Шарм для вас

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

Райспажыўтаварыства ў пошуку новых формаў работы, таму новым накірункам з’яўляецца адкрыццё нетрадыцыйных для гэтага гандлёвага ведамства аб’ектаў сэрвісу. У ліку іх – цырульні. Адна з іх, «Мечта»  на плошчы Леніна, ужо некалькі гадоў паспяхова працуе. Тут не бывае хвіліны  без наведвальнікаў, таму праводзіцца папярэдні запіс. З задавальненнем у майстроў робяць стрыжкі і прычоскі і мінчане, якія прыязджаюць на выхадныя ў родныя мясціны.

Яшчэ адным такім аб’ектам райспажыўтаварыства парадавала стаўбчан і жыхароў раёна. На прывакзальнай плошчы ў гэтыя летнія дні адбылося ўрачыстае адкрыццё салона прыгажосці «Шарм». Каб аб’ект сэрвісу адпавядаў такому прызначэнню, былі ўкладзены інвестыцыі на рэканструкцыю памяшкання і набыццё сучаснага абсталявання. Аб гэтым расказвае нам начальнік сектара арганізацыі рынкаў аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства Святлана Чэмка:

–       Салон прыгажосці адкрыты ў былым інтэрнаце ранейшага  камбіната кааператыўнай прамысловасці. Дзве сям’і, якія тут жылі, пабудавалі кватэры. Памяшканне ніяк не выкарыстоўвалася. З дапамогай ведамаснай брыгады і падрадчыкаў праведзены капітальны рамонт. Укладзены немалыя сродкі і на дызайнерскія распрацоўкі інтэр’ера. На 60 мільёнаў рублёў набыта сучаснае абсталяванне для салона прыгажосці. Рабочыя месцы ўкамплектаваны новай мэбляй, устаноўлены зручныя крэслы для наведвальнікаў і майстроў. Імкнемся ў поўным аб’ёме набыць усе расходныя матэрыялы для работы. Шанцункам для нас з’яўляецца падбор кадраў, у штаце і вопытныя майстры, і маладыя працаўнікі.

Многія  скарыстоўваюць  паслугі вопытных цырульнікаў Ядвігі Шкляр і Тамары Турко. У ліку цырульнікаў салона – маладыя працаўнікі Яўгенія Равінская, Аляксандра Халопіца, Васіліса Кудрашова. З задавальненнем выконвае сваю паўсядзённую работу малады спецыяліст майстар па манікюры Святлана Калкоўская. Перад імі стаіць няпростая задача – зрабіць салон такім, каб ён палюбіўся стаўбчанам, каб яго часцей наведвалі. А праезжым на людным у горадзе месцы прывакзальнай плошчы салон укажуць шыльды, указальнікі, якія рыхтуюцца мастакамі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымках: шмат гадоў  прафесійна абслугоўвае наведвальнікаў   Тамара Турко; запатрабавана паслуга манікюру ў Святланы Калкоўскай.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *