ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 13 шлюбаў, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзесяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Багдан Сільвановіч, Ягор Багданаў, Арына Бябеніна, Алег Яўсейчык, Ілья Кулак, Аляксей Якубоўскі, Алёна Пракаповіч, Соф’я Кутас, Хрысціна Камароўская і Мацвей Жаваронак.
Зямны шлях закончыўся для дзесяці чалавек.
У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў без вогненных здарэнняў.
Міліцыяй зарэгістравана 151 паведамленне аб правапарушэннях, у ходзе якіх узбуджана восем крымінальных спраў, у пяці з іх устаноўлены падазраваемыя. З дзвюх кватэр стаўбчан прапалі мабільныя тэлефоны, яшчэ ў адной кватэры злодзей паквапіўся на кашалёк з грашыма і банкаўскімі карткамі. З дачнага дома ў Дудках зніклі 4,5 мяшкі мармуровай крошкі.
Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання патрабаванняў банкаўскага заканадаўства. Устаноўлена, што парушылі ўмовы крэдытных дагавораў, заключаных з банкамі, ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Аталезь-агра», ААТ «Шашкі» і ААТ «Жацерава». Утварылася запазычанасць, а таксама набегла пеня. Кіраўнікам названых гаспадарак вынесены прадпісанні.
Суд асудзіў да 180 гадзін грамадскіх работ 46-гадовага жыхара Заямнага, які з тэрыторыі піларамы выкраў электрапомпу з палівачным шлангам. 26-гадовы жыхар Літвы кіраваў транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення паўторна на працягу года, за што абмежаваны ў волі на адзін год з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на пяць гадоў і з буйным штрафам – у памеры 30 000 000 рублёў. Да нецвярозага кіроўцы прыменена і спецмера – канфіскацыя матацыкла «Іж-Юпітэр-3». На пяць сутак арыштаваны 42-гадовы жыхар Старога Свержаня: чарговы раз ён знаходзіўся на вясковай вуліцы ў нецвярозым стане.
ДАІ выявіла 162 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў –шэсць нецвярозых і дзесяць бяспраўных вадзіцеляў, 13 недысцыплінаваных пешаходаў і іншыя. Здарылася дзесяць дарожных аварый, у тым ліку дзве – з пацярпелымі. На вуліцы Цэнтральнай цялесныя траўмы атрымала ад наезду аўтамабіля стаўбчанка 2003 года нараджэння, якая пераязджала на веласіпедзе па пешаходным пераходзе. На скрыжаванні дарог Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын і Парачаны – Навагрудак –Нясвіж, паблізу Новай Вёскі, вадзіцель аўтамабіля «Аўдзі» пры выездзе з другараднай дарогі не прадаставіў перавагі руху велікагрузнаму аўтамабілю «МАН», які рухаўся па галоўнай дарозе, у выніку чаго адбылося сутыкненне. Вадзіцель легкавога аўтамабіля загінуў, у хірургічнае аддзяленне бальніцы шпіталізаваны яго непаўналетнія пасажыры, 2001 і 2003 гадоў нараджэння. Нагадваем, што на тэрыторыі раёна працягваецца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў – «Увага – дзеці!».
«Хуткая» выязджала да хворых 205 разоў, у прыватнасці, пяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.
ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ