Клаўдзія Шэйна – з тых людзей, якія любяць і ўпрыгожваюць тое месца, дзе жывуць.
Нарадзілася Клаўдзія Сцяпанаўна на Брэстчыне, але лёс закінуў яе на Стаўбцоўшчыну, у вёску Несцеравічы (Налібацкі сельсавет). Гэта радзіма мужа, якая і для яе стала блізкай. Жывуць тут працавітыя і спагадлівыя людзі. На долю старэйшага пакалення выпала ў гады вайны выгнанне ў Нямеччыну на прымусовыя работы. У сувязі з гэтым пакутныя Несцеравічы і сёння называюць вёскай вязняў.
Свайго любага Нікадзіма знайшла Клаўдзія не ў Беларусі, а ў разбураным пасляваенным Кёнігсбергу (сучасны Калінінград), куды і ён, і яна, круглая сірата, прыехалі на заработкі. Маладыя пакахалі адно аднаго. Пажаніліся. У іх нарадзіўся першынец – сын Вячаслаў.
Потым Нікадзіма прызвалі ў армію, і маладая жонка з дзіцем на руках вырашыла ехаць у Несцеравічы. Бацькі мужа прыветна прынялі жанчыну. Разам з усімі вяскоўцамі яна аднаўляла Несцеравічы, дашчэнту спаленыя карнікамі.

Перажылі цяжкія часы. Шэйны жылі ў нястачы, але будавалі сваю хату. У сям’і нарадзіліся яшчэ двое сыноў – Генадзь і Пётр.
– Шчыравала ў паляводчай брыгадзе ў саўгасе «Налібоцкі». Усе работы прыходзілася выконваць уручную. Але мне, маладой, здавалася, што так і трэба, – прыгадвае мінулае жанчына.
Клаўдзія Сцяпанаўна і сёння не-не ды і заспявае – калісьці песня дапамагала ёй спраўляцца з любой работай. Аўдавела, нясцерпна даймаюць розныя балячкі, але на яе твары ззяе ўсмешка, у вачах – удзячнасць. «Дзеткі вы мае дарагія», – па-мацярынску сустракае яна нас.
Са мной – прадстаўнік Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Жанна Дошчачка, якая перадае Клаўдзіі Сцяпанаўне віншаванні з 90-годдзем і падарунак. Галоўны наказ вясковаму старажылу – каб Бог дараваў здароўе. У Несцеравічы да Клаўдзіі Сцяпанаўны імкнуцца дзеці і ўнукі (у жанчыны ўжо і шэсць праўнукаў!) са Стоўбцаў і Мінска. Яна аб’ядноўвае вялікі род.

У апошнія гады пасля хваробы Клаўдзія Сцяпанаўна мае патрэбу ў пастаяннай дапамозе. У будныя дні побач з ёю знаходзіцца добрая жанчына Надзея Панкевіч. Яна не баіцца ніякай работы, прыехала ў вёску са Стоўбцаў і даглядае Клаўдзію Сцяпанаўну так, што душа радуецца. За гэта Надзеі Антонаўне хочацца нізка пакланіцца… У доме напалена, адмысловы парадак і нават вядзецца сякая-такая гаспадарка. На падворку сакочуць куры, і чатырохногі вартаўнік Рэм не сядзіць моўчкі: убачыўшы нас, старанна «адпрацоўвае» свой хлеб. Клаўдзія Сцяпанаўна сваю памочніцу называе не інакш як «мая красотка» і вельмі чакае яе прыезду ў панядзелак.
А ў выхадныя дні ў бацькоўскую хату спяшаюцца сыны. Кожны – з пачуццём павагі і ўдзячнасці да матулі. Яны забяспечваюць усім неабходным, ад дроў да прадуктаў харчавання.
Мы жадаем Клаўдзіі Сцяпанаўне, доўгажыхарцы Несцеравічаў, каб доўжыўся яе век. Многія леты! На што юбілярка, не раздумваючы, адказвае: «Буду імкнуцца!»
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара