Лёс афганца: «Ісці першым і застацца ў жывых «

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

Ігар Дроздадзіны на Стаўбцоўшчыне воінінтэрнацыяналіст з пасведчаннем інваліда баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Яму выпала двойчы вучыцца хадзіць.

Мы дамовіліся аб сустрэчы, і ў рэдакцыйны кабінет зайшоў даволі маладжавы, падцягнуты мужчына. Адразу пачаць з ім размову не выпадала, таму я спытала: «Вы не спяшаецеся?», на што мой суразмоўнік, нядоўга думаючы, выдаў: «Ага, на дыскатэку!..»

І я адразу зразумела, што перада мной – аптыміст, чалавек з пачуццём гумару. Гэта тым больш пасавала яму, бо я ведала, што Ігар Дрозд падчас баявых дзеянняў на тэрыторыі Афганістана страціў нагу… Гэта цяпер у Ігара Іванавіча сучасны пратэз, да якога ён так прызвычаіўся, што можа не толькі хадзіць, але і выконваць розную работу на дачы.

У размове пра здароўе мой суразмоўнік заўважае: «Калі непагадзь, то параненую костку, здаецца, нехта свідруе шылам…»

Раней Ігар Дрозд працаваў у розных арганізацыях (у яго, дарэчы, незакончаны «нархоз»), але ў 2011 годзе перанёс аперацыю на сэрцы. З тых пор дома. Высвятляецца, што без справы не сядзіць. З вясны і да позняй восені – на агародзе. У іх з жонкай 20 сотак зямлі ў Задвор’і. Чаго там толькі яны не вырошчваюць!..

«У акопы!» Рэальная вайна

Ігар Дрозд закончыў стаўбцоўскую школу № 1. Пайшоў працаваць у райсельгасхімію слесарам. Былі такія планы, што яго са старэйшым братам забярэ і працаўладкуе на КамАЗ сваяк, які быў там выпрабавальнікам. Але восенню 1982 года, як хлопцу споўнілася васямнаццаць, прыйшла павестка з ваенкамата.

«Не, не  засмуціўся, бо хацеў служыць у арміі. Нават двойчы спрабаваў паступіць у ваеннае вучылішча ў Маскву», – апярэджвае маё пытанне Ігар Іванавіч.

Спачатку быў у воінскіх часцях у Мар’інай Горцы, Барысаве. І раптам сярод ночы – пад’ём па трывозе і пагрузка ў вагоны. Так аказаліся на палігоне ў Тэрмезе, дзе быў разбіты палатачны лагер. Навабранцы паўтара месяца асвойвалі снайперскую справу, вучыліся зараджаць зброю, кіраваць танкам.

У Файзабадзе (горад у паўночнай частцы Афганістана. – Заўвага рэдакцыі) іх сустрэў аналагічны палатачны лагер за калючым дротам. Навокал – кішлакі, горы… Вельмі нязвычныя пейзаж і клімат. Душманы ведалі, што прыбыло маладое папаўненне, таму пачалі яго артабстрэл на першым жа пастраенні.

– Усім каманда: «У акопы!» І загад: «Не размаўляць! Не курыць! Не свяціць!» Гадзіны паўтары так прасядзелі. Страшна! Па тэлевізары неяк не так паказвалі… – прыгадвае Ігар Дрозд.

Яго размеркавалі ў разведроту 860-га асобнага мотастралковага Пскоўскага Чырванасцяжнага палка.

За ім ішлі 40 чалавек

Вось што расказвае пра службу ў Афганістане Ігар Дрозд:

– Суправаджалі калоны з прадуктамі. Выконвалі баявыя заданні. Аднойчы трэба было праверыць, ці ёсць у населеным пункце душманы. Раздзяліліся на дзве групы. Як камандзір аддзялення я ішоў першым. Ужо па сцежцы спускаліся з гары, як здарылася непапраўнае. Падарваўся на супрацьпяхотнай міне… Хацеў падняцца, а нагі ніжэй калена няма…

Таварышы выклікалі «вяртушку», і я аказаўся ў санчасці. Пасля аперацыі да мяне прыйшоў камандзір роты. Падзякаваў і ўручыў ордэн Чырвонай Зоркі. Пазней высветлілася, што горы былі замініраваны і загінуць маглі ўсе 40 чалавек, якія ішлі за мною.

Рэабілітацыю праходзіў у Кіеўскім ваенным шпіталі. Вы пытаецеся, ці перажываў я?  Не тое слова!.. Я не ведаў, як напісаць пра ўсё бацькам. Ды яны самі здагадаліся па маім пісьме: яно прапахла лекамі. Адразу прыехаў у шпіталь бацька, потым – матуля з цёткай. Але тут усе былі такія: хто без нагі, хто без рукі, таму сустрэча прайшла нармальна.

Хадзіць вучыўся на вучэбным пратэзе. Начальнік шпіталя не шкадаваў нас і трэніраваў да тых пор, пакуль нага не сціралася да крыві. Затое я сумеў на пратэзе не толькі хадзіць, але і бегаць.

У Мінску на пратэзным заводзе мне зрабілі драўляны пратэз. Потым быў алюмініевы. А цяпер у мяне пластыкавы. Ён дарагі, з нямецкіх матэрыялаў (усе выдаткі кампенсуе дзяржава), і вельмі зручны. Праз кожныя два гады пратэз падлягае замене. Уяўляеце,  дома ў мяне іх цэлая выстаўка!

У 2007 годзе фонд «Памяць Афгана» ўручыў мне ў Мінску, на Востраве Слёз, падарунак – аўтамабіль «Дэу- маціз». І  райвыканкам у свой час дапамог з жыллём: адразу я атрымаў у Стоўбцах двухпакаёвую кватэру, а калі ў сям’і з’явілася двое дзяцей, – трохпакаёвую.

Замест эпілога

У лёсе стаўбчаніна Ігара Дразда тры знакавыя даты. 12 снежня 1982 года прыбыў для праходжання тэрміновай ваеннай службы ў Афганістан. 25 лютага 1983 года атрымаў раненне. 5 ліпеня 1983 года яго камісавалі з войска. Пачаўся новы этап жыцця, і дзякуючы асабістай сіле волі, падтрымцы воінаў-інтэрнацыяналістаў ён аказаўся вышэй за жыццёвыя абставіны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *