Каманда ДРБУ-135 — прызёр Кубка Мінскай вобласці па міні-футболе

Главное Спорт

image_pdfimage_print

Апошнія дні студзеня былі для стаўбцоўскіх футбалістаў паспяховымі. Каманда ДРБУ-135 заняла трэцяе прызавое месца на Кубку Мінскай вобласці па міні-футболе.

Сёлетні турнір для каманды выдаўся няпростым. Ён быў напоўнены як перамогамі, так і паражэннямі.

Фінальныя гульні Кубка вобласці па міні-футболе прайшлі ў Барысаве. У першы дзень стаўбчане сустрэліся з футбалістамі з Любані і Клецка. Вынік матча з любанскай камандай – нічыя (3:3). У напружанай гульні з кляччанамі нашы футбалісты атрымалі паражэнне – 2:5. Аднак мэта трапіць у тройку прызёраў Кубка не пакідала ігракоў. У другі фінальны дзень стаўбчане настроіліся і ў матчы з маладзечанскай камандай феерычна перамаглі – 4:2. Захапляльнай і цікавай стала сустрэча з барысаўчанамі: гульня была напружанай, аднак падчас яе ніводная каманда не забіла гол у вароты сапернікаў (0:0).

Цырымонія ўшанавання пераможцаў праходзіла ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры горада Барысава. Узнагароды камандам уручыў старшыня ГА «Федэрацыя футбола Мінскай вобласці» Алег Чыкун.

Трэнер каманды ДРБУ-135 Арцём Сукала тлумачыць, што гэта не лепшы вынік стаўбцоўскіх футбалістаў у падобным турніры, але заўсёды прыемна атрымаць месца на п’едэстале.

– Сёлетні Кубак запомніўся цікавай гульнёй і рашучымі галамі. Было шмат камандаў, з якімі гульня ішла напружана, але цікава. Сярод іх – футбалісты з Барысава і Любані. Матчы яны праводзяць дастойна, гуляюць прафесійна і зладжана.

Прыемнай навіной сёлетняга Кубка Мінскай вобласці па міні-футболе з’явілася тое, што Аляксандр Паляшчук стаў пераможцам у намінацыі «Лепшы бамбардзір турніру». Ён забіў у вароты сапернікаў шэсць галоў з дзевяці (астатнія тры – Уладзіслаў Рубін). Такую ўзнагароду Аляксандр атрымаў упершыню.

– Вельмі прыемна, што мае старанні і цярпенне былі заўважаны. Ёсць у гэтым і заслуга маіх партнёраў па камандзе, трэнера. Дзякуючы іх падтрымцы і даверу я атрымаў званне лепшага бамбардзіра і статус асноўнога іграка ў камандзе. Сёлетні турнір быў складаны, але мы з’ядналіся і паказалі нядрэнны вынік.

Цяпер каманда рыхтуецца да Чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Назва «ДРБУ-135» зменіцца на «Мінскаблдарбуд». Рыхтаваць каманду будзе ігрок зборнай Беларусі па міні-футболе Аляксей Юрага. Да асноўнага саставу (Вадзім Уставіч, Аляксандр Крамко, Арцём Сукала, Аляксей Дзягель, Дзмітрый Даўбейка, Аляксандр Паляшчук, Уладзіслаў Рубін, Мікіта Калодзінскі, Станіслаў Макась, Аляксей Юрага, Ягор Ляшчынскі) далучацца юнакі з Фаніпаля (Ігар Пастухоў, Сяргей Гаравалаў, Дзмітрый Стомаль, Аляксандр Маргун, Андрэй Лапшын, Юрый Джэнжэра). У сёлетнім чэмпіянаце не будзе ўдзельнічаць лепшы ігрок мінулага сезона Павел Туміловіч. Малады чалавек праходзіць службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Матчы пройдуць без Аляксея Рудзянка і Максіма Талэйкі: яны гуляюць у вышэйшай лізе.

На пачатак сезона стаўбцоўскія футбалісты маюць аптымістычны настрой. У мінулых турах камандзе не хапала канцэнтрацыі і ўважлівасці. Цяпер яны правялі работу над памылкамі і абяцаюць прадэманстраваць дастойную гульню.

Найбліжэйшы матч каманда «Мінскаблдарбуд» правядзе 13–14 лютага ў Стаўбцоўскім фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Сапернікамі стаўбчан стануць футбалісты са Старых  Дарог.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *