Клуб, дзе гадуюць патрыётаў
Маладзёжнаму грамадскаму аб’яднанню «Стаўбцоўскі спартыўна-патрыятычны клуб баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны» хутка споўніцца 20 гадоў. Займаюцца ў ім дзеці з розных школ раёна, якія потым дастойна праходзяць тэрміновую ваенную службу, а многія з іх выбіраюць прафесію абаронцы Айчыны, становяцца дастойнымі людзьмі, за якіх не сорамна ні бацькам, ні Стаўбцоўскаму раёну.
Паказаць падлеткам «Блакітнае неба»
Клуб працуе пад эгідай раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, і яго нязменным кіраўніком з’яўляецца воін-інтэрнацыяналіст, настаўнік фізічнай культуры і спорту СШ № 3 г. Стоўбцы Рыгор Мамайка. Залу для заняткаў ён уладкоўваў разам з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Дапамогу ў гэтых і іншых пытаннях аказвае раённы выканаўчы камітэт, дырэктар СШ № 3 Яўгенія Слесарчык, камандаванне 25-га арсенала, раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў.
Клубаўцы сёлета былі запрошаны на Усерасійскі турнір па армейскім рукапашным боі, прысвечаным гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана, на якім выступалі ў мінулыя гады і паказалі сябе моцным сапернікам расійскіх клубаў.
А летась у гонар 90-годдзя Паветрана-дэсантных войскаў Рэспублікі Беларусь клуб «Абаронца Айчыны» прадстаўляў Мінскую вобласць на міжнародным ваенна-патрыятычным злёце «Блакітнае неба». Між іншым, клуб «Абаронца Айчыны» – адзіны такі ў рэспубліцы, здольны даць паказальнае выступленне. Разам з выхаванцамі выступае і кіраўнік.
Рыгор Андрэевіч сцвярджае: «Дзеці ідуць у клуб, каб развіць у сабе сілу волі, байцоўскі характар, мэтанакіраванасць. Сярод выхаванцаў ёсць і дзяўчынкі».
Гавораць бацькі кадэтаў, сувораўцаў і будучых трэнераў
У клуб «Абаронца Айчыны» прыходзіць маладое папаўненне, і яму сапраўды ёсць з каго браць прыклад.
Летась паступіў у Нясвіжскі педагагічны каледж (спецыяльнасць – «фізічная культура і спорт») Уладзіслаў Васілеўскі, які займаўся ў клубе больш за пяць гадоў.
– Яму падабаецца займацца з малышамі, ён хоча стаць трэнерам, як і Рыгор Андрэевіч, – гаворыць мама Уладзіслава Алена Уладзіміраўна. – Мне радасна, што мой сын фізічна развіты, не мае шкодных звычак і марыць атрымаць вышэйшую адукацыю, вярнуцца працаваць у клуб.
У Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы займаецца з 2020 года Дзмітрый Хіла, для якога клуб стаў своеасаблівай стартавай пляцоўкай. Тут ён атрымаў спартыўныя разрады па лёгкай атлетыцы, а яшчэ – стаў прызёрам чэмпіянату рэспублікі па змешаных адзінаборствах і Усерасійскага турніру па армейскім рукапашным боі.
– Мы вельмі рады за Дзіму. Пабывалі ў яго на прысязе, – гаворыць бабуля Марыя Францаўна, якая разам з дзядулем гадуе ўнука з першых дзён яго жыцця. – А Рыгор Андрэевіч падштурхнуў яго да выбару прафесіі, калі сказаў: «Дзіма, з цябе атрымаецца добры афіцэр». Унук ганарыцца сваім трэнерам, які стварыў усе ўмовы для заняткаў і дапамог з падрыхтоўкай да экзаменаў.
Бабуля расказвае, што ў Дзмітрыя – напружаны графік, бо для яго важна не падкачаць у вучобе, апраўдаць давер. Сувязь з Рыгорам Андрэевічам ён падтрымлівае і сёння.
Ужо на перадапошнім курсе Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь былая выхаванка клуба Антаніна Бойка. Раней дзяўчына закончыла тое ж кадэцкае вучылішча, у якім цяпер займаецца Дзмітрый Хіла.
– У гэтым была заслуга Рыгора Андрэевіча, што мая дачка паступіла ў кадэцкае вучылішча. Ён накіроўваў яе: «А ты падумай!», «А ты не ідзі за ўсімі». Так яна і знайшла сябе. Вучыцца з павышанай стыпендыяй, – гаворыць матуля Віта Іванаўна. – Гэты клуб я заўважыла, калі яшчэ мая Тоня была маленькай. Але дачка трапіла ў яго не адразу, а толькі калі Рыгор Андрэевіч даведаўся, што яна ляўша. І Тоня была гатовая аддаць усё, каб займацца ў клубе. Калі ўзнікала ў яе якая праблема, яна ішла да Рыгора Андрэевіча. Ён для сваіх выхаванцаў як бацька. Клапатлівы, строгі, прынцыповы… Узор мужчыны. За кожнага ён перажывае, як за ўласнае дзіця, і чым мацней лёс «б’е» гэтае дзіця, тым бліжэй ён да яго. За ўсё хачу сказаць дзякуй Рыгору Андрэевічу!
Віта Іванаўна працуе, як і Рыгор Андрэевіч, у СШ № 3, настаўніцай пачатковых класаў. Яна расказала, што любіць прыводзіць сваіх вучняў на ўрокі здароўя ў залу, дзе па вечарах займаюцца клубаўцы. Тут, у акружэнні іх кубкаў, медалёў, фатаграфій і кніг – асаблівая аўра… Дзеці слухаюць гісторыю клуба з затоеным дыханнем.
Яшчэ адзін былы выхаванец клуба – Яўген Давыдоўскі – захацеў стаць афіцэрам і паступіў у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Хлопец вучыцца на выдатна і марыць пра ваеннае лётнае вучылішча.
– Мы ганарымся сынам. Ён займаецца лёгкай атлетыкай, плаваннем. Выступаў на рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы, – кажа бацька Яўгена Дзмітрый Аляксандравіч.
Выхаванец клуба, шматразовы чэмпіён Данііл Давыдзенка паступіў летась у БНТУ, але пры любой магчымасці прыходзіць у клуб на трэніроўкі. Ва ўніверсітэце ён займаецца ў секцыі бокса.
«Наш Дзмітрый Барысавіч», або кумір клубаўцаў
Расказваючы пра выхаванцаў клуба, нельга не сказаць пра Дзмітрыя Скачко. Сёння ён апора свайго настаўніка, яго аднадумец і памочнік. У летні перыяд быў з ім у лагеры для падлеткаў «Абаронца Айчыны». Разам, удвух, яны рыхтуюць усе выступленні клуба на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
– З незвычайнай гібкасцю і высокай байцоўскай тэхнікай, а самае галоўнае – яго культура, чалавечыя якасці, – так характарызуе свайго былога вучня Рыгор Мамайка. – Для выхаванцаў клуба ён не проста аўтарытэт. Ён іх кумір. Усе яго з пашанай называюць «наш Дзмітрый Барысавіч».
Дзмітрый Скачко – праграміст па адукацыі (закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт радыёэлектронікі і інфарматыкі), працуе ў райаддзеле міліцыі. Летась Дзмітрый Барысавіч з адзнакай закончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. Ён ужо капітан міліцыі.
Выхаванцы Рыгора Мамайкі не аддадуць перамогу
Сёлета некаторыя выхаванцы, выпускнікі школы, пакінуць клуб.
Сярод іх – шматразовыя пераможцы ў сваіх вагавых катэгорыях Іван Калодзінскі і Ілья Клімко, а таксама адзін з самых тытулаваных вучняў Рыгора Мамайкі – Іван Мілоў. «Гэта ён у цяльняшцы дошкі ломіць на кавалкі», – скажуць пра яго аднакласнікі, якія ведаюць, што хлопец збіраецца «штурмаваць» Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь.
З прыходам Івана ў клуб з’явілася навізна – байцоўскія смеласць і адвага. Іван вядзе бой так, каб не аддаць перамогу.
– У хлопца шмат укладвае яго сям’я. Бацька Івана служыў у разведроце і ў свой час таксама займаўся ў гэтай зале, дзе і сын, – удакладняе Рыгор Андрэевіч.
Клуб «Абаронца Айчыны» жыве і будзе жыць, пакуль у яго ёсць такія выхаванцы і такія трэнеры.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара