай малой радзімы.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *