Гаварыць з моладдзю на роўных і знаходзіць кампраміс

VI Всебелорусское народное собрание Адукацыя Главное

image_pdfimage_print

VI Усебеларускі народны сход ужо стаў фактам гісторыі, а рашэнні, якія былі прыняты на галоўным форуме краіны, будуць доўга вызначаць шляхі развіцця нашай дзяржавы. Дэлегаты маштабнага мерапрыемства працягваюць дзяліцца сваімі ўражаннямі.

– На працягу двух дзён на сходзе ішла размова аб будучым нашай краіны, – расказвае настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА «Любкаўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа» Міхаіл Мамайка. – Выступленні былі яркімі і эмацыянальнымі. Як і ўсе прысутныя ў зале, уважліва слухаў нашага Прэзідэнта. Здаецца, не засталося ніводнай тэмы, якую б не закрануў кіраўнік дзяржавы.

Разам з пытаннямі развіцця эканомікі Прэзідэнт многа гаварыў аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Спакойнаму жыццю, суверэнітэту і стабільнасці летась быў кінуты сур’ёзны выклік, але дзякуючы моцнай уладзе ажыццявіць пераварот не ўдалося. Я меў размову з ветэранамі вайны ў Афганістане. Яны падтрымліваюць курс, якім ідзе сёння наша дзяржава, разумеючы, што магло быць, калі б людзі не з’ядналіся, бо ў яднанні і ёсць наша сіла. Толькі так мы захаваем незалежнасць і суверэнітэт. Відавочна, што ў той сітуацыі, якая склалася, неабходна кансалідацыя беларускага грамадства. Цяпер будучае нашай краіны як ніколі залежыць менавіта ад кожнага з нас. Усе разам мы нясём адказнасць за тое, што было, і за тое, што будзе наперадзе.

Мяне асабіста хвалюе патрыятычнае выхаванне моладзі, якой у найбліжэйшую пяцігодку адводзіцца вялікая роля. Аднак маладым людзям неабходна павысіць пачуццё грамадзянскай адказнасці як за лёс сваіх родных, так і ўсёй краіны, захаваць пераемнасць пакаленняў. Сярод удзельнікаў галоўнага форуму было нямала людзей у ваеннай форме, якія лічаць гэта галоўнай задачай. Нашай краіне патрэбны фізічна і маральна моцныя людзі, якія любяць сваю Радзіму і адданы ёй без астатку.

Мы павінны любіць і шанаваць тое, што маем, і рабіць усё для таго, каб жыць лепш. Памятаю, як нялёгка прыходзілася ў першыя гады незалежнасці.

У кожнага чалавека ў нашай краіне ёсць магчымасць зарабіць грошы. І я пастаянна гавару нашым былым выпускнікам, што дзеля гэтага трэба многа працаваць. Толькі ў такім выпадку можна стаць паспяховым. Неабходна цаніць і тое, што адукацыя ў нашай краіне бясплатная. Важным напрамкам стала ўстаноўка кіраўніка дзяржавы на павелічэнне заработнай платы працаўнікам сістэмы адукацыі.

На наступным тыдні я буду сустракацца з педагагічным калектывам і вучнямі старэйшых класаў нашай школы. Падзялюся з імі сваімі думкамі, адкажу на пытанні. З моладдзю трэба гаварыць на роўных і знаходзіць кампраміс. Цяпер мы нядрэнна жывём, а страціць можна ўсё ў адзін момант.

Размаўляю з вясковымі людзьмі, яны падтрымліваюць Прэзідэнта, бо маюць работу і неблагі заробак. Той, хто не лянуецца, мае дадатковы даход ад асабістай падсобнай гаспадаркі. У аграгарадку Любкаўшчына развітая сацыяльная інфраструктура.

Наша краіна спраўдзілася як суверэнная дзяржава. І сапраўды, калі ўсё беларускае грамадства будзе глядзець і рухацца ў адным напрамку, наша краіна будзе развівацца і зможа ганарыцца сваёй незалежнасцю.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *