І ў ачаг гатовы, і на эпідрасследаванне

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Журналіст разам з эпідэміёлагамі адправілася ў ачагі заражэння

Вячэрні час. Гадзіна пасля таго, як у большасці жыхароў горада закончыўся рабочы дзень. А брыгада з ліку работнікаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – у поўнай эпідэміялагічнай гатоўнасці, адпраўляецца для правядзення супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Асаблівую ўвагу ўдзяляюць ачагам на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, не ўпускаюць і дамашнія ачагі каранавіруснай інфекцыі.

Тыя, хто бясстрашна «тушыць» ачагі інфекцыі: Галіна Лебядзько, Ларыса Садоўская, Ганна Францкевіч, Аляксей Бондараў (галоўны санітарны ўрач раёна), Ірына Сахар і Дар’я Банкевіч

Па асабістым прыкладзе»галоўнага»

Настрой у работнікаў аддзела эпідэміялогіі абсалютна рабочы. Іх беласнежная экіпіроўка з галавы да ног нечым нагадвае касцюм зайца на навагоднім балі або нейкага загадкавага іншапланецяніна. На плячах – ранцавыя апырсквальнікі з дэзрастворам. Супрацоўнікі становяцца непазнавальнымі, адрозніваюцца хіба што галасамі. Усе – жаночыя, але сярод іх ёсць і мужчынскі, Аляксея Бондарава.

«Галоўны ўрач нас не кідае, таму і мы не плачам, а смяёмся, – жартуюць інструктары-дэзынфектары Ірына Сахар і Ганна Францкевіч, памочнікі ўрача-эпідэміёлага Ларыса Садоўская, Дар’я Банкевіч і Галіна Лебядзько.

Дэзынфекцыйны раствор работнікі цэнтра рыхтуюць перад выездам – разлічваюць канцэнтрацыю і аб’ём. Спісы адрасатаў фарміруюць загадзя. Удакладняюць плошчы памяшканняў, падбіраюць патрэбнае абсталяванне для дэзынфекцыі.

Ніхто з прысутных не наракае на цяжкі груз на плячах, затое прысутнасць у брыгадзе «галоўнага», яго асабісты прыклад відавочна дадаюць драйву. Аляксей Бондараў узначаліў калектыў амаль год таму, у самы складаны эпідэміялагічны перыяд.

Урэшце ўсе ў машыне, і службовы аўтамабіль «Газель» вырульвае з двара РЦГіЭ на вуліцу Сацыялістычную.

Імунітэт да работы 

Для журналіста работнікі санітарнай службы робяць выключэнне і згаджаюцца ўзяць у сваю брыгаду. Зразумела, пры ўмове такой жа поўнай, як і ў іх, экіпіроўкі ў аднаразовы «сіз». Кароткі інструктаж – і я гатова да сумеснай працы.

«Сёння колькі плануем працаваць?» – цікаўлюся па дарозе.

«Да 9-10 вечара павінны справіцца, – выказвае ўпэўненасць Ірына Сахар і ахвотна дзеліцца ўспамінамі леташняй вясны, калі пандэмія толькі пачала заяўляць пра сябе: – Тады прыходзілася працаваць да гадзіны ночы і нават пазней. Было шмат ачагоў інфекцыі». – «Цяпер стала лягчэй?» – «Ды як сказаць? Работы дастаткова, і мы да гэтага ўжо прывыклі. У любы момант з бальніцы можа паступіць экстраннае паведамленне аб інфекцыйным захворванні, а менавіта COVID-19, і мы адразу пачынаем праводзіць расследаванне такога выпадку. Пры неабходнасці выходзім на працу і ў выхадныя дні». – «Дзейнічаеце як хуткая эпідэміялагічная дапамога?» – «Можна сказаць і так. Працуем даўно, таму ў нас ужо сфарміраваўся імунітэт да работы. Дарэчы,  ніхто з маіх калег у сувязі з «кавідам» не звольніўся». – «А самі хварэлі на «кавід»?» – «Перахварэлі ў адносна лёгкай форме. Цяпер адчуваем сябе ў бяспецы: зрабілі прышчэпкі».

Эпідэміёлагі узброены генератарам халоднага туману, гатовы да выезду ў ачаг

За вечар – чатыры кватэры ці некалькі аб’ектаў

Наша размова перапыняецца, таму што пад’ехалі да шматпавярховага дома. Ачагі тут, як сведчыць эпідэміялагічнае расследаванне, у кватэрах на трэцім і пятым паверхах. Раздзяляемся на групы. На ачаг – па два спецыялісты.

Дэзапрацоўку яны пачынаюць ужо з лесвічнага пралёта, тамбура.

І гаспадары названых кватэр, і іх суседзі сустракаюць брыгаду эпідэміёлагаў з разуменнем. «Праходзьце… Трэба ж знішчаць інфекцыю… Больш не хочацца хварэць…» – прыкладна такая рэакцыя людзей на наш прыезд. Відавочна, што некаторыя яшчэ не адышлі ад стрэсу, перажываюць за блізкіх, якія хварэюць. На развітанне раім берагчы сябе і выконваць меры прафілактыкі (нашэнне маскі, мыццё рук, дыстанцыраванне), а таксама вакцынавацца. Цяпер у паліклініцы вядзецца запіс жадаючых.

У выніку кожнай групе ўдаецца за вечар ажыццявіць дэзапрацоўку трох-чатырох кватэр і пад’ездаў. «А калі выязджаеце на прадпрыемствы?» – цікаўлюся ў сваіх спадарожнікаў.

«Выязджаем па эпідпаказаннях і ахопліваем за раз, як правіла, два-тры прадпрыемствы, – кажуць яны. – Разам з дэзапрацоўкай аб’ектаў сочым за тым, як выконваецца масачны рэжым, вядзецца ўборка памяшканняў, запаўняецца журнал тэрмаметрыі. Выдаём рэкамендацыі, у выпадку грубых парушэнняў прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці нядбайных кіраўнікоў. У працоўных  калектывах планы санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў у асноўным выконваюцца – бачна зацікаўленасць у тым, каб работнікі не захварэлі».

Ранцавы апырсквальнік пры поўнай загрузцы важыць 15 кг

Зрух адбыўся: ужо ў восем, а не ў 12

Пасля вяртання з ачагоў праводзім дэзынфекцыйную самаапрацоўку, а таксама апрацоўку аўтамабіля.

Стомленыя, але задаволеныя, з пачуццём выкананага службовага абавязку. І я – таксама. Думаю пра тое, каб хутчэй зняць з сябе «брудны» камбінезон. У ім зімой халаднавата, трэба пад ніз нешта цёплае  апранаць, а летам, напэўна, – горача.

Самыя вострыя адчуванні звязаны з тым, як людзі чакаюць новую хвалю «кавіда» і перадаюць самыя неверагодныя чуткі пра вірус-«невідзімку». А самае вялікае жаданне, якое ўзнікла, – не заразіцца «кавідам».

Прабыўшы некалькі гадзін у кантакце з работнікамі эпідаддзела, разумею, чаму ў іх атрымліваецца хутка і дружна. У калектыве – пазітыўны мікраклімат, свая, так бы мовіць, сям’я. «З улікам нашага графіка сустракаем і святы на рабоце», – дзеляцца калегі.

Вызваліўшыся а дзясятай гадзіне вечара, цікаўлюся ў сваіх спадарожнікаў, як ставяцца дамашнія да іх ненарміраванай, а яшчэ і «заразнай» работы.

«Спачатку былі праблемы, – шчыра прызнаюцца эпідэміёлагі. – Цяпер, калі вяртаемся з работы ў восем вечара, гэта выклікае здзіўленне. Маўляў, рана».

Эпідэміялагічнае расследаванне

Работа эпідэміёлагаў – гэта не толькі выезды ў ачагі для правядзення дэзынфекцыі. Значная яе частка – нябачная і карпатлівая – заключаецца ў правядзенні эпідэміялагічнага расследавання.

Работнікі цэнтра расказваюць, што ім неабходна высвятляць кола кантактаў хворага на розных узроўнях: па месцы вучобы ці работы, дома, а магчыма – у бальніцы і г. д. Важна даведацца, як адбылося заражэнне, з якіх сімптомаў усё пачалося, знайсці памылкі, з-за якіх узнікла заражэнне, і ўхіліць іх. Бывае, што сімптомаў увогуле няма, калі не лічыць слабасць ці, да прыкладу, боль у спіне. Сустракаюцца, на жаль, і цяжкія выпадкі захворвання.

Усе атрыманыя даныя эпідэміёлагі ўносяць у адзіную інфармацыйную сістэму рэспублікі – «Эпідэміялогія». Імі акрэсліваецца кола кантактаў, у адносінах да якіх вызначаецца на працягу найбліжэйшых 10 дзён рэжым самаізаляцыі. Кантроль за яго выкананнем ажыццяўляюць міліцыя і бальніца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *