«Літаратурная гасцёўня». У Стоўбцах яму ўсё было блізка і знаёма

Важное Спецвыпускі «Праменя»

image_pdfimage_print

Маё першае знаёмства з Кандратам Крапівой, як, напэўна, i многiх з нас, было завочна-літаратурным. Памятаеце, усе мы вучылі ў школе: «Я ў мастацкім агародзе / Толькі марная трава. / А якая? Смех, дый годзе: / Я – пякучка-крапіва…» І ўжо пасля, у сярэдзіне 1980-х, на ўніверсітэцкай літаратурнай вечарыне давялося пабачыць і пачуць самога народнага паэта. Кандрату Кандратавічу тады было каля 90 гадоў. Але нягледзячы на шаноўны ўзрост, класік дзяліўся з намі, студэнтамі, успамінамі, выказваў свае погляды на тагачасны літаратурны працэс, чытаў вершы. У тым ліку і «Крапіву», у якім яшчэ ў далёкім 1922-м абгрунтаваў свой псеўданім. Дарэчы, першапачатковая назва гэтага твора была «Не цягнусь я за Чаротам», але ў 1930-я гады, калі паэт Міхась Чарот быў рэпрэсіраваны, К. Крапіва зняў першае чатырохрадкоўе, пасля чаго верш займеў новую назву.

Усё гэта згадалася нядаўна падчас наведвання стаўбцоўскай гімназіі, уваход у будынак якой упрыгожвае мемарыяльная шыльда, прысвечаная класіку. Таму захацелася даведацца пра нагоду яе там з’яўлення. І, як аказалася, у жыццёвай і творчай біяграфіі К. Крапівы яго сувязям са Стаўбцоўшчынай адведзена нямала цікавых старонак.

Першае знаёмства будучага пісьменніка з нашым краем адбылося восенню 1909 года, калі ён стаў вучнем Стаўбцоўскага гарадскога чатырохкласнага вучылішча. Праўда, нельга поўнасцю выключыць і магчымасць таго, што ў Стоўбцах ці бліжэйшых да іх прынёманскіх паселішчах К. Крапіва бываў разам з бацькамі яшчэ ў малалецтве, калі яны наведваліся туды па якіхсьці гаспадарчых патрэбах. Вёска Нізок цяперашняга Уздзенскага раёна, дзе суджана было нарадзіцца і пражыць свае першыя трынаццаць гадоў Кандрату Атраховічу (гэта – сапраўднае прозвішча пісьменніка), знаходзіцца, калі ехаць напрасткі, усяго за паўтара-два дзясятка кіламетраў ад Мікалаеўшчыны, Русаковічаў і Сверынава.

З’яўленню ж у Стоўбцах 13-гадовага хлапчука папярэднічала складаная сямейная сітуацыя. Неўзабаве пасля таго як Кандрат у 1907 годзе закончыў царкоўнапрыходскую школу ў Нізку, у сям’і Атраховічаў здарылася няшчасце – памерла маці. Праз некаторы час бацька ажаніўся другі раз. У яго новай сям’і сын ад першага шлюбу стаў як бы лішнім, асабліва для мачахі. Адчуваючы гэта, бацька вырашыў паслаць Кандрата ў навуку. «І вось, пасля гадавога перапынку, – згадваў пазней пісьменнік у аўтабіяграфіі, – я зноў пайшоў у школу. На гэты раз у апошні клас (тады называлася аддзяленне) народнага вучылішча ў мястэчку Узда. У наступным годзе я паступіў у другі клас чатырохкласнага гарадскога вучылішча ў мястэчку Стоўбцы Мінскай губерні. Вучыўся я нядрэнна, але гэтым і абмяжоўваўся мой культурны рост».

Крапіва-падлетак быў вельмі амбіцыёзным і адначасова прагным да навукі. Акурат дзве гэтыя рысы характару паспрыялі таму, што, правучыўшыся два гады ў Стоўбцах, ён вырашыў памяняць навучальную ўстанову. Як пазней сам успамінаў, з прычыны беднасці бібліятэкі Стаўбцоўскага вучылішча ён не меў магчымасці спатоліць прагу да навукі. Але неяк празнаў, што аднатыпнае вучылішча ў Койданаве (сучасны Дзяржынск) мае значна багацейшы кнігазбор. Гэта акалічнасць і стала галоўным козырам у яго выбары новага месца вучобы: за год да заканчэння тэрміну навучання ў Стоўбцах К. Крапіва адважыўся на перавод у Койданава. Трапіўшы там у больш спрыяльныя для самаадукацыі і творчага выяўлення ўмовы, ён і сам пачаў практыкавацца ў вершаскладанні. Праўда, першыя спробы былі няўдалымі – рэдакцыя часопіса «Жизнь для всех», што выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу і куды адаслаў свой верш, адмовіла ў яго публікацыі як маламастацкага. Таму ўсё, што ён пісаў у той час, прызначалася толькі для сяброў ці так званага хатняга ўжытку.

Знаёмства з Якубам Коласам

І ўсё ж Стоўбцы пакінулі ў жыццяпісе пісьменніка яркі след – тут ён упершыню, праўда, завочна, пазнаёміўся са славутым нашым земляком Якубам Коласам. «Першае маё знаёмства з Якубам Коласам, праўдзівей, не з самім Канстанцінам Міхайлавічам, а з яго творам, адбылося ні то ў 1910, ні то ў 1911 годзе, – дзяліўся ўражаннямі ад гэтай «сустрэчы» ў сваіх успамінах пра народнага песняра К. Крапіва. – Я тады вучыўся ў чатырохкласным гарадскім вучылішчы ў мястэчку Стоўбцы. Гэта быў верш «Плытнікі». І прачытаў, праўдзівей, не прачытаў, а расказаў яго брат Якуба Коласа Іосіф Міхайлавіч Міцкевіч, які таксама тады вучыўся разам са мной у Стоўбцах… Усё, што апісана ў вершы, мне было надзвычай блізка, знаёма… І мне дзіўна было, што гэта ўсё ўкладваецца так хораша ў вершаваныя радкі, напісаныя простай беларускай мовай».

Пазней К. Крапіва неаднойчы сустракаўся з Якубам Коласам, сябраваў з ім і называў яго «старэйшым сябрам і настаўнікам». Пісьменнік уваходзіў ва ўрадавую камісію, створаную пасля смерці песняра для збору і падрыхтоўкі да публікацыі яго творчай спадчыны. Неаднаразова наведваў ён і Коласаў родны кут на Стаўбцоўшчыне. Бываў там як у складзе афіцыйных дэлегацый на святкаванні юбілейных угодкаў з дня нараджэння народнага паэта, так і ў пісьменніцкай кагорце падчас шматлікіх сустрэч з чытачамі. Прыязджаў ён у госці і да свайго школьнага таварыша Іосіфа Міцкевіча – знакамітага дзядзькі Юзіка, які жыў і працаваў у мемарыяльнай сядзібе музея песняра ў Смольні.

Грамадская дзейнасць

Не абыходзіў К. Крапіва Стаўбцоўшчыну і ў сваёй грамадскай дзейнасці. У нашым раёне ён неаднаразова вылучаўся дэпутатам вышэйшай заканадаўчай улады БССР. Прынамсі, у 1965 годзе падчас выбараў у Вярхоўны Савет Беларускай ССР 17-га склікання пісьменнік балаціраваўся ў дэпутаты па Ператоцкай выбарчай акрузе № 210, у яго адбываліся сустрэчы з выбаршчыкамі ў Ператоках, Новым Свержані, Стоўбцах і ў некаторых іншых населеных пунктах.

Стаўбцоўскія матывы – і ў літаратурнай спадчыне

Адметна, што пэўныя стаўбцоўскія матывы можна адшукаць і ў літаратурнай спадчыне К. Крапівы. І найперш – у байцы «Пажар». Упершыню яна была надрукавана ў ліпеньскім нумары часопіса «Узвышша» за 1928 год. Тэматычна твор «прывязаны» да зусім не жартоўнай падзеі, што адбылася за больш як дваццаць гадоў да гэтага ў Стоўбцах. 22 мая 1907 года ў горадзе здарыўся страшэнны пажар, пра які газета «Наша ніва» ў нумары за 1 чэрвеня таго ж года паведамляла наступнае: «Мястэчка Стоўпцы Мінскага павета стала ахвярай агню. Пажар пачаўся 22 мая ў доме начальніка пажарнай каманды Мальбіны. Гуляў страшэнны віхар. Агонь хутка шырыўся па стрэхах драўляных дамоў. Адразу па пачатку пажару не хапіла вады. Пажарная каманда пабудавала для сябе за земскія грошы вялікі дом, а не паклапацілася аб тым, каб было ў дастатку вады і каб былі помпы для забору вады з Нёману, які цячэ пад бокам. На вуліцах пачаліся плач і енкі такія, што цяжка апісаць. Па тэлефоне папрасілі, каб прыслалі пажарныя каманды з Мінску і Міра, але яны прыехалі тады, калі не было ўжо чаго тушыць. Згарэла да 500 дамоў. Ад вялікага мястэчка засталіся толькі папялішчы. Ацалела царква, шпіталь і некалькі дамоў, а з усяго астатняга – толькі тырчаць коміны, ляжаць горы попелу і папялішчы. Становішча пагарэльцаў – страшэннае. Усе яны з жонкамі і дзецьмі размясціліся ў полі пад адкрытым небам і чакаюць дапамогі…»

Мемарыяльная шыльда

Кандрат Крапіва апынуўся ў Стоўбцах больш як праз два гады пасля гэтага здарэння. Па ўсім відаць, вынікі вогненнай стыхіі былі тады яшчэ навідавоку. Гарадское вучылішча, у якое паступіў будучы народны пісьменнік, ад агню не пацярпела, бо знаходзілася наводшыбе, побач з уцалелым шпіталем (былой бальніцай на сучаснай вуліцы імя Багінскага). За польскім часам на тым месцы быў узведзены будынак гімназіі, якой было прысвоена імя Тадэвуша Галуўкі. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Беларускай ССР пераемніцай польскай гімназіі стала сярэдняя школа №1 г. Стоўбцы, якая ў сваю чаргу ў пачатку 2000-х гадоў была рэарганізавана ў гімназію. У 2005 годзе падчас правядзення літаратурна-мастацкага свята «Каласавіны» на будынку гімназіі № 1 г. Стоўбцы была ўстаноўлена мемарыяльная шыльда, якая нагадвае, што ў 1909 – 1911 гадах у Стаўпецкім гарадскім чатырохкласным вучылішчы навучаўся будучы народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва. Ініцыятарам адкрыцця гэтай памятнай дошкі быў тагачасны начальнік аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама Грэкаў Анатоль Васільевіч, а ажыццявіць пачэсную задуму яму дапамагаў тадышні дырэктар гімназіі Курак Васіль Антонавіч.

Сяргей Галоўка, аглядальнік часопіса «Беларуская думка»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *