Ад дабрабыту ўрача да медыцыны высокіх тэхналогій

VI Всебелорусское народное собрание Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» прайшоў медсавет, на якім былі падведзены вынікі работы за 2020 год. Адкрыла пасяджэнне галоўны ўрач Святлана Глебка, якая была дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу.

– Медыкі, як і ўсе беларусы, сочаць за грамадска-палітычным жыццём нашай краіны і хочуць жыць у міры і адзінстве. Думаю, вы ўсе слухалі даклад Прэзідэнта, выступленні дэлегатаў сходу, – звярнулася да калег Святлана Глебка. – Калі не слухалі, раю пачытаць, асабліва гэта важна зрабіць моладзі. Там шмат знойдзеце таго, што вучыць жыць у сучасным грамадстве, такім супярэчлівым і непрадказальным.

Святлана Глебка звярнула ўвагу, што выступленні, якія прагучалі на сходзе, шырока абмяркоўваліся краінамі СНД і міжнародным супольніцтвам. Гэта мерапрыемства прайшло ў адзіным рытме і парыве духу. Прэзідэнт уразіў тым, як ён хварэе душой за сваю краіну.

Наша Беларусь – прыгожая, індустрыяльна развітая краіна, з высокім інтэлектуальным патэнцыялам. Была дадзена аб’ектыўная ацэнка стану эканомікі і грамадскіх адносін, вызначаны бягучыя і стратэгічныя перспектывы. Акцэнт быў зроблены на эфектыўную палітыку дзяржаўнага кіравання, якасны рост эканомікі і г. д. Пры гэтым сацыяльная арыентаванасць Беларусі застаецца нашым нацыянальным брэндам.

Ацэнка была дадзена і альтэрнатыўнай праграме, якую распаўсюджваюць апазіцыйныя структуры. Там размова ідзе пра хуткую прыватызацыю, распродаж сельгаспрадпрыемстваў – у эканоміцы, у палітычнай сферы – пра выхад з Саюзнай дзяржавы, у сацыяльнай – пра платныя медыцыну і адукацыю. Відавочна, што жыццё беларусаў ад такіх падыходаў зменіцца ў горшы бок.

Асноўны пасыл форуму – каб наша краіна заставалася мірнай і шчаслівай, з высокім узроўнем жыцця людзей.

Прагучала аналітычная характарыстыка таго перыяду, у якім мы жывём. COVID-19 унёс у яго карэктывы, але свет ужо ніколі не будзе такім, якім ён быў да пандэміі. Сёння высока ацэнена праца беларускіх медыкаў у складаных эпідэміялагічных умовах. Як на вайне, мы змагаліся за чалавечыя жыцці і працягваем гэта рабіць. Заробак медыкаў падняты на адпаведны ўзровень, што дазваляе гаварыць пра клопат дзяржавы аб нашым здароўі і дабрабыце.

Пандэмія паказала, што наша сістэма аховы здароўя жыццяздольная. Яна будзе развівацца, пачынаючы ад удасканалення працы ўрача агульнай практыкі да ўкаранення ў медыцынскае абслугоўванне высокіх тэхналогій. У бліжэйшы час плануецца будаўніцтва новых аб’ектаў. Так, у рамках развіцця міжраённых цэнтраў на базе нашай бальніцы будзе адкрыта траўматалагічнае аддзяленне, чакаем закупкі абсталявання.

На форуме быў зроблены акцэнт на тое, што рыхтуюцца змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Увага накіравана на неабходнасць напружанай працы ў інфармацыйным полі.

«У мінулым годзе колькі фэйкаў было распаўсюджана ў Інтэрнэце вакол нашай бальніцы, і развенчваць іх прыходзілася не адзін раз, – удакладніла Святлана Глебка і падзялілася думкамі наконт магчымых еўрапейскіх санкцый да ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу: – Ну і што з таго, што я не змагу выехаць у Польшчу ці Германію? У Беларусі лепш. У нас пандэмія прайшла, не сціраючы ўсё на сваім шляху, як у іншых краінах, у нас развіваецца эканоміка, мы жывём і працуем. Наша краіна – Беларусь, і яе трэба берагчы. Напэўна, кожны з вас у гэты складаны перыяд задумаўся над тым, наколькі любы яму родны дом і свой край. Мне запалі ў душу словы Прэзідэнта пра тое, як у гэты няпросты час не кожнаму было пад сілу не тое што выстаяць, а проста зразумець, што адбываецца. І яго парада ўсім нам – не спяшацца, думаць галавой, мець вытрымку і прымаць правільныя рашэнні».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *