Напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу мы пацікавіліся ў жыхароў Стаўбцоўшчыны, што значыць для іх гэты форум і якіх рашэнняў яны ад яго чакаюць.
Яўгенія Кажабекава, першы сакратар раённага камітэта БРСМ:
– Усебеларускі народны сход – гэта падвядзенне вынікаў работы за апошнія пяць гадоў, а менавіта таго, што зроблена для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і дабрабыту кожнага яе жыхара. Беларусь – міралюбівая краіна, якая і далей павінна заставацца суверэннай і бяспечнай.
Лічу, што на форуме важна абмеркаваць тэму павышэння прэстыжу сям’і, удзяліць увагу развіццю рэгіёнаў, каб моладзь заставалася жыць у сельскай мясцовасці.
Безумоўна, для гэтага неабходна развіваць інфраструктуру. Я працую з моладдзю і часцей за ўсё чую ад яе, што не хапае месцаў для адпачынку. У 2022 годзе ў Стоўбцах плануецца правядзенне абласнога свята «Дажынкі», таму хацелася б, каб да гэтага часу ў нашым горадзе з’явіўся кінатэатр ці забаўляльны цэнтр.
Грамадская арганізацыя БРСМ прапануе маладым людзям папаўняць яе рады. На прапанову адгукаюцца як школьнікі, так і рабочая моладзь, якая хоча весці актыўнае жыццё, рэалізоўваць цікавыя ініцыятывы. Акцэнт у сваёй рабоце мы робім на культываванні здаровага ладу жыцця, фарміраванні адносін да ўласнага здароўя як да найвышэйшай каштоўнасці.
2021 год аб’яўлены ў нашай рэспубліцы Годам народнага адзінства. Праз свае маладзёжныя акцыі мы таксама імкнёмся згуртаваць наш народ. У далейшым плануем правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне ў падрастаючага пакалення патрыятызму і пачуцця любові да сваёй Радзімы.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара