У цэнтры ўвагі – жывёлаводы ААТ «Каганец»

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У ААТ «Каганец» завітала прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод», каб ушанаваць лепшых працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны.

Работнікаў ААТ «Каганец» ушанавалі за старанную працу

Сярод перадавікоў – 11 работнікаў фермаў, і кожнаму з іх былі ўручаны падзячнае пісьмо раённага выканаўчага камітэта і падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Прыклад паказваюць аператар машыннага даення Алена Райская, жывёлаводы Віктар Бычынскі і Галіна Заварына, аператар па штучным асемяненні Валянціна Паляшчук (МТФ «Засулле»), аператар машыннага даення Алеся Пярмінава, слесары па рамонце і абслугоўванні абсталявання Аляксандр Старажынскі і Віктар Касцюк, брыгадзір вытворчай брыгады Галіна Каробка (МТФ «Зарэчча»), слесары Мікалай Бохан і Якаў Шаламаў, слесар па рамонце і абслугоўванні абсталявання Аляксандр Кобзеў (МТФ «Ячонка»).

Удзячнасць ім за добрасумленную працу прыехаў выказаць першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама  Іван Загдай.

У некаторых работнікаў, з улікам трохразовай дойкі, быў якраз перапынак у рабоце, некаторыя трапілі на ўрачыстасць непасрэдна з працоўнага месца.

– Вы гордасць раёна, – звярнуўся Іван Міхайлавіч да прысутных, – і дзякуючы вам гаспадарка дабіваецца высокіх вынікаў і займае лідарскія пазіцыі.

Свой калектыў імкнецца падтрымаць і дырэктар гаспадаркі Пётр Малахаў. Па яго ініцыятыве са снежня мінулага года ў ААТ «Каганец» праводзіцца конкурс, так бы мовіць, акцыя «Наш жывёлавод» унутры гаспадаркі, якая дазваляе ўшаноўваць старанных работнікаў па выніках працы літаральна за кожны месяц.

У конкурсе вызначаны чатыры намінацыі, створана камісія ў складзе старшыні прафкама Галіны Шырвель, спецыяліста па кадрах Святланы Манцывода і намесніка галоўнага бухгалтара Марыны Дзяргай. Пры аб’ездзе фермаў да членаў камісіі далучаюцца і брыгадзіры, каб мець магчымасць вучыцца, пераймаць вопыт у калег. За фермамі, дарэчы, замацаваны спецыялісты гаспадаркі, якія не толькі падказваюць, але і ажыццяўляюць кантроль за парадкам у памяшканні і на тэрыторыі.

Такім чынам, адначасова з ушанаваннем у рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» кіраўніцтвам ААТ «Каганец» былі падведзены вынікі ўнутрыгаспадарчага конкурсу за студзень. Дырэктар Пётр Малахаў уручыў грашовыя прэміі аператару машыннага даення Аксане Маліноўскай, жывёлаводам Галіне Заварынай і Віктару Бычынскаму, а таксама – за першае месца сярод фермаў – калектыву фермы № 2 на чале з брыгадзірам Галінай Каробка.

Кожны жывёлавод атрымаў па 100 рублёў, а калектыў названай фермы – 1000 рублёў. Сапраўды, ёсць да чаго імкнуцца! Акрамя таго, на кожную ферму быў перададзены салодкі пачастунак – торт, каб работнікі маглі разам папіць чаю і сагрэць душу добрай размовай.

– У нашых працаўнікоў нядрэнны заробак, але мы хочам даць ім дадатковы стымул працаваць яшчэ лепш, – кажа старшыня прафкама Галіна Шырвель і тлумачыць: – Яны ўсе вызначаюцца адказным падыходам да справы, перажываюць за агульны вынік.

І яшчэ такая добрая навіна: у пачатку года ААТ «Каганец» набыло 16-месны аўтамабіль ГАЗ А62, на якім плануюць не толькі дастаўляць работнікаў да месца працы, але і выязджаць на экскурсіі, святы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *