Амаль паўстагоддзя ўзначальвае таварыства заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Вольга Луцык. На працягу ўсяго гэтага часу гаспадарка была і застаецца адной з эканамічна моцных у раёне. Працоўныя заслугі Вольгі Аляксееўны адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. І не толькі. За сваю благачынную дзейнасць яна атрымала медаль прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Вольга Луцык – прызнаны ў раёне і за яго межамі кіраўнік, з валявым характарам, якая на розных узроўнях умее сказаць важкае слова, да якога прыслухоўваюцца, і адстаяць сваю пазіцыю. Але ў першую чаргу яна – жанчына, заўсёды была і застаецца прывабнай, элегантнай і энергічнай. Вольга Аляксееўна сцвердзілася ў жыцці не толькі як кіраўнік, але і як маці, бабуля і прабабуля.

У калектыве ААТ «Вялікі Двор» амаль палова працаўнікоў – жанчыны. Пераважная большасць з іх занята ў жывёлагадоўчай галіне. Дзякуючы штодзённай напружанай працы руплівіц гаспадарка мае высокі рэйтынг у мясной і малочнай галінах.
Комплекс «Вялікі Двор» – адно з лепшых у рэспубліцы сярод аналагічных вытворчых падраздзяленняў. У многім дзякуючы нялёгкай працы жаночай паловы калектыву. Яны сапраўдныя гаспадыні. Усё ўмеюць і ўсюды паспяваюць. І пры гэтым атрымліваюць дастойную заработную плату.

У адміністрацыйным будынку побач з вопытнымі рупяцца і маладыя спецыялісты, якія выдатна спраўляюцца з пастаўленымі перад імі задачамі. З веданнем справы шчыруюць работнікі ў дыспетчарскай і на складах.

На рабоце ці дома ўсё трымаецца менавіта на плячах каханых, мілых і ласкавых, але такіх моцных духам прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. І жанчыны «Вялікага Двара» не выключэнне. Няма такіх задач, з якімі б яны не справіліся.

Свята 8 Сакавіка – дзень захаплення жанчынамі. Не толькі іх прыгажосцю, але і іх працавітасцю, адданасцю сям’і. У таварыстве шчыруюць сямнаццаць шматдзетных мам, якія маюць трох і больш дзяцей.