ААТ «Агранёманскі». Паспяховасць гаспадаркі – у яе працаўніках

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ААТ «Агранёманскі» – самая вялікая па плошчы гаспадарка раёна. Яна аб’ядноўвае адразу некалькі вёсак. У гаспадарцы працуе 225 чалавек. Кожны старанна і адказна выконвае сваю работу. Дзякуючы такім рупліўцам ураджайнасць узрастае, а сельскагаспадарчая прадукцыя прыбаўляецца. Каб даведацца, як працуе сёлета калектыў ААТ «Агранёманскі», завіталі ў таварыства.

Вядома, што любое сельгаспрадпрыемства пачынаецца з адміністрацыйнага будынка. Менавіта сюды паступаюць самыя першыя звесткі з палёў, малочнатаварных фермаў. У эканамічным аддзеле ўся інфармацыя перапрацоўваецца ў паказчыкі, якія ствараюць імідж гаспадаркі.  Кіруе працоўным калектывам дырэктар таварыства Дзяніс Захарчук. Ён узначальвае гаспадарку трэці год, і за гэты час змяненні ў лепшы бок відавочныя. Падводзячы вынікі 2020 года, Дзяніс Сяргеевіч заўважае:

Дырэктар таварыства Дзяніс Захарчук

– Калі аб’яднаць усе галіны працы, то выручка за мінулы год у гаспадарцы склалася на ўзроўні 15 млн 925 тысяч рублёў, прыбытак – 2 млн  260 тысяч. У параўнанні з мінулым годам павялічылася больш як у два разы. Пры даведзеным заданні кошт валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 107,3 %, мы фактычна выйшлі на паказчык 107,7 %. Гэта для нас дастойны вынік, але яшчэ ёсць куды імкнуцца.

Новыя дасягненні ў вытворчасці малака

Найбольшы прырост у гаспадарцы атрымалі па вытворчасці малака. У мінулым годзе рэнтабельнасць была на ўзроўні 62,4 %. Упершыню ў гісторыі гаспадаркі ўдой ад каровы склаў  7221 кг (плюс 593 кг да 2019 года). Да валавога надою мінулага года (11 224 т) таварыства прыбавіла 1404 т.

На шасці малочнатаварных фермах з ранку да ночы  рупяцца старанныя працаўнікі. Сярод іх – лепшыя ў сваёй працы і тыя, хто ўсё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Гэта Нона Філіна і Надзея Калько (МТФ «Залужжа»), Надзея Наско (МТФ «Скамарошкі»), Тамара Крэнь (МТФ «Казейкі»), Святлана Шчацініна (МТФ «Стары Свержань»), Людміла Варанко (МТФ «Дразды»), Валянціна Нарановіч (МТФ «Ператокі»).

Па валавым надоі малака ў мінулым годзе лепшымі сталі працаўнікі МТФ «Залужжа». Менавіта тут у 2020 годзе ўвялі малочнатаварны комплекс. Загадчыца фермы Юлія Таканава адзначае, што працаваць з дапамогай новых тэхналогій стала лягчэй:

Загадчыца фермы МТФ «Залужжа» Юлія Таканава (у цэнтры), аператары машыннага даення Аляксей Вярэніч, Надзея Калько, Нона Філіна і Людміла Нікіцінская

– У нас усё механізавана, ёсць неабходнае абсталяванне. Гэта дазваляе павялічыць валавы надой малака, удой на карову і, адпаведна, яго рэалізацыю. Дзякуючы новаму комплексу ў нас палепшыліся ўмовы працы. Для работнікаў абсталяваны пакой для адпачынку, душавая.

Працаўнікі на МТФ «Залужжа» адказныя і добрасумленныя. Яны пільна наглядаюць за сваёй жывёлай. Спалучэнне такіх фактараў і дае добрыя вынікі. У мінулым годзе аператары машыннага даення надаілі 8423 кг на карову.

Да ведама. На 1 студзеня 2021 года ў гаспадарцы налічваецца 1750 галоў дойнага статка, у 2020 годзе – 1700. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 5620.

ААТ «Агранёманскі» другі год запар у лідарах па вытворчасці мяса. За мінулы год жывёлаводы гаспадаркі павялічылі рэалізацыю жывёлы на забой у жывой вазе на 112,4 %. Усяго рэалізавалі 925 тон, забяспечыўшы сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе на 657 грамаў. Аднак гэтая галіна па-ранейшаму застаецца стратнай, таму ёсць над чым працаваць.

Загадчыца фермы МТФ «Ператокі» Людміла Жарко (у цэнтры), дзённы жывёлавод Валянціна Фенька, жывёлаводы Юрый Гарадко, Аліна Пяцінкіна, Сяргей Скорбеж, Зінаіда Шашко, Тадэвуш Цвірка і Святлана Чытра

Насенне элітных культур рэалізоўваюць па ўсёй рэспубліцы

Раслінаводчая галіна сельскагаспадарчага таварыства спрацавала добра. За мінулы год гаспадарка павялічыла вытворчасць рапсу на 151 % пры сярэдняй ураджайнасці 24 ц/га. Па ўраджайнасці збожжа прырост склаў 115,2 % у бункернай вазе пры сярэдняй ураджайнасці 43,4 ц/га. Яго рэнтабельнасць павялічылася на 133 % да мінулага года. Зменшылі колькасць плошчаў пад цукровыя буракі з улікам умоў надвор’я. Аднак і там шчодрая засуха  не дала магчымасці атрымаць паўнавартасны ўраджай.

Таксама ААТ «Агранёманскі» займаецца вытворчасцю насення элітных збожжавых культур. Іх гаспадарка рэалізоўвае як у нашым раёне, так і за яго межамі. У 2020 годзе агульная рэалізацыя насення склала 400 тон. Аграномы таварыства наладжваюць вырошчванне насення шматгадовых траў. Цяпер на рынку яны маюць вялікі кошт, таму іх рэалізацыя прыносіць нядрэнны заробак.

Заработная плата – паказчык паспяховасці

Самы галоўны паказчык для працаўніка – узровень заработнай платы. Гэта пацвярджае і кіраўнік гаспадаркі:

– За 2020 год сярэдняя заработная плата склала 1018 рублёў. Сістэма выплаты зарплаты залежыць ад аб’ёмаў выкананай працы. Калі ў жывёлагадоўлі гэта літр малака, то ў раслінаводстве – гектар зааранага поля, тона ўнесеных мінеральных і арганічных угнаенняў. Працуеш больш – зарабляеш больш. Няма ніякіх абмежаванняў.

Таксама кіраўніцтвам гаспадаркі прадугледжана шмат розных бонусаў за добрую працу. Гэта грашовыя выплаты, выдзялення жылля і інш. Прозвішчы самых руплівых заносяць на Дошку гонару, заахвочваюць гэтых працаўнікоў прэміямі. Клапоціцца кіраўніцтва і пра сваіх былых работнікаў. Так, днямі ўсім пенсіянерам выдалі прадуктовыя наборы. «Яны рупіліся дзеля нашай гаспадаркі, прычым рабілі гэта яшчэ ў больш цяжкіх умовах. Раней не было такой тэхнікі, як цяпер, усё патрэбна было рабіць рукамі. Аднак кожны з іх працаваў сумленна і якасна, за што ім вялікі дзякуй», – падкрэслівае Дзяніс Захарчук.

Галоўны бухгалтар Наталія Гавака (у цэнтры), бухгалтар Марына Крамко, вядучы юрысконсульт Таццяна Цэпінская, бухгалтар Сняжана Крывель, галоўны эканаміст Людміла Пакроўская і бухгалтар Надзея Пятруцік

Падрыхтоўка да сяўбы ідзе поўным ходам

Цяпер калектыў ААТ «Агранёманскі» рыхтуецца да вясенняй пасяўной. Для  добрага ўраджаю патрэбна папоўніць у глебе запас мікраэлементаў. Для гэтага на палі вывозяць арганічныя ўгнаенні, рыхтуюць і мінеральныя. У гаспадарцы ўпэўнены, што да сяўбы глеба будзе падрыхтавана і аддзячыць багатым ураджаем.

Вялікая ўвага ўдзелена і сельскагаспадарчай тэхніцы, якая ўжо хутка прыступіць да працы. У рамонтна-механічнай майстэрні ў Скамарошках якія толькі віды транспарту не пабачыш! Абноўлены выгляд перад «гарачым» перыядам ім надаюць механізатары і вадзіцелі.

А такім працаўнікам у гаспадарцы – асобая пашана. Сярод механізатараў вылучаюцца Дзмітрый Сагайдакевіч, Віктар Семянько, Аляксандр Маліноўскі, Іван Скурат, Аляксандр Гярлоўскі, Аляксандр Фалюк, Аляксей Пальчык, Казімір Дамброўскі, сярод вадзіцеляў – Анатолій Турко, Анатолій Бабровіч, Віталій Калтузаў і інш.

Механізатары Аляксей Каранеўскі, Аляксандр Фалюк, Віктар Семянько, Іван Сульжынскі

Інвестыцыі рэалізоўваюць у будучую вытворчасць

У мінулым годзе інвестыцый таварыства атрымала ў памеры 1 млн 939 тысяч рублёў. На гэтыя сродкі былі набыты аўтамабіль МАЗ, раскідальнік мінеральных угнаенняў, здрабняльнік саломы, прычэп ПСТ-18, даільна-малочнае абсталяванне, халадзільнік аб’ёмам 5 тон на МТФ «Ператокі». Гаспадарчым спосабам правялі ў мінулым годзе бетанаванне выпасных пляцовак, пляцовак для гноевыдалення, выканалі бягучы рамонт фермы, жывёлагадоўчых памяшканняў. Бягучы рамонт пляцовак і добраўпарадкаванне фермаў будуць працягвацца.

На цяперашні момант кіраўніцтва праектуе будынак памерам 33х90 метраў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. На стадыі выхаду на экспертызу – праект васьмікватэрнага жылога дома. Ён будзе размешчаны ў аг. Стары Свержань, побач з цэнтрам культуры. У перспектыве двух- і трохпакаёвыя кватэры будуць выдаваць старанным працаўнікам таварыства.

Кіраўніцтва ААТ «Агранёманскі» выказвае вялікую ўдзячнасць усім работнікам за іх адданую працу. Мінулы год быў няпростым для ўсіх, але ўдалося забяспечыць штодзённы тэхналагічны рабочы працэс, які і паспрыяў дасягненню такіх вынікаў.

Дошка гонару ААТ «Агранёманскі»  

(па выніках за 2020 год)

Нона Філіна, аператар машыннага даення МТФ «Залужжа»; Зінаіда Шашко, жывёлавод МТФ «Ператокі»; Юрый Сачук, жывёлавод МТФ «Ператокі»; Міхаіл Фалюк, жывёлавод МТФ «Залужжа»; Дзмітрый Сагайдакевіч, трактарыст-машыніст; Анатолій Казлоўскі, трактарыст-машыніст; Казімір Дамброўскі, трактарыст-машыніст; Аляксандр  Сямашка, цясляр; Сяргей Кандрацін, вадзіцель грузавога аўтамабіля; Анатолій Турко, вадзіцель грузавога аўтамабіля; Людміла Жарко, брыгадзір МТФ «Ператокі»; Мікалай Дрозд, галоўны ветурач; Валянціна Адамовіч, тэхнік-асемянатар МТФ «Скамарошкі»; Наталія Наско, аператар машыннага даення МТФ «Скамарошкі».

Ксенія РУБІН

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *