15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

Традыцыйна 15 лютага воіныінтэрнацыяналісты раёна аддаюць даніну памяці сваім баявым таварышам і ўшаноўваюць матуль, якія не дачакаліся сыноў.

Пад апекай раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» знаходзяцца Зоя Георгіеўна Клімахіна ў Рубяжэвічах і Марыя Васільеўна Шалькевіч  у Запольцах. Марыя Васільеўна адзначыла летась 90-годдзе.  У Запольцах была цёплая сустрэча з віншаваннямі і падарункамі. Старшыня раённай арганізацыі Рыгор Мамайка прысвяціў Марыі Васільеўне свой верш – «Ляцяць буслы над роднай хатай».

– Кожную з гэтых жанчын мы наведваем і падтрымліваем. З вялікай павагай ставіцца да іх раённы выканаўчы камітэт, раённы ваенны камісарыят, – зазначае Рыгор Мамайка.

На жаль, літаральна гэтымі днямі прыйшла сумная вестка аб тым, што не стала «афганскай» матулі Янушкевіч Марыі Казіміраўны з Хатоўкі…

З-за хвароб і па іншых прычынах радзеюць і шэрагі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Апошнім часам пайшлі з жыцця Бохан Леанід Іванавіч з Наваколасава і Валовіч Аляксандр Іванавіч са Старога Свержаня. Ім было ўсяго 52 і 57 гадоў… Воіны-інтэрнацыяналісты ўдзельнічаюць у пахаванні сваіх таварышаў. Развітальная цырымонія, дзякуючы супрацоўніцтву з воінскай часцю 25819, абавязкова праходзіць з салютам у іх гонар.

Сёння ў раённай арганізацыі 87 воінаў-інтэрнацыяналістаў. Пра яе аўтарытэт і грамадскую значнасць гаворыць удзел воіна-інтэрнацыяналіста Міхаіла Мамайкі ў рабоце VI Усебеларускага народнага сходу.

У раённай арганізацыі склаліся свае традыцыі, і адна з іх – патрыятычная работа з моладдзю. Структурным падраздзяленнем арганізацыі з’яўляецца маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Стаўбцоўскі спартыўна-патрыятычны клуб баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны». У клуба ёсць поспехі, і гэта – тэма для асобнага артыкула.

Сёлета дзень памяці, 15 лютага, пройдзе (з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі) не так масава, як у мінулыя гады. Воіны-інтэрнацыяналісты Стаўбцоўшчыны збяруцца ў райваенкамаце, у 11 гадзін пройдзе мітынг і ўскладанне кветак да помніка загінулым землякам. У саборы святой праведнай Ганны заказана паніхіда па загінулых воінах-інтэрнацыяналістах і тых, хто памёр у мірны час.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

Фота Ксеніі РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *