Пры падрыхтоўцы да палявых работ аграрыям важна мець у дастатковай колькасці розных відаў угнаенняў, насення, каб хапала механізатараў. І, разам з тым, перш за ўсё неабходна паклапаціцца пра тэхніку. Без дастатковай колькасці спраўных трактароў і агрэгатаў астатнія рэсурсы не задзейнічаць.
У механічных майстэрнях ААТ «Налібакі Агра» зараз актыўна вядзецца рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, якая будзе занята на веснавой сяўбе. Ад таго, наколькі якасна ён будзе праведзены, залежаць тэмпы выканання палявых работ.

– Кіраўніцтвам таварыства былі выдзелены грошы на закупку неабходных запасных частак, – гаворыць інжынер-механік Віктар Дошчачка. – Механізатары самі рамантуюць даручаныя ім агрэгаты, прыкладаюць старанні для таго, каб падчас пасяўной кампаніі тэхніка працавала надзейна. Зразумела, работы дастаткова, але працаўнікі ўкладваюцца ў графік, і ў пазначаны тэрмін ўсе сельгасмашыны будуць пастаўлены на лінейку гатоўнасці.
У гаспадарцы першай давялі да ладу глебаапрацоўчую тэхніку. Гэтымі днямі займаюцца рамонтам камбінаваных пасяўных агрэгатаў. Рамонтная база ў сельгаставарыстве створана даволі неблагая. Механічныя майстэрні ўкамплектаваны неабходнымі станкамі і інструментамі, што дазваляе своечасова спраўляцца з усімі тэхналагічнымі працэсамі.
На тэрыторыі машыннага двара, які з’яўляецца адным з лепшых сярод гаспадарак раёна, пастаянна падтрымліваецца парадак. З восені тэхніка на зімовае захоўванне пастаўлена згодна з правіламі. Людзям створаны належныя ўмовы не толькі для работы: ёсць бытоўка для прыёму ежы і адпачынку.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара