Сацыяльнае дыстанцыраванне забяспечваюць выязныя медагляды

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

У цяперашніх эпідэміялагічных умовах работнікам аддзялення прафілактыкі Стаўбцоўскай ЦРБ прыходзіцца не толькі карэкціраваць графікі праходжання перыядычных медаглядаў, але і ажыццяўляць іх на выездзе.

Летась самым напружаным быў перыяд са жніўня па снежань, калі па медыцынскія даведкі звярнулася адразу вялікая колькасць пацыентаў (сітуацыя стабілізавалася пасля выхаду Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 442 ад 25.11.2020, у адпаведнасці з якім на паўгода працягнуты тэрмін дзеяння даведак юрыдычных і фізічных асоб, калі тэрмін дзеяння такіх даведак заканчваецца з 10 лістапада 2020 года па 10 мая 2021 года. – Заўвага рэдакцыі).

– Каб зменшыць  плынь людзей у паліклініку, мы выязджалі ў філіял маторнага завода, – прыгадвае ўрач агульнай практыкі – загадчыца аддзялення прафілактыкі Ксенія Вебер. – Непасрэдна на прадпрыемстве, у ведамасным пункце аховы здароўя, правялі перыядычныя медагляды 650 чалавек. Над гэтым працавалі фактычна ўвесь ліпень разам з медперсаналам пункта.

У лістападзе – снежні мінулага года работнікі аддзялення прафілактыкі выязджалі на перыядычныя медагляды работнікаў ААТ «Агранёманскі», якія былі арганізаваны на базе Старасвержанскай амбулаторыі. І ўжо ў бягучым годзе такім чынам праведзены медагляды работнікаў ААТ «Вялікі Двор» і ААТ «Жацерава» – на базе Нававёскаўскай амбулаторыі і Горкаўскага ФАПа адпаведна.

Меддаведкі для вадзіцеляў і ўсынавіцеляў

Ксенія Вебер зазначае, што на Стаўбцоўшчыне ў 2021 годзе запланавана правесці перыядычныя медагляды ў адносінах да пяці тысяч чалавек.

– Як правіла, да 1 студзеня арганізацыі і прадпрыемствы раёна падаюць нам спісы работнікаў, якія павінны прайсці штогадовы медагляд. На падставе іх складаем графікі. Безумоўна, улічваем пажаданні суб’ектаў гаспадарання, – тлумачыць прынцыпы работы загадчыца аддзялення прафілактыкі.

Акрамя перыядычных медаглядаў прадугледжаны і папярэднія (па накіраванні арганізацый і прадпрыемстваў, службы занятасці – для тых, хто працаўладкоўваецца). Аддзяленне прафілактыкі таксама  займаецца дыспансерызацыяй. І, напэўна, кожны з нас можа прыгадаць шэраг жыццёвых сітуацый, калі неабходна медыцынская даведка. Да прыкладу, пры валоданні грамадзянскай зброяй, усынаўленні, атрыманні пасведчання на права жыхарства і г. д.

Сярод запатрабаваных паслуг – і медыцынская даведка, якая вызначае годнасць да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі. Тут варта сказаць, што Ксенія Вебер – старшыня вадзіцельскай камісіі, якая працуе  па пятніцах (з 14.00 да 17.00) і па суботах (у першую і трэцюю суботы месяца). Для праходжання вадзіцельскай камісіі аўтааматары могуць папярэдне запісацца ў рэгістратуры.

У цэнтры прафілактыкі каранавіруса

З пачаткам вакцынацыі супраць каранавіруса Ксенія Вебер прымае ў гэтай прафілактычнай кампаніі самы непасрэдны ўдзел: перад прышчэпліваннем яна ажыццяўляе медыцынскі агляд пацыентаў.

– Вакцынацыя праходзіць у планавым парадку. Тым, каго прышчэплівалі ў ліку першых, ужо пачалі ўводзіць другі кампанент. Назіраем за пацыентамі і бачым, што ўсё праходзіць нармальна. Акрамя некаторай адчувальнасці ў руцэ, на месцы прышчэпкі, ніякіх іншых скаргаў не паступала, – дзеліцца Ксенія Дзмітрыеўна.

Яна малады спецыяліст (працуе з верасня 2019 года), але ўжо мае другую кваліфікацыйную катэгорыю. Медыцына ёй падабаецца. Ёсць магчымасць для прафесійнага і кар’ернага росту.

Пад кіраўніцтвам Ксеніі Вебер у калектыве аддзялення прафілактыкі працуюць пяць медработнікаў. Рытм працы напружаны, але з планавым заданнем па аказанні паслуг справіліся ў 2020 годзе на 103 працэнты.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *