Шматдзетным у таварыстве ААТ «Агранёманскі» – пашана

Важное Сельская гаспадарка Соцыум

image_pdfimage_print

Ужо пяты год у ААТ «Агранёманскі» паспяхова рупіцца Яўген Емяльянаў. На Стаўбцоўшчыну ён разам з сям’ёю пераехаў з Казахстана. Спачатку здымалі кватэру ў в. Дразды, а потым гаспадару выдалі калгасны дом з уласным участкам. Маладая сям’я з падрастаючай дачкой Анастасіяй і сынам Мікалаем пераехалі ў в. Залужжа. Ім так прыйшлося даспадобы тут, што вырашылі застацца назаўсёды. Пазней у сям’і нарадзіліся яшчэ два сыны – Яраслаў і Яўген.

Галава сям’і працуе механізатарам, а жонка Святлана знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Жанчына сцвярджае, што за сваім мужам яна сябе адчувае бяспечна і ўпэўнена. Яна, як сапраўдная гаспадыня, адказвае за дамашнюю ўтульнасць і займаецца выхаваннем дзяцей. Яўген карпатліва працуе, каб забяспечыць матэрыяльны дабрабыт сваёй сям’і. У вольны час дапамагае жонцы па гаспадарцы.

У маладой сям’і пануюць давер і падтрымка – як у адносінах, так і ў працы. Добрым прыкладам яны з’яўляюцца і для сваіх дзяцей. Дачка Анастасія вучыцца ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы. Кожныя выхадныя з нецярпеннем спяшаецца ў родную вёску, каб пабачыць бацькоў і братоў, і, здаецца, зусім не хоча адсюль ад’язджаць. Бацькі прызнаюцца, што яны б ніколі не прамянялі сваё жыллё ў вёсцы на кватэру ў горадзе. Тут свежае паветра, уласная гаспадарка – сапраўдная прастора.  У будучым Яўген плануе выкупіць службовы дом. Сям’я Емяльянавых выказвае шчырыя словы падзякі кіраўніцтву гаспадаркі за цёплы прыём  на агранёманскай зямлі.

У гаспадарцы вялікая ўвага надаецца падтрымцы старанных работнікаў, шматдзетных сем’яў. Таму заўсёды ідуць насустрач сваім працаўнікам.

Ксенія РУБІН

Фота Наталіі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *