Абслугоўванне

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

ПРАЕКТЫ: ЗА ПТУШКАЙ ШЧАСЦЯ

У рамках праекта «Рука дапамогі», які стартаваў у красавіку гэтага года, у раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло чарговае мерапрыемства па прапагандзе сямейных каштоўнасцяў сярод асоб сіроцкай катэгорыі. На гэты раз яно праводзілася пад назвай «У пагоні за птушкай шчасця».

– Справа ў тым, што кожны чалавек успрымае шчасце па-свойму, і для таго, каб сфарміраваць дакладнае агульнае яго паняцце, ад якіх фактараў шчасце залежыць, на сустрэчу былі запрошаны людзі з розных сацыяльных груп, – расказаў спецыяліст цэнтра  Сяргей Есіс. – А іменна, сіроты а таксама маці, дзеці якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і маці, дзеці ад якіх часова адабраны і на даны момант знаходзяцца пад дзяржаўнай апекай. І гэтыя людзі аб’яднаны агульнай думкай – абавязкова захаваць сям’ю.

Сярод удзельнікаў мерапрыемства было праведзена анкетаванне. Яго вынікі засведчылі, што самым каштоўным для кожнага з’яўляюцца сям’я і дзеці. І асабліва гэта актуальна для дзяцей-сірот, якія бачаць сваё далейшае жыццё менавіта ў сям’і. Пакрыўджаныя лёсам і абдзеленыя бацькоўскай ласкай, яны імкнуцца стварыць свой утульны сямейны астравок, дзе  будуць панаваць любоў і згода.

На сустрэчу прыйшоў і ксёндз Адам Врубэль, які падкрэсліў, што для таго, каб стаць дастойным  чалавекам у грамадстве, трэба мець духоўны стрыжань і асэнсаванне свайго «я» на гэтым свеце. І дапаможа ў гэтым вера і надзея ў добрае, светлае, лепшае будучае. Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаіл Азановіч спыніўся на пытаннях выканання Дэкрэта № 18. Па  сваёй дзейнасці ён  часты госць у нядобранадзейных сем’ях. І, па яго словах, прыязджае ён не для таго, каб пакараць бацькоў, а менавіта з мэтай зрабіць умовы пражывання дзяцей больш камфортнымі. Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Іна Сенька правяла трэнінг, які дапамог раскрыць творчы патэнцыял удзельнікаў. Высветлілася, што сярод запрошаных ёсць і таленавітыя людзі. Напрыканцы мерапрыемства сірата Алена Буяк праспявала для ўсіх прысутных песні.

Варта будзе дадаць, што праз некалькі дзён пасля сустрэчы яе  арганізатару патэлефанаваў адзін з запрошаных – сірата. Асэнсаваўшы ўсё сказанае падчас мерапрыемства, ён зрабіў для сябе вывад – трэба жыць годна і ні ў якім разе не паўтараць памылак сваіх бацькоў, за якія яму сёння прыходзіцца расплачвацца. А гэта дарагога каштуе і сведчыць аб тым, што падобныя сустрэчы  важныя і патрэбныя.

Пр

 

СЯМЕЙНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ

«Праграмай дэмаграфічнай бяспекі Мінскай вобласці на 2011-2015 гады» абазначана задача, накіраваная на ўмацаванне духоўна-маральных асноў сям’і, адраджэнне і прапаганду сямейных каштоўнасцяў. Раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выкарыстоўвае розныя формы і метады, каб садзейнічаць аздараўленню нашага грамадства.

Аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра стала добрым пачынаннем рыхтаваць буклеты ў мэтах захавання каштоўнасцяў і статусу сям’і.  Падрыхтаваны ўжо і чарговы, на тэму «Уласцівасці сапраўднага кахання».

Увага маладых людзей звяртаецца на такія паняцці як «каханне» і «закаханасць», якая часта прымаецца за каханне.  Этап пазнавання адзін аднаго, назапашвання перажыванняў і ўражанняў, праектавання будучага сумеснага жыцця вельмі важны для стварэння сям’і і захавання кахання ў шлюбе. У сучасны момант многія маладыя людзі недаацэньваюць значнасць перадшлюбнага ўхажорства. Сямейныя псіхолагі раяць да ўступлення ў шлюб не закрываць вочы на недахопы будучага мужа ці жонкі, спадзеючыся перавыхаваць яго (яе) потым. Змены могуць праходзіць толькі доўгачасова і па ўзаемным каханні, пры ўмове, калі чалавек сам на гэта настроены. Вельмі важна, каб каханне пачыналася з дружбы, у якой маладыя людзі пазнавалі б сябе на духоўным  узроўні.  

Зінаіда КАТЛАШЭЎСКАЯ,

спецыяліст па сацыяльнай рабоце раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

 

ДЛЯ ЗРУЧНАСЦІ КЛІЕНТАЎ: ЭЛЕКТРОННЫ КАСІР

…Так здараецца: хацелася б заплаціць за камунальныя паслугі, аформіць падпіску або пакласці грошы на мабільны, але… чарга на пошце. І стаяць у ёй ніяк не атрымліваецца. Што рабіць?

–  Для таго, каб сэканоміць свой час і зняць нагрузку з нашых работнікаў, асабліва ў пік камунальных плацяжоў, заплаціць за даную паслугу можна з дапамогаю плацежна-даведачнага тэрмінала, які ўстаноўлены ў зале гарадскога аддзялення паштовай сувязі, –  гаворыць начальнік раённага вузла паштовай сувязі Раіса Шыдлоўская. – Прычым можна карыстацца не толькі банкаўскай карткай, а і заплаціць грашыма. І зрабіць гэта вельмі лёгка. На экране для зручнасці кліентаў размешчана пакрокавая інструкцыя па ўнясенню плацяжоў.

Устаноўлены тэрміналы таксама ў аддзяленнях паштовай сувязі ў вёсцы Новы Свержань, аграгарадку Дзераўная і пасёлку Наваколасава.

– Раіса Іванаўна, але не кожны адважваецца падысці да тэрмінала, бо спрацоўвае так званы псіхалагічны бар’ер… А раптам  не атрымаецца? І людзі, па старой звычцы, ідуць да акенцаў, дзе іх абслугоўваюць аператары. Нават калі там і вялікая чарга.

– Не трэба так думаць, бо ўсё атрымаецца добра. Плацежна-даведачныя тэрміналы максімальна простыя ў выкарыстанні і маюць шэраг пераваг.  Не патрабуюць ад карыстальнікаў навыкаў работы на камп’ютары і ўсё актыўней уваходзяць у наша жыццё. Сёння  гэта папулярны, сучасны і хуткі спосаб аплаты паслуг. Свайго роду «адно акно», дзе кліент самастойна выконвае розныя плацежныя аперацыі. Камісія пры аплаце паслуг не бярэцца.

– А якія яшчэ паслугі, акрамя аплаты  камунальных плацяжоў, могуць скарыстаць кліенты з дапамогаю тэрмінала?

– Заплаціць за паслугі аператараў мабільнай і стацыянарнай сувязі, інтэрнэт-правайдараў, кабельнага тэлебачання, унесці банкаўскія крэдыты і бюджэтныя плацяжы. Ёсць магчымасць прагледзець баланс карт-рахунку па банкаўскіх плацежных картках, адсачыць праходжанне зарэгістраваных  паштовых адпраўленняў. Атрымаць даведачную інфармацыю Дзяржаўнага мытнага камітэта, Міністэрства па падатках і зборах, а таксама па ўсіх паслугах, якія аказвае РУП «Белпошта».

– Як вядома, адна з самых распаўсюджаных – аплата паслугі аператараў мабільнай сувязі.

– Так. Таму прапаную нашым кліентам кароткую інструкцыю па аплаце сотавай сувязі на тэрмінале. У асноўным меню выбраць «Аплата за паслугі сувязі» і ўказаць неабходнага сотавага аператара. Набраць на віртуальнай клавіятуры, справа, нумар тэлефона ў міжнародным фармаце (з указаннем кода сотавага аператара)  і націснуць клавішу «Гатова». Затым набраць на віртуальнай клавіятуры, справа, неабходную суму  і націснуць клавішу «Гатова». Калі аплата праводзіцца з дапамогай  банкаўскай плацежнай карткі, то ўставіць яе ў картапрыёмнік і ўвесці пін-код. Калі аплата ажыццяўляецца наяўнымі грашовымі сродкамі, то неабходна націснуць  клавішу «Аплата наяўнымі» і ўстаўляць па адной купюры ў купюрапрыёмнік. Затым націснуць на аперацыйным акне клавішу «Завяршыць і надрукаваць чэк». Усё вельмі проста і, галоўнае, хутка. Скарыстаўшы паслугу тэрмінала толькі адзін раз, вы ўжо не зможаце ад яе адмовіцца. Паспрабуйце! Вы застанецеся задаволенымі і сэканоміце свой час!

 Гутарыла Надзея БАТАЛКА

 

БЫТАВОЕ АБСЛУГОЎВАННЕ: АБНАВІЦЬ ПАДУШКІ

Кожная гаспадыня летам стараецца прасушыць рэчы, памыць дываны, асвяжыць мэблю. А тут яшчэ камбінат бытавога абслугоўвання прапаноўвае памыць пер’евыя падушкі, пры неабходнасці – засыпаць пер’е ў новыя насыпкі. Чаму б не скарыстаць гэта? Як гаворыць дырэктар раённага камбіната бытавога абслугоўвання Святлана Янушкевіч, паслуга гэтая вельмі запатрабавана як у райцэнтры, так і ў сельскай мясцовасці, дзе вяскоўцаў абслугоўваюць прыёмныя пункты.

Не спыняецца  спецыяльная машына па мыцці падушак, якая ўстаноўлена ў раённым Доме быту. Працуе яна ў поўным рабочым рэжыме.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *