«Бабушкина крынка» сілкуецца ў Стоўбцах

Нумары У перапрацоўшчыкаў

Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната зрабіў першыя крокі ў запуску новай высокааўтаматызаванай тэхналагічнай лініі па вытворчасці фруктовых напаўняльнікаў для малочнай і кандытарскай прамысловасці Беларусі.

14 прамысловых прадпрыемстваў краіны далі ўжо заяўкі на паўфабрыкаты, якія будуць выкарыстоўвацца ў вытворчасці ёгуртаў, глазураваных сыркоў, пасты тварожнай, ягадна-фруктовага кефірнага прадукту, марожанага, пудынгаў, начынак для кандытарскай выпечкі і іншых малочных і мучных дэсертаў.

Выпушчаны пробныя партыі прадукцыі. Як расказвае галоўны інжынер філіяла Алег Барысевіч, у кожнага прадпрыемства свае патрабаванні да фруктовых напаўняльнікаў. Вытворцы імкнуцца іх выканаць. З мэтай вывучэння попыту і патрабаванняў малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў рэспублікі спецыялісты і тэхнолагі філіяла выехалі ў рабочыя камандзіроўкі на малочныя перапрацоўчыя камбінаты Ліды, Полацка, Оршы. Праведзены перамовы аб супрацоўніцтве з ААТ «Молочный мир», ААТ «Беллакт», Мінскімі гармалзаводамі, ААТ «Здравушка-Милк», «Бабушкина крынка». На прадпрыемствах праведзена дэгустацыя ўзораў напаўняльнікаў. Перад вытворцамі стаіць задача пашырэння геаграфіі і ахопу ўсіх малочных прадпрыемстваў рэспублікі. Больш за 10 відаў лабараторных распрацовак разгледжаны на камбінаце ААТ «Савушкин продукт», працягваецца распрацоўка рэцэптур для гэтага прадпрыемства. Паступіла афіцыйная заяўка на пастаўку напаўняльніку «Лясная ягада» з ААТ «Молочный мир».

Паралельна з выпускам фруктовых напаўняльнікаў працуюць лініі па разліве бярозавага і фруктовых сокаў і нектараў, садавіна-агароднінных кансерваў, пюрэ, павідла, джэмаў.

Прадпрыемства мае ўласную сыравінную базу. З садовага ўчастка ў Сіняве сабраны ўраджай клубніц, чорнай і чырвонай парэчкі, маліны. Пачынаецца сезон нарыхтоўкі яблыкаў. Сёлетні год – яблычны. Многія гаспадары рады будуць прадаць лішкі дароў свайго саду. Так што перапрацоўшчыкі могуць нарыхтаваць іх вялікую колькасць, каб круглы год быць з сыравінай для выпуску і рэалізацыі спажыўцам апетытнай прадукцыі.

За шэсць месяцаў сёлета стаўбцоўскім філіялам выпушчана прадукцыі ў фактычных цэнах на 12 309 мільёнаў рублёў, што складае 118 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Прадпрыемства актыўна ўдзельнічае ў электронных аўкцыёнах, выставах-дэгустацыях, праводзіць рэкламную дзейнасць.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымках:майстар Надзея Ярашэвіч; аператар Святлана Шваркунова; на вытворчай лініі працуюць Таццяна Дзям’янка і Вольга Зянько; на канвееры –  Валянціна Лапкоўская.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПРЫЯРЫТЭТЫ: ГАЮЧЫ БЯРОЗАВЫ СОК

Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната выйграў тэндар на электронных таргах і атрымаў прыярытэт пастаўкі бярозавага соку для арганізацыі школьнага харчавання ў аддзелы адукацыі Стоўбцаў, Быхава, Баранавіч, Оршы, Віцебска. Вітамінны прыродны напітак пастаўляецца для навучальных устаноў у шкляных бутэльках «твіст-офф».

Гэтае перапрацоўчае прадпрыемства першае ў рэспубліцы асвоіла разліў бярозавага соку і ў кардонныя ўпакоўкі bag-in-box ёмістасцю пяць і дзесяць літраў. На такую прадукцыю найбольш заявак з буйных гандлёвых сетак сталіцы і іншых гарадоў рэспублікі.

Вытворцы ў пастаянным пошуку новых найменаванняў бярозавага соку. У гэтым сезоне пастаўляюць спажыўцам купажыраваны бярозавы сок з кампанентамі, як бярозавы з душыцай, мятай, шыпшынай, бярозава-апельсінавы, бярозава-трапічны, бярозава-чарнічны, бярозава-яблычны.

У час анамальнага спякотнага лета бярозавы сок на прылаўках магазінаў быў адным з самых хадавых тавараў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *