Падзеі і здарэнні за тыдзень

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне тры шлюбы, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюзу. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі шэсць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Платон Дударэвіч, Яна Баўдзей, Святаслаў Вартанаў, Соф’я Акуліч, двайняты Бруй – Міраслава і Уладзіслаў.

 

У пажарнай часці згадалі загаранне гаспадарчых пабудоў на вуліцы Якуба Коласа ў Стоўбцах. Дзве пабудовы – хлеў і гараж – знішчаны агнём разам з маёмасцю. Дзве суседнія пабудовы атрымалі нязначныя пашкоджанні. Прычына здарэння высвятляецца.

 

Міліцыяй зарэгістравана 127 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана пяць крымінальных спраў, ва ўсіх устаноўлены падазроныя. У вёсцы Семенчыцы грамадзянін тройчы пранік у дачны дом і вынес адтуль бутэльку каньяку, тушонку і рыбныя кансервы. У Наваколасаве зламыснік, які раней быў судзімы, паквапіўся на  50 слоікаў дамашніх нарыхтовак.

 

Суд вынес пакаранне ў выглядзе арышту на тры месяцы 27-гадоваму жыхару Мікалаеўшчыны, які двойчы парушыў патрабаванні прэвентыўнага нагляду. Аштрафаваны на чатыры базавыя велічыні жыхар Стоўбцаў, які ў стане алкагольнага ап’янення ўчыніў скандал з былой жонкай.

 

ДАІ выявіла 74 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – тры п’яныя вадзіцелі і пяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў. Падчас акцыі «Пешаход», якая праходзіла з 15 па 19 лютага, прыцягнуты да адказнасці 16 недысцыплінаваных пешаходаў (з іх шэсць былі ў стане алкагольнага ап’янення) і 11 вадзіцеляў, якія не прапусцілі пешаходаў на пешаходных пераходах. Зафіксавана 14 ДТЗ. Ніхто не пацярпеў.

 

«Хуткая» атрымала 265 выклікаў, у тым ліку восем – да асоб у стане алкагольнага ап’янення.

 

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *