Першавераснёўскай радасці святло

Адукацыя Нумары

У панядзелак, 1 верасня, ва ўсіх 22 установах агульнай і сярэдняй адукацыі Стаўбцоўшчыны адбыліся ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў. Яны былі шматлюдныя і прадстаўнічыя – гэта адметнае свята ўсёй краіны.  Урачыстасць праходзіла з удзелам бацькоў. Павіншаваць педагогаў і вучняў з пачаткам новага навучальнага года ў навучальныя ўстановы раёна прыйшлі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і сельвыканкамаў, аддзела адукацыі, спорту і турызму, арганізацый і прадпрыемстваў, свяшчэннаслужыцелі. Благачынны цэркваў протаіерэй Аляксандр Марцінчык  пабыў у гэты святочны дзень у гімназіі № 1, благаславіў педагогаў і вучняў і акрапіў усіх святой вадой.

Ва ўрачыстай лінейцы ў навучальных  установах раёна прынялі ўдзел прадстаўнікі праваахоўных органаў. Упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама зрабіла падарунак першакласнікам –  ім былі падораны флікеры. У нашым раёне ўпершыню сядуць за парты 458 учарашніх дашкольнікаў. А наогул новы навучальны год пачынаюць 4425 вучняў.

Званок паклікаў вучняў і настаўнікаў  на першы ўрок, які ва ўсіх школах краіны прайшоў па тэме «Дзякуй салдатам Перамогі, што не ведаем вайны». У гэты святочны дзень ва ўсіх школах было шмат гасцей, якія прысутнічалі і на ўрачыстай лінейцы, і на першым уроку.

Вось і стартаваў новы навучальны год. Няхай ён будзе радасным і паспяховым для ўсіх удзельнікаў вучэбнага працэсу!

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

НА ЗДЫМКАХ: моманты ўрачыстасці ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *