У пошуках брэнда Стаўбцоўшчыны

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

Дыялогавыя пляцоўкі набіраюць папулярнасць. Такая форма дыскусіі дазваляе разгледзець хвалюючыя пытанні ў розных аспектах. На мінулым тыдні былі абмеркаваны шляхі да культурна-турыстычнай прывабнасці Стаўбцоўшчыны.

У актавай зале ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама сабраліся прадстаўнікі розных сфер дзейнасці. Кожнаму з іх неабыякавыя развіццё турыстычнай галіны ў раёне і імідж роднага краю.

Мадэратарам сустрэчы выступіла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і кадравага забеспячэння ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Тамара Францкевіч. Яна пазнаёміла прысутных з інфраструктурай турызму на Стаўбцоўшчыне. А гэта чатыры турыстычныя прадпрыемствы, 22 аб’екты паказу, 26 аграсядзіб. «Усе яны па-свойму каларытныя», – адзначыла Тамара Анатольеўна.

Асноўнай мэтай дыялогавай пляцоўкі стаў пошук брэнда стаўбцоўскага краю. На Стаўбцоўшчыне шмат славутасцяў, і кожная з іх заслугоўвае ўвагі, таму прапановы былі розныя.

У першую чаргу слова было дадзена тым, хто кіруе вядомымі турыстычнымі комплексамі ў раёне. Сярод іх – загадчык філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына» Яўген Шавель, які пераканаў, што брэндам Стаўбцоўшчыны павінен быць Якуб Колас. Ён таксама выказаў занепакоенасць адсутнасцю ведаў у маладога пакалення пра свайго знакамітага земляка. Яўген Іванавіч лічыць: «Кожны вучань павінен пабываць у музеі песняра. Мы распрацоўваем для моладзі цікавыя інтэрактыўныя праграмы, квэсты. Было б цудоўна стварыць сувенірную прадукцыю».

Іншыя спікеры былі згодны з такімі прапановамі, але таксама ўносілі і свае. Дырэктар ДУ «ФАЦ Стаўбцоўскага раёна» Дзмітрый Сцепанюк пазнаёміў з ужо распрацаванымі турыстычна-спартыўнымі маршрутамі. Сярод іх – пешыя і веласіпедны. Па гэтых маршрутах можна завітаць у маляўнічыя мясціны Стаўбцоўшчыны – Рубяжэвічы, Сверынава, Смольню, Мікалаеўшчыну і інш.

Апошнім часам папулярнасць набірае аздараўленча-лячэбны турызм. Такі від адпачынку гасцям райцэнтра можа прапанаваць Стаўбцоўская ЦРБ. Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Часлава Уласік прадэманстравала прысутным тэматычныя відэаролікі. Яна адзначыла, што сёлета бальніца гатова аздараўляць жыхароў з суседніх раёнаў.

Крэатыўныя ідэі па развіцці турызму ўнёс дырэктар Старасвержанскага цэнтра культуры Павел Баран. Па спецыяльнасці ён менеджар па турызме. Сярод яго прапаноў – развіццё маладзёжнага турызму. Моладзь – тая аўдыторыя, якая заўжды гатова вандраваць, і чым больш незвычайнага, тым цікавей. Вядома, што такая аўдыторыя большасць часу праводзіць у інтэрнэце, часцей за ўсё ў сацыяльных сетках. Таму пільную ўвагу трэба надаваць масавай рэкламе. «Стварэнне інстаграм-акаўнтаў, тэлеграм-каналаў дазваляе зрабіць больш, чым здаецца. Гэта патрэбна ўлічваць і развіваць», – мяркуе малады чалавек.

Таксама сваімі думкамі падзялілася Алена Асаёнак, дырэктар ДУК «Стаўбцоўская дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа», Мікалай Мазур, дырэктар ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна», Алена Гарановіч, бібліятэкар Старасвержанскай бібліятэкі, Вольга Камко, намеснік дырэктара ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры», Яўген Сяліцкі, дырэктар ТАК «Высокі бераг», Віктар Яфрэмаў, аматар турызму.

Падчас дыялогавай пляцоўкі былі абмеркаваны і іншыя віды турызму: пазнавальны, рэлігійны, фестывальны і інш.

Была паднята тэма адсутнасці інфармацыйна-даведачнага цэнтра, што не спрыяе развіццю турызму. Завітаўшы на Стаўбцоўшчыну, госці павінны самі шукаць маршруты з дапамогай навігатара, у інтэрнэце. Гэтую праблему патрэбна вырашыць.

Вынік дыялогавай пляцоўкі падвяла намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая: «Прыемна, што дыялог адбыўся. Тэма ўзнята сур’ёзная. У найбліжэйшы час ужо на практыцы будзем рэалізоўваць ідэі, якія былі агучаны. Сярод іх – стварэнне інфармацыйна-даведачнага цэнтра, падрыхтоўка экскурсаводаў, распрацоўка турыстычных маршрутаў. Зразумела адно: для рэалізацыі ўсіх планаў нам неабходна аб’яднацца».

Мясцовыя славутасці

Стаўбцоўшчына мае багатую і старажытную гісторыю, асобае месца ў якой займаюць помнікі архітэктуры. Сярод іх – чыгуначны вакзал, што быў пабудаваны палякамі ў 1920 годзе (дарэчы, у цэнтры горада нямала будынкаў польскай архітэктуры). Найбольш уражваюць турыстаў царква святой Ганны ў Стоўбцах, касцёл святых Пятра і Паўла, царква Успення Прасвятой Багародзіцы і былая сінагога XIX стагоддзя ў Новым Свержані, касцёл святога Іосіфа ў Рубяжэвічах.

У ліку славутасцяў Стаўбцоўскага раёна – і Коласаўскі мемарыяльны заказнік, які аб’ядноўвае мясціны, звязаныя з паэтам: Смольню, Альбуць, Акінчыцы і Ласток.

Значнае месца на турыстычнай карце Стаўбцоўшчыны займаюць мемарыяльны комплекс «Дзяржынава», парк інтэрактыўнай гісторыі «Сула», ТАК «Высокі бераг».

Беларуская прырода заўсёды прываблівала вандроўнікаў. Стаўбцоўшчына багатая сваімі краявідамі і прыроднымі аб’ектамі. Сярод іх – славутая рака Нёман, возера Кромань, Налібацкая пушча, разнастайныя запаведнікі і крыніцы.

Апошнім часам папулярнасць набіраюць аграсядзібы. Многія з іх вядомы далёка за межамі раёна (Green House, «Нёманскі куток», «Хутар «Сабалінка», «У Міколы» і інш.).

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *