У 2021 годзе аддзяленне паштовай сувязі ў аграгарадку Дзераўная пачало працаваць у новым фармаце

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

У 2021 годзе аддзяленне паштовай сувязі ў аграгарадку Дзераўная пачало працаваць у новым фармаце, паводле прынцыпу самаабслугоўвання.

Гэты пілотны праект рэалізаваны Мінскім філіялам РУП «Белпошта» і накіраваны на тое, каб вяскоўцы змаглі атрымаць на пошце комплекс паслуг разам з максімальна камфортным абслугоўваннем.

Літаральна за месяц у аддзяленні паштовай сувязі быў зроблены капітальны рамонт, і гэта відавочна ўжо з уваходных дзвярэй. Устаноўлена новае абсталяванне. На пошце значна пашырыўся асартымент тавараў, і да іх кліенты могуць свабодна падысці і выбраць неабходнае.

Жыхары аграгарадка ідуць на пошту, каб атрымаць паслугі і зрабіць пакупкі, аформіць падпіску на перыядычныя выданні, пры неабходнасці ажыццявіць плацяжы. У размове яны адзначаюць, што іх пошта цяпер нічым не адрозніваецца ад пошты ў горадзе. Гэтак жа прыгожа, утульна і сучасна.

Зручнае працоўнае месца і ў начальніка аддзялення Антаніны Жодзік, якая абслугоўвае кліентаў. Усе яны цяпер у ахоўных масках, па-зімоваму ўхутаны, таму пазнаваць іх прыходзіцца адразу па голасе. Для Антаніны Францаўны, якая больш за два дзясяткі гадоў працуе ў паштовай сувязі, гэта нескладана. У кліентаў карыстаюцца попытам экспрэс-адпраўленні, карэспандэнцыя «1-ы клас» і інш.

У аддзяленні паштовай сувязі ўстаноўлены праграмна-тэхнічны комплекс назірання за рэспубліканскімі паштовымі адпраўленнямі. Прымаюцца плацяжы ў сістэме АРІП. Навінка – сканер штрых-кода для разлікаў за тавары. Кліенты карыстаюцца і плацежна-даведачным тэрміналам, якім паштовае аддзяленне  было аснашчана пяць гадоў таму сярод першых у раёне.

Дастаўкай карэспандэнцыі займаюцца вопытныя паштальёны Вікторыя Чэмка і Наталля Кузёмка. У гэтым месяцы ў аддзяленне паступае 760 экзэмпляраў розных газет і часопісаў, сярод якіх кожнае трэцяе выданне – раённая газета «Прамень».

Аддзяленне адкрываецца ў 07.30, і людзі заходзяць сюды яшчэ да работы. Разлічыцца можна як наяўнымі грашамі, так і банкаўскай карткай.

Антаніна Жодзік кажа, што ўжо ў студзені, калі пошта пачала працаваць у новым фармаце, тавараабарот павялічыўся ў паўтара раза.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *