Наш шаноўны чытач

Важное Год малой родины

image_pdfimage_print

Дзе толькі не жывуць чытачы раённай газеты «Прамень»…  Іх можна сустрэць у кожнай вёсцы, на любой вуліцы райцэнтра. Нам расказваюць, як нярэдка нашы падпісчыкі ў чаканні свежага нумара газеты выходзяць сустракаць паштальёна на двор. І  не перашкода ім суровая зіма з завірухамі і сумётамі…

Асабліва кранальна бачыць, як ставяцца нашы чытачы да газеты.

Вось і Павел Міхайлавіч Шут з вёскі Падлессе (Старасвержанскі сельсавет) расказвае пра сваё жыццё-быццё і адначасова разгладжвае рукой на стале апошні нумар раёнкі. Яго наш падпісчык атрымаў некалькі дзён таму і ўжо перабраў кожную старонку, але штосьці яшчэ перачытвае. Прызнаецца, што падводзіць зрок, літары ўжо «скачуць», але акулярамі ўсё роўна не карыстаецца.

Колькі гадоў выпісвае «Прамень», Павел Міхайлавіч і не прыпомніць. Кажа, што ўсё жыццё. Газета ляжыць у найлепшым месцы, ля акна, побач з самымі неабходнымі рэчамі. Сярод іх – і мабільны тэлефон.

Штодзень тэлефануюць Паўлу Міхайлавічу дзеці (іх у яго трое – два сыны і дачка), унукі. У выхадныя хтосьці прыязджае. Усе хвалююцца за дзядулю.

Ён жыве адзін, жонка даўно памерла, а за плячыма ў яго – дзевяць дзясяткаў гадоў. «Не веру, не можа быць! – нібыта паджартоўвае над сабой мужчына. – Таблетак ніякіх не ўжываю. Дактароў не ведаю. Раней зубны боль даймаў, а цяпер няма чаму балець… У гэтым годзе стаў хадзіць з палачкай. Слізка, баюся ўпасці…»

Павел Міхайлавіч яшчэ сам упраўляецца па доме.

– Хата вялікая. Я ж яе і будаваў, – з гонарам кажа гаспадар. – Устаю  рана і адразу распальваю печку. Рыхтую снеданне. Потым кармлю сваю гаспадарку. З ёю неяк весялей – у мяне тры куркі і певень, сабака і два каты.

У гаспадара ля ганка стаяць напагатове санкі, каб лягчэй было перапраўляць усё неабходнае ў хлеў, а з хлява дастаўляць у хату. На санках падвозіць і дровы.

Павел Міхайлавіч пачаў працаваць з сямі гадоў. У бацькі было сваё вялікае поле. «І падаткі былі такія ж вялікія», – урэзалася яму гэта ў памяць. Заўважае, што любіў коней, іншую жывёлу. У 1951 годзе пайшоў у армію. А калі вярнуўся, то трапіў са свайго колішняга Мірскага раёна на Стаўбцоўшчыну. «У прымы, – так азначае мой суразмоўнік гэты жыццёвы паварот. – Жонка, Ніна Іосіфаўна, увесь час даіла кароў у мясцовым калгасе, а я карміў жывёлу на свінаферме».

У цёплую пару Павел Міхайлавіч любіць бавіць час на двары. Не тое цяпер. Ён нікуды не ходзіць, а ўсе навіны  знаходзіць у «Прамені» ды ў тэлевізары. Дзеці зрабілі ў яго доме рамонт, а да 90-годдзя навезлі бацьку і дзядулю розных падарункаў.

– А што мне трэба? – задаецца пытаннем умудроны жыццём юбіляр. – Думкі мае пра тое, каб усе былі здаровыя.

Вам, шаноўны Павел Міхайлавіч, моцнага здароўя і сонечных, асветленых «Праменем», дзён.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *