
На Стаўбцоўшчыне пачалася вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі.
Праводзіцца яна вакцынай «Гам-Кавід-Вак», якая дазволена да прымянення Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь асобам ва ўзросце 18–60 гадоў, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў, з іх згоды ў арганізацыях аховы здароўя.
Вакцынацыя праходзіць на базе паліклінікі УАЗ «Стаўбцоўская цэнтральная раённая бальніца».
У першую чаргу вакцынуюць работнікаў арганізацый аховы здароўя (амбулаторна-паліклінічных, бальнічных, патолагаанатамічных устаноў, хуткай медыцынскай дапамогі, цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, лабараторый, якія праводзяць даследаванне на вірус SARS-CoV-2), устаноў адукацыі і ўстаноў з кругласутачным рэжымам знаходжання дзяцей і дарослых.
Вакцынацыя праходзіць у два этапы: спачатку ўводзіцца кампанент I у дозе 0,5 мл унутрымышачна ў дэльтападобную мышцу (знешнюю паверхню верхняй траціны пляча). На 21-шы дзень уводзіцца кампанент II, і таксама ў дозе 0,5 мл унутрымышачна.
Перад вакцынацыяй праводзіцца абавязковы агляд пацыента медыцынскім работнікам наконт супрацьпаказанняў. На працягу 30 хвілін пасля вакцынацыі ажыццяўляецца медыцынскае назіранне непасрэдна ў арганізацыі аховы здароўя, а ў далейшым медработнікі кантралююць стан здароўя на працягу трох дзён, а таксама на пяты-шосты дзень.
На працягу трох дзён пасля прышчэпкі рэкамендуем не мачыць месца ін’екцыі, адмовіцца ад наведвання саўны і лазні, не ўжываць алкаголь і пазбягаць празмерных фізічных нагрузак.
Памятайце, што самы надзейны спосаб перамагчы COVID-19 – гэта вакцынацыя.
ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»