Новы ўзровень камунікацыі ўлады і грамадства

VI Всебелорусское народное собрание Афіцыйна Важное

image_pdfimage_print

У складзе дэлегацыі Стаўбцоўскага раёна на VI Усебеларускім народным сходзе быў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель. 

Мы пагутарылі з Сяргеем Яўгеньевічам, каб даведацца пра яго адносіны і ўспрыманне сучасных задач развіцця краіны і грамадства, узаемадзеяння органаў улады і грамадзянскай супольнасці.

– Мне ўпершыню выпаў гонар прымаць удзел у такім значным і лёсавызначальным  форуме, на якім акрамя пазітыўнага зараду і пачуцця прыналежнасці да гістарычнай падзеі прагучалі адказы на многія хвалюючыя пытанні. На маю думку, – падкрэсліў Сяргей Шэсцель, – галоўная задача Усебеларускага народнага сходу заключалася  не толькі ў вызначэнні стратэгіі развіцця нашай дзяржавы, але і ва ўмацаванні яе духоўна-каштоўнаснага падмурка і веры народа ў сваю краіну. Глыбокі як сваім зместам, так і эмоцыямі чатырохгадзінны даклад Прэзідэнта выклікаў усеагульнае захапленне.

Нельга не прызнаць, што за 27 гадоў незалежнасці нашай рэспублікі зроблена нямала.

Так, праведзена маштабная мадэрнізацыя вядучых прадпрыемстваў краіны. З’явіліся і атрымалі развіццё інавацыйныя галіны – IT, біятэхналогіі, ядзерная энергетыка. Беларусь дамаглася бясспрэчных поспехаў у галіне сацыяльнай палітыкі. Па індэксе чалавечага развіцця яна сярод амаль 200 краін свету перамясцілася з 68-га месца (у 2000 годзе) на 53-е (у 2020 годзе) і адносіцца да групы краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. Кожнаму дадзена магчымасць атрымаць якасную адукацыю. Па індэксе адукацыі Рэспубліка Беларусь уваходзіць у топ-30 перадавых дзяржаў свету.

Як сказаў Прэзідэнт, наш абавязак перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі – захаваць краіну. Што для гэтага прапануе Прэзідэнт і ўлада?

Безумоўна, неабходна павысіць эфектыўнасць дзяржаўнага кіравання і забяспечыць новы ўзровень камунікацыі ўлады і грамадства, стварыць умовы для раскрыцця патэнцыялу чалавека і рэалізацыі яго магчымасцяў, якасна развіваць эканоміку.

Кіраўнік дзяржавы анансаваў, што будуць навацыі ў заканадаўстве. Ужо ў бягучым годзе мяркуецца прыняць новую Канстытуцыю, і, магчыма, гэта будзе зроблена на рэферэндуме, праведзеным разам з выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Настаў час мадэрнізаваць інфармацыйную палітыку, а для гэтага патрэбна забяспечыць шырокую прысутнасць дзяржаўнай пазіцыі ў інтэрнэце, далучыць у агульныя медыйныя праекты блогераў, лідараў меркавання, прадстаўнікоў грамадскіх інстытутаў, дзеячаў культуры і мастацтва, а таксама максімальна развіваць электронныя каналы зваротнай сувязі.

Нельга не працаваць над вырашэннем сярэднетэрміновых задач, якія неабходна выканаць да 2025 года. Сярод іх – забеспячэнне беларусаў якаснай пітной вадой на ўзроўні 100 працэнтаў. На Стаўбцоўшчыне ў найбліжэйшую пяцігодку будуць пабудаваны 26 станцый абезжалезвання вады (чатыры з іх – у Кулі, Шашках, Драздах, Рубяжэвічах – у 2021 годзе). Найпершая ўвага – мясцовым дарогам. Да прыкладу, у Стаўбцоўскім раёне за пяць апошніх гадоў заасфальтавана 112 км дарог. У кожным раёне рэспублікі мяркуецца рэалізаваць адзін-два праекты па перапрацоўцы мясцовых рэсурсаў.

У роднай Беларусі, на Стаўбцоўшчыне створаны ўсе ўмовы, каб людзі жылі годна. У кожнага ёсць магчымасць развівацца ў той сферы, якую ён  абраў. Нашы дзеці атрымліваюць якасную адукацыю. Мы можам звяртацца ў медыцынскія ўстановы, дзе акажуць кваліфікаваную дапамогу.

Аднак павышэнне ўзроўню жыцця немагчыма ўявіць без добрасумленнай працы кожнага на сваім рабочым месцы. Нам трэба вучыцца пераадольваць рознагалоссі і выпрацоўваць механізмы ўзаемадзеяння ўнутры краіны.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі Клыгач



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *