Падтрымка

Нумары

НАШ УДЗЕЛ: ДЛЯ БУДАЎНІЦТВА ХОСПІСА

Раённы камітэт БРСМ заклікае кожнага з нас прыняць пасільны ўдзел у дабрачыннай рэспубліканскай акцыі, сродкі ад якой будуць накіраваны на праектаванне і будаўніцтва новага дзіцячага хоспіса.

Лістоўкі, якія раздаюць у працоўных і вучнёўскіх калектывах валанцёры БРСМ, сведчаць, што хоспіс неабходны для аказання п дапамогі   невылечна хворым дзецям. Узводзіцца ён будзе ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна. Дабрачынныя рахункі для фізічных асоб – 3135145259013 (беларускія рублі), для юрыдычных асоб: 3135145259013 (беларускія рублі), 3135145259026 (долары ЗША) і 3135145259039 (еўра).  

Кожны з нас можа дапамагчы гэтым дзецям. 

 

УДЗЯЧНАСЦЬ: УЗНАГАРОДЖАННЕ – ПРЫЁМНЫМ МАЦІ

На святочную сцэну настаўніцкай канферэнцыі пад апладысменты ўдзельнікаў гэтай адметнай перадвераснёўскай нарады падняліся прыёмныя маці Вольга Гірко са Стоўбцаў і Кацярына Васільева з Драздоў, каб атрымаць граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму. Так прызнана іх высакародная праца па выхаванні дзяцей, якія засталіся без апекі кроўных бацькаў.

У сем’ях Кацярыны Рыгораўны і Вольгі Мікалаеўны выхоўваюцца па чацвёра прыёмных дзяцей. Гэта самыя вопытныя прыёмныя бацькі ў штаце аддзела адукацыі, спорту і турызму. Для Кацярыны Васільевай і Вольгі Гірко  выхаванне дзяцей-сірот – не проста работа, а вялікая праца душы.

У  раёне 18 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 32 дзіцяці, і 42 апякунскія сям’і, якія прынялі 48 сірот.

 

ПАДАРУНКІ АД СПОСАРАЎ

Раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з удзячнасцю прымае падтрымку і дапамогу на арганізацыю сацыяльнай работы. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы ААТ «Агранёманскі», ТАА «Рудьмянское хозяйство», ТАА «Ваяж-Холпі» ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў у бягучым годзе набыты набор мэблі і абсталявання для кухні, халадзільнік, газавая пліта, факс. А за кошт пазабюджэтных сродкаў куплены велатрэнажор для заняткаў з хворымі дзецьмі і іх рэабілітацыі.

 

ПАКУПКІ – У КРЭДЫТ

ААТ «ААБ Беларусбанк» пайшло насустрач малазабяспечаным сем’ям і дае ім магчымасць скарыстаць крэдыт на падрыхтоўку дзяцей да школы.

На сучасны момант банкаўская пазыка выдаецца  пад 23 працэнты гадавых  тэрмінам пагашэння да года. Максімальны памер крэдыту на адно дзіця складае 4,5 мільёна рублёў. Для атрымання крэдыту ўлічваецца даведка аб даходах сям’ і за апошнія тры месяцы.  Даход  на аднаго члена сям’і  не  павінен  быць больш за  4 030 260 рублёў.

Тэрмін дзеяння гэтага крэдыту –  да 30 верасня.

 

АД ПРАФСАЮЗАЎ: ШМАТДЗЕТНЫМ СЕМ’ЯМ

Напярэдадні новага навучальнага года прафсаюзныя арганізацыі сельскагаспадарчых таварыстваў раёна аказалі матэрыяльную дапамогу    работнікам, якія маюць дзяцей школьнага ўзросту. Грашовыя сродкі для набыцця неабходных хлопчыкам і дзяўчынкам для вучобы ў школе тавараў і канцылярскіх прылад на суму 39 мільёнаў 965 тысяч рублёў атрымалі 136 сем’яў.

Як і ў мінулыя гады,  з уласнага  фонду на гэтыя мэты выдзеліў 3,5 мільёна рублёў і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Грошы ўручаны бацькам дзесяці шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца па чацвёра дзяцей. Шэсць сем’яў, якія маюць па пяцёра дзяцей, атрымалі дапамогу ад абкама прафсаюза работнікаў АПК. Выдзелілі сваім працаўнікам пэўныя сумы грошай, каб сабраць дзяцей у школу, і тры арганізацыі, што абслугоўваюць  сельскую гаспадарку,  –  Стаўбцоўскае ПМС, ДУ «Стаўбцоўская райветстанцыя» і ЗАТ «Стаўбцоўскае аграпрамэнерга».

 

АКЦЫІ: З ДОБРЫМ СЭРЦАМ

Камісіяй па справах непаўналетніх Мінскага аблвыканкама і камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама  з 25 жніўня па 1 кастрычніка аб’яўлена міжведамасная акцыя –  «Дапамажы пайсці вучыцца».

Мэтай акцыі, якая пройдзе ў два этапы, з’яўляецца аказанне дапамогі дзецям з сем’яў, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года.

–  З аказаннем дапамогі гэтым дзецям у забеспячэнні канцылярскімі прыладамі, сродкамі асабістай гігіены, вопраткай, абуткам і іншым неабходным мы звяртаемся да грамадскасці, – такі заклік адрасавала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько літаральна ў кожны калектыў, у кожную грамадскую арганізацыю раёна.   

Збор ахвяраваных  рэчаў арганізаваны ў кабінеце раённага камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ» (г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 30; тэл. для даведак –  5-22-87). 

Актыўна папаўняюцца пункты збору, арганізаваныя ў рамках акцыі «У школу – з добрым сэрцам», куды жыхары горада прыносяць канцылярскія і спартыўныя прылады, школьную вопратку, абутак і многае іншае. Каб збор быў яшчэ больш важкім, валанцёры БРСМ «Добрае сэрца» папрацавалі ў раёне магазінаў «Дзіцячы свет», «Гном», «Шкатулка», дзе гэтымі перадвераснёўскімі днямі асабліва шматлюдна. І, трэба сказаць, многія пакупнікі адгукаюцца на прапанову валанцёраў і ахвяруюць штосьці для іншых. Цікавым плануецца і спосаб перадачы той дапамогі, што сабрана агульнымі намаганнямі. 

– У верасні – кастрычніку будзем выязджаць з рэйдамі ў сем’і, дзе дзеці трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча, сем’і маламаёмасныя і шматдзетныя і, зразумела, – не з пустымі рукамі, –  патлумачыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. Як правіла, у падобныя рэйды выязджаюць разам і прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх, работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, сацыяльна-педагагічнага цэнтра.         

 

РАЗАМ У ШКОЛУ

Цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 г. Стоўбцы філіяла № 500  – Мінскага ўпраўлення  ААТ «ААБ Беларусбанк»не застаецца ў баку ад дабрачынных акцый, якія праводзяцца ў раёне на працягу ўсяго каляндарнага года.

Супрацоўнікі цэнтра ўключыліся ў перадвераснёўскую акцыю «Разам –  у школу», арганізаваную раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кожны аддзел, сабраўшы асабістыя ахвяраванні, купіў школьныя прылады для дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў, а таксама для тых школьнікаў, сем’і якіх прызнаны нядобранадзейнымі. Для кожнага вучня новыя школьныя рэчы дастаўляюць радасць. Добра, што ў раёне ёсць міласэрныя людзі, якія гатовы падарыць такую радасць.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *