Перад вераснем

Адукацыя Нумары

ІНАВАЦЫІ: МАЯ ПРАФЕСІЯ – НАСТАЎНІК

Ужо18 гадоў  я – настаўнік. Мне падабаецца мая прафесія. Я заўсёды хацела правесці ўрок так, як гэта рабіла мая першая настаўніца Галіна Мікалаеўна Латушка:  каб вочы ў дзяцей гарэлі, каб яны не хацелі ісці дадому са школы, каб кожную раніцу беглі ў клас з задавальненнем.

Я пачала эксперыментаваць з рознымі  метадамі і формамі навучання. Хутка заўважыла, як нестандартныя ўрокі падабаюцца дзецям, як вучні з нецярпеннем чакаюць іх. Толькі заўсёды мяне хвалявала пытанне: як зрабіць так, каб на першым месцы ў дзяцей былі веды, а ўжо потым адзнака?

І вось аднойчы мне пашчасціла трапіць на семінар, дзе я пазнаёмілася з метадам актыўнай ацэнкі. Праводзілі гэты семінар польскія калегі. Спачатку мне было многае незразумела, але, унікаючы ў сутнасць метаду актыўнай ацэнкі, я стала разумець, што гэта менавіта тое, што дапаможа мне змяніць меркаванне вучняў і бацькоў аб школе і аб атрыманні ведаў. Таму хачу на старонках газеты расказаць, у чым  асаблівасць гэтага метаду.

Задумайцеся над тым, якое пытанне вы задаяце свайму дзіцяці, калі тое прыходзіць са школы. Хутчэй за ўсё: «Як справы ў школе? Што ты сёння атрымаў?»  Калі вашы сын ці дачка з’яўляюцца паспяховымі вучнямі, яны з задавальненнем раскажуць вам аб сваіх дасягненнях. А калі не, то такія пытанні выклічуць у дзіцяці агрэсію, навучаць хлусіць, а ў сярэдніх і старэйшых класах – прагульваць школу. Ды і якую інфармацыю вы атрымліваеце ад такіх пытанняў? Па вялікім рахунку – ніякай. Галоўнае, каб была добрая адзнака. А вось якім шляхам яна атрымана, вас не цікавіць. Магчыма, вучань  спісаў  ці за яго выканаў заданне сусед па парце, а можа,  проста выпрасіў адзнаку ў настаўніка з дапамогай слёз і ўгавораў. Бо дзіця ведае, што маме і тату важныя адзнака і бал атэстата. Такая сітуацыя склалася ў большасці сем’яў.  Адзнакі матывуюць старанных вучняў, а тых,  у каго слабая паспяховасць,  дрэнным вынікам не спалохаеш. А паспяховыя дзеці адчуваюць страх перад адзнакай.

А цяпер уявіце сітуацыю, якая ўзнікае ў сем’ях, дзе дзеці і бацькі пад кіраўніцтвам настаўніка прынялі метад актыўнай ацэнкі і з задавальненнем навучаюцца па яго модулях. Вучань прыходзіць са школы дадому, а бацькі ў спакойных абставінах  дзеляцца з дзіцем навінамі, задаюць ужо іншыя пытанні, цалкам адрозныя ад традыцыйных. Напрыклад, аб чым новым ты даведаўся сёння ў школе? Што было цікава? Што табе было незразумела? Над якой тэмай нам трэба папрацаваць дома, каб ты лепш разабраўся? Метад актыўнай ацэнкі – гэта прадастаўленне інфармацыі, якая дапамагае  вучыцца вучню і кантраляваць вучобу бацькам. Не адзнака ставіцца на першае месца, а веды і ўменне вучня. Метад актыўнай ацэнкі дае магчымасць кожнаму дзіцяці развівацца ў сваім тэмпе, са сваімі маленькімі і вялікімі дасягненнямі. Пры выкарыстанні метаду актыўнай ацэнкі вучні заўсёды ведаюць мэту ўрока, простую і зразумелую ім. Яны ведаюць, чаму павінны навучыцца на ўроку.  Пры гэтым метадзе настаўнік перад кожнай тэмай на ўроку акрэслівае кола пытанняў, якія павінны засвоіць вучні.  На пытанне  аб тым, што будзе на кантрольнай рабоце, настаўнік можа сказаць: «Усё, што праходзілі». Але ж гэта можа быць проста велізарны матэрыял, а па метадзе актыўнай ацэнкі настаўнік указвае канкрэтныя модулі, якія будуць ацэньвацца балам. Задача настаўніка, які працуе па метадзе актыўнай ацэнкі, – зрабіць так, каб кожны  ў класе справіўся з заданнямі без стрэсаў і нерваў. Паміж бацькамі, вучнем і настаўнікам заўсёды ёсць зваротная сувязь.  Настаўнік  піша водгук для бацькоў ці самога вучня  пасля ўсялякага роду праверачных работ. У гэтай зваротнай сувязі можна ўбачыць станоўчыя моманты работы, ёсць там і ўказанні на памылкі, і рэкамендацыі, дзе можна пачытаць і паўтарыць матэрыял, а таксама, калі работа выканана ідэальна, то ёсць прапановы, дзе можна прымяніць свае веды па гэтай тэме (дапамагчы і растлумачыць сябру, паспрабаваць выканаць заданні павышанай складанасці па вызначанай тэме). Такія лісты я пішу бацькам сваіх вучняў па электроннай пошце, а потым атрымліваю на іх адказы. Працуючы ў пачатковай школе, бачу, што многія бацькі вельмі зацікаўлены ў ведах сваіх дзяцей, а з дапамогай такіх лістоў мы разам дапамагаем дзіцяці засвоіць праграмны матэрыял. Пры выкарыстанні метаду актыўнай ацэнкі вучні не падымаюць руку, бо звычайна адказваюць тыя, хто актыўна працуе і жадае гэта зрабіць. А ў класе можа быць сарамлівы і няўпэўнены ў сабе вучань, які ніколі не адважыцца папрасіцца адказваць. Пры метадзе актыўнай ацэнкі для адказу дзеці выклікаюцца з дапамогай выпадковага выбару (напрыклад, наўздагад з дапамогай палачак, на якіх напісаны прозвішчы і імёны дзяцей). Але перш чым выцягнуць палачку з прозвішчам таго, хто будзе адказваць на пытанне, настаўнік дае час падумаць і толькі пасля гэтага выклікае. Гэты прыём прымушае ўсіх вучняў класа думаць і шукаць адказы на пытанні. Дзеці вучацца аналізаваць, ацэньваць працу і выказванні сваіх аднакласнікаў, а таксама саміх сябе.

Вядома, без дапамогі бацькоў такі метад не будзе працаваць, бо адзін настаўнік у полі не воін. І таму трэба спачатку пераканаць бацькоў, што галоўнае ў школе – гэта не адзнака, а веды, а ўжо потым ужываць гэты метад у класе. Адной з маіх маленькіх перамог я якраз і лічу перакананне бацькоў у важнасці атрымання іх дзецьмі менавіта ведаў. Мне здаецца, я змагла пераканаць бацькоў, што ліпавая дзясятка ў дзённіку ў сто разоў горшая, чым абгрунтаваная васьмёрка, да якой будзе прыкладзены лісток са зваротнай сувяззю і каментарыямі наконт удасканалення ведаў.

Ала ЯРМАК,настаўніца пачатковых класаўсярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы

 

ДЛЯ СФЕРЫ АДУКАЦЫІ: З БЮДЖЭТУ І ПА-ЗА ІМ

У 2014 годзе аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама з раённага бюджэту выдзелена 124,5 мільярда рублёў. А ўсяго на сацыяльную абарону для фінансавання сферы адукацыі раёна прадугледжана 118,2 мільярда рублёў, ці 95 працэнтаў (у сярэднім у вобласці –  86,3 працэнта).

Для якаснай арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу выкарыстоўваюцца не толькі аб’ёмы бюджэтнага фінансавання, але і даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў адукацыі. За паўгода аб’ём платных паслуг склаў 2,3 мільярда,  амаль на мільярд больш, чым летась.

 

МЕРАПРЫЕМСТВЫ: ВОДНАЕ ШОУ СА СПАРТЛАНДЫЯЙ

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях  у дзіцячых аздараўленчых лагерах «Церамок» і імя Чайкі правялі сумесную акцыю «Цвярозая моладзь – здаровая нацыя».

Мэта акцыі – прафілактыка алкагольнай залежнасці, правапарушэнняў і прапаганда здаровага ладу жыцця. А таксама навучанне дзяцей асновам пажарнай бяспекі і паводзін у экстрэмальных умовах, садзейнічанне арганізацыі актыўнага вольнага часу падлеткаў і моладзі, іх згуртаванню шляхам правядзення спартыўных мерапрыемстваў. 

Для рабят былі арганізаваны гульнявы  трэнінг «Права выбару» і сустрэча з валанцёрам па прапагандзе здаровага ладу жыцця. А таксама круглы стол на тэму «Адмова ад алкаголю – выбар на карысць здароўя» з правядзеннем анкетавання. Займальным і цікавым быў гульнявы  камунікатыўны трэнінг «Дзеянні на выпадак пажару і надзвычайнай сітуацыі». Дзеці не толькі адказвалі на пытанні, як паводзіць  сябе падчас навальніцы або неардынарнай сітуацыі на вадзе, а і змаглі пасядзець у пажарнай машыне, з задавальненнем прынялі асвяжальны душ з пажарнага шланга. Пасля воднага шоу  паміж дзвюма камандамі была праведзена спартландыя «Бягом за здароўем!». Спаборнічалі важатыя і дзеці. Праводзілі таксама  конкурсы, эстафеты.

Арганізатары акцыі падкрэслілі, што дзеці і падлеткі ўважліва выслухалі ўсіх выступаючых, станоўча адказалі на пастаўленыя ў анкетах пытанні і дакладна  прадэманстравалі дзеянні, якія неабходна выконваць у экстрэмальных сітуацыях. Усе атрымалі вялікі зарад бадзёрасці падчас спартыўных спаборніцтваў.

 

ВЫНІКІ: УСЕ ВЫПУСКНІКІ СТАЛІ СТУДЭНТАМІ

На бюджэтную форму навучання паступілі ўсе 8 выпускнікоў Налібацкай сярэдняй школы. Пяць з іх сталі студэнтамі ВНУ, тры – студэнтамі каледжаў.

Адметна, што тры выпускнікі з’ўяляюцца  студэнтамі Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка – будучыя настаўнікі хіміі, біялогіі і дашкольнай адукацыі. Яшчэ двое выбралі Беларускі дзяржаўны эканамічны і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэты. Двое выпускнікоў паступілі ў Маладзечанскі політэхнічны каледж  і адна выпускніца – у Слуцкае медвучылішча. Такі выдатны вынік паступленняў выпускнікоў забяспечыў Налібацкай школе высокі рэйтынг па паступленнях сярод устаноў раёна.

У новым навучальным годзе за парты ў гэтай навучальнай установе сядуць 74 вучні. Адметна, што ў і выпускным класе, і ў першым будзе аднолькавая колькасць вучняў – па шэсць.

Школа вельмі добра падрыхтаванана да новага навучальнага года. Спонсарскую падтрымку навучальнай установе ў набыцці фарбы аказаў ТАА СЖК «Налібакі», дырэктар яго Віталій Кушнер атрымаў прызнанне бацькоў і педкалектыву.

Папячыцельскі савет таксама ўнёс сваю лепту ў правядзенне рамонту. Не лічыліся летам са са сваім часам тэхнічныя работнікі, настаўнікі, кіраўніцтва – з  любоўю і стараннасцю падрыхтавалі школу да новага навучальнага года. Спартыўную залу не пазнаць – пасля рамонту яна стала светлай, утульнай, прыгожай. Для дзяцей гэта будзе сапраўдным падарункам.

 

КАДРЫ: ВЫБРАЛІ ПЕДАГАГІЧНЫЯ ВНУ

У рабоце з кадрамі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прыярытэты расстаўляе так, каб рыхтаваць выпускнікоў сваіх школ для паступлення ў педагагічныя навучальныя ўстановы. І гэтая прафарыентацыйная работа дае плён.  Па выніках  уступнай кампаніі ў бягучым годзе 24 выпускнікі школ раёна выбралі педагагічныя ВНУ, у мінулым годзе – толькі пяць. Адметна, што з 16 маладых спецыялістаў гэтага года, 15 – выпускнікі школ нашага раёна.

Навучальныя ўстановы раёна да новага навучальнага года ўкамплектаваны кадрамі, аднак з прыцягненнем настаўнікаў пенсіённага ўзросту. У складзе настаўніцкіх кадраў іх 11 працэнтаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *